У Варшаве пройдзе першы фем-арт фестываль «ROAR WOMEN»

25 студзеня ў Варшаве пройдзе фем-арт фестываль «ROAR WOMEN», створаны беларускімі арт-менеджаркамі і актывісткамі. Ідэя фестывалю нарадзілася вясной 2024 года, пасля трагічнай гібелі беларускі Лізы ў Варшаве. Кожная з удзельніц каманды ў сваім жыцці сутыкалася з рознымі формамі гвалту і, падобна Лізе, перажывае досвед міграцыі.


roar_insta-01.png

Дзе і калі?

Калі: 25 студзеня 2025

Дзе: Dom Kultury Środmieście (Smolna 9, Варшава)

Уваход на мерапрыемствы бясплатны, але па абавязковай рэгістрацыі.


«ROAR WOMEN» — праект, які дае голас тым, хто сутыкнуўся з гвалтам, у бяспечным і падтрымліваючым асяроддзі. Асноўная мэта фестывалю — вывесці гэтую складаную і табуяваную тэму з «шэрай зоны», стварыць прастору для самавыяўлення, узаемападтрымкі і адкрытага дыялогу. «ROAR WOMEN» — гэта месца, дзе мастацтва становіцца інструментам для абмеркавання гендэрна-абумоўленага гвалту і спосабам падтрымкі пацярпелых. Назва фестывалю — гэта не крык аб дапамозе. ROAR («рык») сімвалізуе наш голас, які заўсёды быў з намі, кажуць арганізатаркі фестывалю.

Чаму менавіта мастацтва выбрана для абмеркавання тэмы гвалту?

Мастацтва валодае ўнікальнай сілай: яно выклікае эмоцыі, дапамагае ўздымаць складаныя пытанні і аб’ядноўвае людзей. Гэта не толькі форма самавыяўлення, але і бяспечная прастора для дыялогу, дзе можна дзяліцца досведам, пераасэнсоўваць яго і знаходзіць падтрымку.

Казаць пра досвед гвалту часта бывае складана, але мастацтва становіцца ўніверсальнай мовай, якая дапамагае выказаць тое, што цяжка апісаць словамі. Гэта мова зразумела кожнаму, незалежна ад нацыянальнасці, гендэра, часавага пояса ці геаграфічнага становішча. Праз перформансы, інсталяцыі, спектаклі, музыку, жывапіс, відэа-арт і іншыя формы творчасці арганізатары фестывалю даследуюць тэму гвалту і яго рэпрэзентацыі.

Арганізатары таксама адзначаюць, што вельмі важна падтрымліваць фем-мастачак і спікерак, раскрываючы жаночую оптыку і ствараючы прастору для іх галасоў.

«ROAR WOMEN» — гэта не проста фестываль. Гэта платформа для асэнсавання складаных пытанняў праз творчасць і дыялог, выхад за рамкі замкнёнай супольнасці і разбурэнне звыклых межаў. Менавіта таму фестываль створаны ў калабарацыі з польскімі эксперткамі і мастачкамі. Такое супрацоўніцтва дапамагае беларускам інтэгравацца, знаходзіць агульную мову для абмеркавання і выбудоўваць узаемадзеянне на новым узроўні.

Што ў праграме?

12:00–13:30 — Адкрыццё фестывалю і дыскусія:

«Маўчанне або дыялог: ці можа мастацтва стаць інструментам для асэнсавання гендэрнага гвалту?» (на беларускай і польскай мовах з перакладам)

Удзельніцы: Караліна Дамагальская, Антаніна Сцебур, Паша Ежора

Мадэратарка: Дар’я Дабравольская

14:00–15:30 — Лекцыя Зузаны Янін:

«SHAME. Аб гвалце ў мастацтве» (на польскай мове)

16:00–17:30 — Майстар-клас па белых спевах (на польскай і беларускай мовах)

Вядучая: Дар’я Новік

18:00-19:00 — Чытанне п’есы «K*rwa» (на рускай мове з польскімі субтытрамі)

Рэжысёрка: Жэня Давідзенка

Актрысы: Анастасія Мядзелец, Жэня Давідзенка

19:00-20:30 — Паказ фільма ў супрацоўніцтве з Her Docs:

«Гісторыя аднаго кастынгу» (на нямецкай мове з польскімі субтытрамі)

20:30-21:30 — Абмеркаванне пасля фільма (на польскай мове з перакладам)

Эксперткі: Аліна Чыжэўска, Караліна Шчыпэк

Фестываль — гэта не толькі прастора для абмеркаванняў, але і рэальная дапамога. За апошнія паўгады ў Варшаве было зафіксавана 4 выпадкі нападу на мігрантак з Беларусі. І гэта толькі тое, пра што вядома.

У рамках фестывалю каманда падрыхтавала бясплатны анлайн-гайд «Побач» па самадапамозе для тых, хто сутыкнуўся з гвалтам за мяжой. У гайдзе ёсць інфармацыя аб фондах і арганізацыях, якія могуць дапамагчы, а таксама практычныя парады.

Арганізатары фестывалю спадзяюцца, што гэты інструмент стане падтрымкай для тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі ўдалечыні ад дома. Інфармацыю пра яго можна знайсці ў сацыяльных сетках фестывалю (ІнстаграмFacebook). Гайд даступны на беларускай і расейскай мовах.