Каардынатар ініцыятывы Razam Kunst, рэжысёр Зміцер Чарткоў распавёў у інтэрв’ю budzma.org, як у Жодзіна міліцыі прыходзілася адпільваць яго ад дрэва, чаму перформанс беларусаў у Польшчы скончыўся крымінальнымі тэрмінамі і з якімі цяжкасцямі сутыкаюццца нашы творцы ў Берліне.
Зміцер Чарткоў
— Зміцер, распавядзіце пра свой жодзінскі перыяд жыцця. Ведаю, што вы працавалі акторам у мясцовым аматарскім тэатры, былі кіраўніком мясцовай філіі «Маладой Грамады» і лідарам экалагічнай арганізацыі «Экаскоп».
— Ай лав ю, Жодзіна. Тады за актыўнасць яшчэ не адпраўлялі ў мясцовае СІЗА. Я належу да таго пакалення, якое пабачыла развал Саюза, наступленне свабоды і яе задушэнне. Кантактаваць прыходзілася з усімі — і свядомымі хлопцамі, і з цяжкімі падлеткамі. Жодзіна — гэта спальнікі і прамысловасць. Атрымліваеш на вуліцы па мордзе і ідзеш далей. Мы былі бунтоўнай моладдзю, якая была супраць і жадала чагосьці іншага. А горад жа маленькі, усе ў курсе тваіх справаў: ад школьных настаўнікаў — да міліцыі і гарвыканкама.
Адна з самых вядомых нашых акцый — пратэст супраць вырубкі дрэваў. Я пераапрануўся ў манаха і папрасіў прыкаваць мяне ланцугамі да дрэва. Так прасядзеў больш за содні. Міліцыя едзіла і не ведала, што са мною рабіць. А гэта ж жылы квартал ля шашы Мінск — Масква, людзі ходзяць на працу, з працы, а тут нейкі манах сядзіць пад дрэвам, а вакол яго актывісты... Урэшце мясцоваму намесніку кіраўніка, маёру міліцыі Гарошку прыйшлося прыехаць і адпіліць мяне ад дрэва.
— У 2005-м вы з паплечнікамі правялі галадоўку.
— Было такое. Першы раз я ўдзельнічаў у галадоўцы трошкі раней, калі далучыўся да галадоўкі, якую ініцыявала група «Рэспубліка» з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на чале з генералам Фраловым. Але тады атрымалася паўдзельнічаць толькі часткова, пасля майго далучэння галадоўку хутка завяршылі.
І вось надышоў 2005 год, калі мы пабачылі, што з навучальных установаў за грамадзянскую пазіцыю выключылі 8 нашых паплечнікаў, у тым ліку двух непаўнагадовых юнакоў — за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху». Мяне незадоўга да гэтага выключылі з Акадэміі мастацтваў. Гэта было ўжо не пра палітыку, а пра тое, што моладзь пазбаўляюць перспектываў. Мы зразумелі, што пратэсты ні да чаго не прывядуць, таму вырашылі абвесціць галадоўку.
Трымалі яе дванаццаць дзён. Спачатку энергіі на інтэрв’ю, сустрэчы, размовы хапала, але на шосты дзень стомленасць была халерная, было вельмі цяжка сустракацца з кімсьці, а прыязджалі палітыкі з Мінска, прадстаўнікі АБСЕ, праваабаронцы. На дзясяты дзень мы былі як зомбі. Прыязджалі «хуткія», пастаянна кантралявалі наш стан.
На той момант інтэрнэт не быў так развіты, як сёння, таму інфармацыйнай падтрымкі не хапала. Гарадскія ўлады выбралі тактыку нас увогуле «не заўважаць»: пра нас не казалі ні добра, ні кепска.
Толькі калі непаўнагадовага Сяргея Мурашку забралі з галадоўкі ў шпіталь, пайшлі зрухі. У выніку яго вярнулі на вучобу ў палітэхнікуме. Таму я лічу, што невялічкая перамога была за намі.
— Калі вы пакінулі Жодзіна?
— У 2006-м. Я тады дапамагаў дэмакратычным сілам арганізоўваць прэзідэнцкую кампанію, мяне арыштавалі яшчэ да выбараў. Пасля «Плошчы» з навучальных установаў выключылі вялікую колькасць моладзі, таму запусцілі праграму Каліноўскага, стыпендыяльную праграму ў Польшчы для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Я паехаў па ёй і скончыў у Польшчы тэатральную рэжысуру.
Пасля прыязджаў у Беларусь у 2010 годзе, далучыўся ў якасці кансультанта да каманды Міколы Статкевіча, які стаў кандыдатам у прэзідэнты. Дапамагаў з відэаролікамі і яму, і Дзмітрыю Усу.
Падчас Плошчы (а планаў па захопе Дома ўрада тады, паверце, ні ў кога не было) мне пашчасціла выйсці адтуль незатрыманым. Затым валанцёрыў ля Жодзінскага СІЗА, дапамагаў з перадачамі затрыманым, міліцыянеры гэта пабачылі і выклікалі на допыт. А Сяргей Марцалеў, прэс-сакратар спадара Статкевіча, ужо сядзеў у «амерыканцы». Ну і ўсё, я выключыў тэлефон і з’ехаў праз Гомель і Бранск ва Украіну, адтуль у Польшчу.
Жыў там, пасля пераехаў у Нямеччыну. Працаваў у асноўным з тэатрам і рухаўся ў бок перформансу, інсталяцый, відэаарту. На сёння больш займаюся арганізацыяй культурных імпрэзаў.
— У 2017-м вы сталі адным з удзельнікаў перформанса ў Асвенцыме, у якога была пацыфісцкая мэта — паказаць, што гісторыя канцлагера людзей нічому не навучыла. Але польскія ўлады не ацанілі задумкі і вынеслі крымінальныя прысуды. Арганізатары перформанса Мікіта Валадзько і Адам Бяляцкі атрымалі больш за год турмы...
Фота: Marcin Makowski
— Не, у канцы суда Мікіту далі 8 меясцаў турмы, а Адаму — год. Ім далі такія тэрміны за здзек з жывёлы — зарэзалі ж барана. Што я магу сказаць: гэта спецыфічны момант майго лёсу. Хаця я думаў, што разумею, куды еду, чаму распранаюся там і што такім чынам хачу выказаць. Але я, як і астатняя частка групы, нічога не ведаў пра планы Мікіты і Адама зарэзаць барана. Таму атрымалася, што пасля ўжо самi як бараны сядзелі ў судзе.
Атрымалася мастацкая хлусня... Гэта быў прыклад таго, як рабіць перформанс нельга. Задумка была добрая, але яе рэалізацыя была вельмі кепская, забойства жывёлы адцягнула ўсю ўвагу на іншае, акцыя не спрацавала. Прысутнічаў дысананс унутры каманды, мы так і не зразумелі: хацелі вы забіць барана, але мы — іншая частка групы, вам навошта тады былі?
— Вам асабіста што прысудзілі?
— Большасці ўдзельнікаў перформанса прысудзілі сацыяльныя працы. Я ж меў нямецкі від на жыхарства, таму мяне пакаралі грашовым штрафам. Хаця я з рашэннем суда не згодны, бо ніякага вандалізму не рабіў, мэта ў мяне была іншая. Разам з тым разумею, што польскім уладам важна было прадэманстраваць, што ў такім музеі нельга такое ўчыняць.
— Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?
— У 2018 і 2019 гадах я вельмі на кароткі час двойчы прыязджаў у Беларусь. Уражанні былі даволі супярэчлівымі. З аднаго боку, адчувалася адліга, усё раквітнела, з’явіліся файныя праекты, такія пляцоўкі як «Корпус» і ОК16, мае нямецкія і польскія сябры прыязджалі ў Мінск з імпрэзамі. Але разам з тым было відаць, што ў палітычным плане сітуацыя не змяняецца, таму невядома, чым усё гэта можа скончыцца. Суіснавалі два паралельныя светы.
Інсталяцыя Змітра Чарткова, 2021 год. Фота: «Белсат»
— Сёння вы з’яўляецеся каардынатарам ініцыятывы Razam Kunst. Распавядзіце, калі ласка, пра вашу дзейнасць.
— У 2020 годзе на фоне падзеяў у Беларусі ў Нямеччыне паўстала аб’яднанне беларусаў Razam, я быў адным з яго заснавальнікаў. А Razam Kunst — мастацкая ініцыятыва ў межах гэтага аб’яднання. Нашая прастора ў Берліне ладзіць выставы, канцэрты, дыскусіі, сустрэчы і г. д.
У межах падтрымкi праекта Music for Belarus збіралі грошы для палітвязняў. У нас выступалі і Лявон Вольскі, і «Крыві», і Арцём Шышкоў, і многія іншыя. Да нас прыходзіла Клаўдзія Рот, якая цяпер працуе бундэсміністрам па культуры і масмедыя. Дарэчы, першая выстава ўжо знакамітага праекта Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» таксама адбылася ў Берліне.
Нашай ініцыятыве Razam Kunst пашанцавала трапіць у былы дом статыстыкі ГДР на Аляксандарпляц, дзе, згодна з рашэннем берлінскага сенату, пасля рэканструкцыі з’явіцца хаб грамадскіх, сацыяльных і культурных арганізацый. Мы з’яўляемся сябрамі гэтага хаба.
Спадзяюся, у наступным годзе ўжо заедзем у будынак. Мы як нямецкая арганізацыя беларусаў жадаем будаваць мост у будучыню, мост паміж Няммеччынай і Беларуссю.
Фота: Stefan Boness/Imago Images
Фота: wikimapia.org
Зараз мы здымаем дакументальны фільм пра трансфармацыю беларускага мастацтва пасля 2020 года на падставе разважанняў і мастацкіх прац удзельнікаў праграммы perspaktiv.art, якая реалізуецца ў Нямеччыне і Польшчы. Хочам на іх прыкладзе зафіксаваць, у якім кірунку далей паточыцца лёс беларускага мастацтва. Спрабуем ухапіць і параўнаць кірункі развіцця мастацтва ў эміграцыі і за «мурам» — у акупаванай Беларусі.
Мастацтва і грамадства ў пераломным моманце, усе выпаленыя страшна. Але на папялішчы нараджаецца нешта новае. Цікава, у які бок мы пойдзем. І канешне, таксама будзе вельмі цікава адсачыць, як будзе ісці трансфармацыя мастацкага руху ўнутры Беларусі. Там працягваюцца праекты, жыццё і творчасць ідуць далей.
— Якія магчымасці Нямеччына дае творцам?
— Яна адначасова дае і забірае. Гэта рынак з вялікай канкурэнцыяй сярод творцаў. Побач з намі, беларусамі, украінцы, афганцы, сірыйцы, тыбетцы... У Берліне людзі з усяго свету. Ты нецэнзураваны, можаш выбіраць амаль любую тэму. У Беларусі шмат забаронаў, але ты ведаеш, з чым змагаешся. А ў Нямеччыне ты змагаешся ў большасці сам з сабою. Альбо ты знойдзеш ідэю, якая зацікавіць людзей, альбо застанешся без увагі. Калі ты будзеш расслабленым, чылавым, то рызыкуеш далей зусім не прасунуцца. Ты плывеш у вялізарным акіяне, і выхады, па сутнасці, два: ці патонеш, ці выплывеш.
Калі ты працуеш ў статусе вольнага мастака, то павінен навучыцца выбіраць і працаваць з тэмамі самастойна, самастойна знаходзіць фінансавую падтрымку, самастойна выпрацоўваць механізм самападштурховання.
Чаму б я яшчэ павучыўся ў немцаў — таму, як яны прыйшлі да прымірэння пасля руйнавання берлінскага мура. Бо былі ж і абвінавачанні, і крыўды, трэба было знайсці паразуменне, прабачыць адно аднаго. Гэта вельмі цікавы досвед для будучай Беларусі.
Фота Змітра Чарткова — з яго архіва
Антон Навумчык, budzma.org