У Варшаве адбудзецца рэтраспектыва фільмаў беларускага рэжысёра-дакументаліста Андрэя Куцілы

«Чатыры аповесці пра чалавека» — пад такой назвай у Варшаве пройдзе рэтраспектыва кароткаметражных фільмаў Андрэя Куцілы — беларускага рэжысёра-дакументаліста, лаўрэата міжнародных фестываляў, піша reform.news.

Andrej Kucila
Андрэй Куціла на Загрэбскім кінафестывалі

Паказ чатырох стужак адбудзецца ў клубе беларускага кіно «Кінакола».

У межах невялікай рэтраспектывы (бо ў Андрэя Куцілы значна больш кінакарцін) будуць паказаны працы дакументаліста розных гадоў: «Фокусная адлегласць» (2008), «Сваё месца» (2015), «Мімаходдзе» (2016) і «Мне трэба поціскаў» (2020).

«Гэта чатыры гісторыі пра боль і радасць, мінулае і сённяшнее, адзіноту і любоў. Інтымныя дакументальныя аповесці пра «простага» чалавека са сваім унутраным сусветам», — анансуе праграму кіраўнік «Кінакола» Мікалай Рамановіч (Лаўрынюк).

Абраныя стужкі з’яўляюцца дыпламантамі і лаўрэатамі міжнародных кінафестываляў. Да прыкладу, «Мне трэба поціскаў» атрымаў Гран-пры на Кралеўскім кінафестывалі ў Сербіі, быў прызнаны «Найлепшым дакументальным фільмам» на фестываль еўрапейскага кіно Integration You and Me ў Польшчы. «Сваё месца» ўзяў Гран-пры на 21-м міжнародным фэстывалі Local Televisions Golden Beggar у 2015 годзе ў Кошыцэ (Славаччына).

У падборцы ёсць і дасціпная і адначасова сумная стужка «Мімаходдзе» — пра прыватны музей вучонага Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Акадэмік збіраў жывапіс, графіку, медальернае мастацтва, скульптуру па тэме нацыяльнага Адраджэння, гісторыі Беларусі. У акутальным кантэксце гэта карціна набывае дадатковае прачытанне.

Не забудзе глядач пасля прагляду і кранальную, незвычайную стужку «Мне трэба поціскаў» — пра малавядомую творцу ў палоне хваробы.

Андрэй Куціла — беларускі рэжысёр-дакументаліст з Баранавічаў, аўтар дакументальных стужак «Summa», «Стрыптыз і вайна», «Калі кветкі не маўчаць», «Госці», «Цар гары», «Днюка», лаўрэат шматлікіх міжнародных кінафестываляў, заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Зараз жыве ў Лодзі.

Паказ праграмы «Чатыры аповесці пра чалавека» адбузецца 25 чэрвеня а 19.00 у Беларускім моладзевым хабе.

На сустрэчу, на якой будзе прысутнічаць рэжысёр, патрабуецца рэгістрацыя.