Фота: архіў Алеся Дземідзенкі
Алесь Дземідзенка — беларускі музыка, бубнач гурта Relikt і проста харошы чалавек — адмыслова для budzma.org падзяліўся ўласным «топам» улюбёных беларускіх песень. Атрымаўся не проста «топ» трэкаў, але невялічкі экскурс у часы рок-клубаў, кіраўнікі якіх выхавалі не адно пакаленне музыкаў, сырых касетных запісаў, «Музыкалкі», нефармалаў, тусовак пад гітару і шматлікіх іншых блізкіх момантаў канца мінулага стагоддзя.
У наш няпросты час прапануем узгадаць, што настальгія — выдатны лек ад трывогі і разам з Алесем усім датычным і неабыякавым да гісторыі беларускага андэграўнду праз некалькі песень вярнуцца да таго цікавага перыяду.
Фота: архіў Алеся Дземідзенкі
А. Дз.: Хачу прапанаваць свой топ беларускіх песень, які быў значны для мяне на зломе 1999/2000 году, тыя песні, з якімі я ўваходзіў у новае стагоддзе.
Самы першы беларускі метал, які я пачуў. Гэта альбом мяне вельмі моцна ўразіў — настроем, аранжыроўкай, беларускай мовай, дзвюма бас-бочкамі і спевамі Алеся Таболіча. Я тады жыў у Светлагорску і хадзіў у 6 ці 7 клас — і мне вельмі спадабалася тая музыка — яна гучала вельмі па-сырому, не перапрадусавана. Асабліва ўразіла песня «Ой дымна за дваром» з яе сумным тэкстам. У той час я граў на бас-гітары і спрабаваў падабраць тыя партыі, там бас вельмі цікава спалучаўся с гітарай.
Мой брат ведаў, што я вельмі захапляўся гранжам і шукаў любыя гурты, якія гралі ў гэтым стылі. Ён прывёз мне з Мінска жоўтую касету — «Grunge?!» гурта Happy Face. Я быў вельмі шчаслівы, што ў Беларусі таксама ёсць аднадумцы, тым больш што «паспяховыя старшыя таварышы», якія актыўна выступалі, пра іх пісалі ў «Музычнай газеце», яны выпускалі альбомы на касетах. Гэта вельмі натхняла — было ў каго павучыцца, а таксама здавалася, што можна займець нейкі поспех у любімай музыцы. Чамусьці песня «1993» мне падавалася самая гранджовая з усіх песень усіх гуртоў, якія я ведаў — квінтэсэнцыя жанру.
Фота: архіў Алеся Дземідзенкі
Раней было вельмі папулярна спяваць песні пад гітару на тусоўках. Летам 2000 года наша нефармальная тусоўка вельмі любіла спяваць у Светлагорску песні N.R.M. з акустычнага канцэрту. Мая любімая была песня «Нацыя» — вельмі люблю адтуль партыю сола-гітары Піта Паўлава, якая стварае напружанасць і асаблівы настрой песні.
Слухаць трэк
Мой аднакласнік падарыў гэтую касету мне на народзіны ў годзе 96/97 — на той момант усе слухалі ЛТ, а на маё школьнае вуха песня «Ранетое сердце» не ўспрымалася як «сцёб з папсы і г. д.» — а як сапраўдная драматычная гісторыя, над варыянтамі развіцця якой мы шмат думалі з сябрамі. Асабліва любіў гітары ва ўступе і вакал Міхалка — максімальна эмацыянальны і душэўны, з сіпатцой і хрыпатцой, са зрывам на канцах фразаў.
Фота: архіў Алеся Дземідзенкі
5. А завяршыць топ я хацеў бы не песняй і не гуртом — а моладзевай арганізацыяй Светлагорскі Рок-клуб з кіраўніком Уладзімірам Іванавічам Нікольчанкам і гуртамі Samoom, Органы Сна, The Toys і шмат яшчэ якіх. Гэта было культавае месца, куды мы хадзілі амаль кожны дзень падчас 1999/2000 паслухаць, як граюць дарослыя гурты. Гэта былі самыя моцныя ўражанні для мяне, пэўна яны і стварылі мяне як музыку. На жаль, у тым выглядзе Рок-клуб перастаў існаваць на пачатку 2000-х, але пакінуў пасля сябе яркія ўспаміны.
Нагадаем, што нядаўна ў гурта Relikt выйшаў новы альбом