Пра беларусаў часьцяком жартуюць: маўляў, у нас усяго па два! Бела-чырвона-белы і чырвона-зялёны сьцягі, герб «Пагоня» і «Капуста» (альбо «Заход сонца над балотам»), вытокі дзяржаўнасьці — у ВКЛ альбо ў БССР, Менск і Мінск, два прэзыдэнты (абраная й самаабвешчаны), дзьве дзяржаўныя мовы і г.д. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік паглыбляецца ў вытокі гэтага дуалізму — беларускую нацыянальную ідэю. Дакладней, дзьве беларускія нацыянальныя ідэі.
Надпіс «Жыве [Беларусь!]» на сьнезе ў Менску, студзень 2021 г.
Дазвольце пачаць з цытаты.
«Паўнавартаснае жыцьцё любога народа не ўяўляецца без глыбокага асэнсаваньня ім важнасьці сваёй нацыянальнай ідэі. Ступень яе распрацаванасьці, навуковасьці можа быць самай рознай, але, нягледзячы на ўсё гэта, яна (ідэя) так ці інакш узьдзейнічае на лёс грамадзтва. Натуральна, найбольшую ролю нацыянальная ідэя адыгрывае тады, калі праўдзіва ўлічвае карэнныя інтарэсы народа, у належнай ступені даступныя яго разуменьню. Пасьлядоўная рэалізацыя нацыянальнай ідэі павінна гарантаваць народу найперш поўны дзяржаўны сувэрэнітэт, дынамічнае эканамічнае разьвіцьцё як галоўную ўмову матэрыяльнага дабрабыту, захаваньне, узбагачэньне прыроднага патэнцыялу духоўнага жыцьця».
Гэта першы абзац, зь якога пачынаецца кніга Леніда Лыча «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычныя і практычныя аспэкты». Вядомы прафэсар, доктар гістарычных навук і нястомны абаронца беларускае мовы, культуры й незалежнасьці нашае краіны яшчэ ў 1995-м годзе біў у набат з-за праведзенага тады ў нашай краіне рэфэрэндуму, у выніку якога, у прыватнасьці, расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай.
Дарэчы, вось вам нядаўняя цытата ініцыятара таго сумнавядомага рэфэрэндуму:
«Дай Божа, каб мы, нарэшце, народу дакладна сказалі ня толькі, што такое ідэалёгія, а як мы заўсёды кажам: вось напрацаваць бы нам такую нацыянальную ідэю, якая б магла захапіць душы і сэрцы, розум людзей. Можа, яна і ёсьць. Некаторыя кажуць — «патрыятызм», яшчэ нешта. Але я не адчуваю, што ёсьць такая ідэя. Калі мы яе напрацуем (а гэта павінна быць вельмі важнай для нас мэтай, якая захопіць усё — ад сэрца да розуму чалавека) — гэта вяршыня».
З фасаду Дому ўраду здымаюць «Пагоню», 23 траўня 1995 г.
Вы ўжо даруйце, што сёньня шмат цытую. Але насамрэч пра беларускую нацыянальную ідэю толькі за апошнія гады ўжо столькі сказана й напісана, што застаецца, бадай, адно цытаваць.
Зрэшты, Лукашэнка й сам калісьці прызнаваўся, што кніг не чытае: маўляў, часу няма, а таму тыя кнігі ён толькі гартае.
А таму й не разумее галоўнага: вось так вось сесьці і прыдумаць нацыянальную ідэю — папросту немагчыма. І пагатоў немагчыма зрабіць гэта для народу, якому ты па-сутнасьці адмаўляеш у праве на існаваньне.
То ўсхваляеш і ставіш у прыклад Гітлера, які зьнішчаў беларусаў і палітыку якога ты называеш для сябе прыкладам, то называеш беларусаў «русскими со знаком качества» — усё, што заўгодна, абы не пакінуць права беларусам быць папросту беларусамі. Жыць на сваёй зямлі гаспадарамі — і роднага Краю, і ўласнага лёсу. Шанаваць і развіваць тое, што, урэшце, і робіць нас беларусамі — нашыя мову і культуру.
Урэшце, ня пхаць Беларусь у Расею, на непрыманьні панаваньня нашым Краем якой, уласна, і пачала фармавацца беларуская нацыянальная ідэя яшчэ на зломе XVIII i XIX стагодзьдзяў. І якая дасягнула сваёй дасканаласьці ў форме знакамітага паролю паўстанцаў Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
— То ўзаемна!
Працэсія ўдзельнікаў перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў. Вільня, 22 лістапада 2019 г. Фота Андрэя Шаўлюгі
Дык што ж змушае чалавека, які цягам ужо больш як трыццаці гадоў робіць раўнюсенька тое, што пярэчыць нашай нацыянальнай ідэі, гаварыць пра яе сёньня? Што, акрамя банальнага падхалімажу, падштурхоўвае да падхопліваньня гэтае тэмы і адданых «рускамірцаў» накшталт Гігіна? Няўжо ў гэтых беларусафобах раптоўна прачнулася сумленьне й любоў да роднага краю?
Вядома ж, не.
Папросту адзіная сапраўды вялікая частка беларусаў, здольная на супольныя, у тым ліку самаахвярныя дзеяньні — тая, што задзіночаная любоўю да Беларусі, яе гісторыі, культуры, мовы. Ты любіш Беларусь, і я люблю Беларусь — гэтага ўжо дастаткова, каб мы маглі міжсобку дамовіцца й дзейнічаць талакою.
У адваротным жа выпадку — што нас з табою наагул можа задзіночваць? Кожны сам жыве сваё ўласнае жыцьцё. Няма нічога, што можа абавязваць альбо натхняць выйсьці па-за межы ўласных інтарэсаў, уласнага камфорту. Ну, і як тады гэткім атамізаваным грамадзтвам кіраваць? Калі замест маналітных і адзіных у сваім парыве шыхтоў — кожны сам па сабе, то якую ж дыктатуру на гэтым пяску замест скалы ты пабудуеш, праўда? Усе ж папросту разыдуцца па хатах, альбо і горш за тое — разьедуцца па замежжах!
Беларускі памежны слуп. Фота Kacper Pempel/Reuters
Страх. Застаецца адно страх: калі ня будзеш слухацца й выконваць усе мае загады — я цябе пакараю! Менавіта таму рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі й не спыняюцца, хоць усе грамадзкія і палітычныя апазыцыйныя арганізацыі і ініцыятывы даўно зьнішчаныя, загнаныя ў глыбокае падпольле альбо выштурхнутыя за мяжу. Менавіта таму прапаганда дыктатара, пырскаючы сьлінаю, нон-стоп выкрывае розныя тэрарыстычныя змовы й палохае беларусаў цяжкім жыцьцём у эміграцыі.
«Бойцеся!» — вось і ўся «нацыянальная ідэя», якую здольны прапанаваць беларусам рэжым.
Паміж любоўю і страхам вы асабіста што выбіраеце?
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Валера Руселік, Budzma.org