Аб правядзенні грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі па рэканструкцыі Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага абвясціла адміністрацыя Партызанскага раёна сталіцы, паведамляе «Зялёны партал».
Канцэпцыя, у прыватнасці, прадугледжвае аднаўленне некаторых згубленых гістарычных ландшафтных кампазіцый парку і змяненне функцый некаторых існуючых участкаў.
У парку прапануецца знесці кавярню «Бухта марака» на аднайменным возеры, адзначаецца, што будынак струхлеў і знаходзяцца ў аварыйным стане. На месцы кафэ і размешчанага побач з ім будынка прапануецца ўзвесці пляцоўку з вулічнымі трэнажорамі.
А побач на возеры абсталяваць зону «ціхага адпачынку» — са спускам да вады і драўлянымі памостамі. Водную роўнядзь плануецца азеляніць.
Рэканструкцыю чакае размешчаны ў парку дом Дзеда Мароза. Атракцыён «Энтэрпрайз», які працуе ў Парку Горкага, дэмантуюць, а схіл, на якім ён размешчаны, адновяць.
Паблізу вуліцы Першамайскай, прапануецца пабудаваць дзіцячую пляцоўку з пясочніцай і драўляным гульнявым комплексам з вераўчанымі лесвіцамі для дзяцей.
Замест існуючых кіёскаў на цэнтральных алеях парку абсталююць гандлёвыя кропкі ў выглядзе нестацыянарных будынкаў з падключэннем да электрасетак.
Абмеркаванне працягнецца да 14 ліпеня. Свае заўвагі і прапановы можна адпраўляць па электроннай пошце ў аддзел па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Партызанскага раёна (part.arht@minsk.gov.by) з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» або пісьмова па адрасе: 220 088, горад Мінск, вуліца Захарава, 53, кабінет 315.