Чаму ваўкі не чытаюць газет? — рытарычна запытваў калісьці Рыгор Барадулін. У нас жа наспела больш складанае пытанне: чаму беларускія артысты такія малавядомыя? Спрабуем выправіць гэтую сітуацыю ў аўтарскай рубрыцы «Гітара Мулявіна» на Budzma.org, дзе проста і з густам распавядаем пра беларускую музыку і ўсё, што з ёй звязана. Цісні спасылку і глядзі, што дакладна варта мець у сваім плэйлісце!
Песня — адбітак сучаснай рэчаіснасці
У мінулым месяцы свой кліп разам з песняй прэзентаваў рэпер Вектар, якога я ўзгадваў у папярэднім выпуску. І калі сам сінгл мне зайшоў не вельмі, то відэа атрымалася дастаткова стылёвым. У гэтым месяцы традыцыю падтрымліваць песні кліпам узяў на сябе дуэт NOCHY.
Абсалютна не важна, што сама песня «Па шчоках» з іх восеньскага альбома «Ціхі акіян», галоўнае тут — візуал! Адмыслова зроблены ў чорна-белай гаме, каб яшчэ больш згусціць фарбы і перадаць агульны настрой трэка: пакутлівы і слёзны. Вобраз маці тут асацыюецца не толькі з кожнай мамай, якая перажывае за сваіх дзяцей. Думайце больш глабальна! Міфалагічная мысленне прадстаўляе маці як маці прыроды і ўсяго жывога, якая стамілася ад гора і плача па сваіх дзецях, што абралі бясконцую спрэчку, замест таго, каб жыць у любові, згодзе і каханні.
Песня — адбітак сучаснай рэчаіснасці разам з відэашэрагам стварае агульны вайб болю, які мной як слухачом успрыняўся настолькі блізка, што сэрца міжволі ёкнула. Самы час прыняць таблетку, а вы пакуль гляньце кліп і адчуйце ўсё самі.
Фонк па-беларуску? Дайце два!
Беластоцкі дуэт у асобах саўндпрадзюсара Swada і спявачкі Niczos выдаў бамбічны сінгл «Vysoko Letaju». Народныя спевы, рэп, электроншчына — вось тры кіты, на якіх стаіць творчасць гэтых таленавітых мешканцаў Падляшша.
Пра адзін з мінулых рэлізаў Нікі (сапраўднае імя артысткі Niczos) я ўжо пісаў напрыканцы мінулага года. Адметнасць яе творчасці ў тым, што мова песень — гэта тая ж беларуская, толькі ў падляшскай гаворцы. Зачароўвае, праўда?
Новую песню не пакінулі без візуала, бо ў дзень рэліза артысты выкацілі кліп, які быў зняты падчас выступу на фестывалі беларускай культуры і музыкі «Варушняк» у Варшаве. Файны фонк, з гіпнатызуючым хукам і крыху псіхадэлічным візуалам — тое, чаго часам так не хапае з усіх бакоў правільнай беларускай музыцы.
Бадзёра збіраемся на вёску
Песня-капуснік, настрой у якой нібы сабраны па фрагментах са старых песень «Ляпісаў», але на новы лад.
Гэта выканаўца пад нікнэймам Kubaverde з сінглам з загадкавай назвай «Куль». І гэта не пра жменю куляў для кулямёта, а ўсяго толькі пра родныя мясціны — вёску Куль, што ў Стаўбцоўскім раёне. У кароценькім трэку, хлопец у іранічнай манеры паспявае распавесці нам і пра бабулю з дзядулем, і пра ровар, і нават пра свой драны заплечнік, аднак лейтматывам тут застаецца адно — ён едзе ў Куль.
Кампазіцыя, калі яе можна так пафасна і сур’ёзна назваць, створана пад просценькі і мінімалістычны рэп-біт, у якім нават не чутна моцнага басу, які па ўсіх канонах павінен быць тут.
Добры трэк, каб пасмяяцца з сябрамі пад куфаль піва, але будзьце асцярожныя, бо прыпеў сапраўды можа засесці ў галаве, і тады ад падарожжа ў Куль вас не ўратуе абсалютна нічога.
Хатні Томпсан, Budzma.org