Спадарыня Вера Буланда сустрэлася ў студзені (21 і 22) 2016 года з вучнямі 8-х класаў СШ № 212 горада Мінска і з сябрамі літаб’яднання “Муза”, што арганізаваны ў г. Ушачы Віцебскай вобласці.
У час гутаркі паэтэса згадала цікавы выпадак са школьнага жыцця, калі адзін з вучняў на просьбу настаўніка гісторыі назваць сталіцу Беларусі – без ваганняў пры падказцы блізкага сябра выпаліў: “Мсціж”. Насамрэч, задумалася з часам спадарыня Вера, дзе ні аказаліся б мы пасля школы, з любога кутка зямнога шарыка мы будзем імкнуцца ў тую мясціну, дзе выгадаваны соснамі і бярозамі роднымі, мараллю суседзяў, строгасцю і ласкай бацькоў, песнямі і мудрасцю дзядоў і бабуль нашых. Таму гэта месца – самая што ні ёсць першая сталіца лёсу.
Ёсць такая вёска Мсціж –
Першая сталіца лёсу,
Дзе адзначаць твой прэстыж,
Дзе да смерці ў сэрцах носяць.
Радзіма для кожнага – вядома ж, той куточак, дзе хата бацькоўская з садам і бярозкамі, пасаджанымі разам з татам, які даў прозвішча дзецям і жонцы – Буланда (у таты Буландо).
Месца пад небам сабе не аспрэчваю
І не прымерваюся да ўладаў,
Мне проста даволі старонкі з рэчкаю,
Што калыхала на хвалях Буландаў.Я не для славы вершыкі складваю,
І не за дзякуй, не для карысці.
Я у даўгу прад усімі Буландамі,
Жыў хто раней і са мною калісьці.
Вучні ўдзельнічалі ў конкурсе на складанне сказаў-таўтаграм, сябры літаб’яднання “Муза” чыталі свае вершы, цікавіліся жыццём і творчасцю паэтэсы, самыя актыўныя ад культурніцкай арганізацыі “Будзьма беларусамі” атрымалі ў падарунак торбачкі, майкі з выявамі Цмокаў, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску!”