У гэтым годзе плануецца пачатак работ па рэстаўрацыі 100-гадовага каталіцкага храма ў Рагачове.
Нядаўна з Міністэрства архітэктуры прыйшоў дазвол на аднаўленне храма згодна з праектам, і пасля доўгіх гадоў прастою, у гэтым годзе, нарэшце, пачнуцца рэстаўрацыйныя працы. Фінансаваць іх будуць толькі на ахвяраванні вернікаў, з боку дзяржавы канкрэтных абяцанняў па грашовай дапамозе ў аднаўленні помніка архітэктуры няма.
Храм ўжо адзначыў свой 100-гадовы юбілей – ён быў асвечаны 6 жніўня 1912 года. А пабудаваў цагляны касцёл на месцы былога драўлянага тагачасны настаяцель айцец Бернатовіч. Сродкі на гэтую справу ахвяравалі чальцы Дзяржаўнага Савета і самі вернікі. Касцёл дзейнічаў да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, затым у ім быў размешчаны зернясклад, потым цэх па вытворчасці напояў і марожанага. У 1940 годзе адбыўся пажар, згарэў дах і драўляныя канструкцыі. Чорную справу давяршыла вайна: падчас вызвалення Рагачова ад фашыстаў у храм трапіла некалькі снарадаў. Пасля Перамогі ў касцёле дзяжурыў пажарны пост, затым працаваў хлебазавод. У 70-х гадах будынак зноў пачаў пуставаць. З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» мясцовыя краязнаўцы паспрабавалі ўзняць пытанне аб рэстаўрацыі храма, але беспаспяхова. У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай парафіі. А праца па рэстаўрацыі нарэшце пачалася ў 2003 годзе.
Таксама ў гэтым годзе плануецца завяршэнне будаўніцтва новага каталіцкага храма Святога Казіміра ў Жлобіне.