Беларускі гурт Relikt працуе над сваім дзявятым студыйным альбомам. Гэтай восенню музыкі выпусцяць новую кружэлку, але ўжо зараз слухачы могуць ацаніць сінгл «Сцізорык» — мастацкую загадку, гукавае падарожжа ў часе і прасторы.
«Сцізорык» — гэта магутная і шчырая кампазіцыя, што даследуе тэмы ўнутранай барацьбы і свабоды, перадаючы іх праз унікальнае гучанне і эмацыйны вакал.
Разам з сінглам выходзіць відэа, даступнае на платформе Instagram. Слухаць сінгл на стрымінгах можна па спасылцы.
Герой Адама Міцкевіча і ягоны двайнік-спадкаемца пражываюць падобныя эмоцыі і падзеі ў розных эпохах і кантэкстах. Музыкі прапануюць слухачам заглыбіцца ў атмасферу і роздумы разам з імі, шукаючы новыя адказы на адвечныя пытанні чалавецтва.
У дадатак да новага лірычна-наратыўнага аблічча Relikt пашырае свае музычныя межы: эксперыментуе з новымі інструментамі, гарманічнымі ходамі і аранжыроўкамі. Нязменнай застаецца толькі сутнасць гурта — самабытны рок, што мацуе беларускае культурнае карэнне.
Пры гэтым упершыню за доўгі час у альбоме не будзе інтэрпрэтацый народных песень — ён будзе складацца цалкам з аўтарскіх кампазіцый.
Вясной Relikt адпраўляецца ў еўрапейскі тур у падтрымку сінгла. Выступы гурта адбудуцца ў гарадах Польшчы, Літвы, Германіі і Нідэрландаў. Музыкі прадставяць публіцы як новы матэрыял, так і правераныя часам хіты з папярэдніх альбомаў.
Тур распачнецца ў сакавіку з Беластока і ахопіць Вільнюс, Кракаў, Уроцлаў, Варшаву, Лодзь, Познань, Гданьск, Берлін і Ротэрдам. Квіткі тут.
Relikt — беларускі гурт, які спалучае мінулае і сучаснасць, паказваючы культурную спадчыну ў нязвыклым выглядзе і робячы яе актуальнай для слухачоў, якія шукаюць нешта новае ў музыцы. Зараз каманда базуецца ў Варшаве.
У дыскаграфіі гурта — 8 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD, 13 відэакліпаў, музыка да фільма «У агні народжаная», а таксама гімн футбольнага клуба «Крумкачы». Relikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі: гран-пры фестывалю Jesien Bardów, гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый фестывалю Rockowisko Hajnowka, а таксама ўзнагароды «Альбом года», «Лепшы рок-альбом», «Артыст года» і шмат іншых. Гурт неаднаразова выступаў ва Украіне і Літве.