Выступ Веры Буланда адбыўся ў Гомельскай бібліятэцы №5 на свяце бібліятэк 14 верасня 2016 года.
Тэму сустрэчы (“Родная мова – жыцця аснова”) з паэтэсай Верай Буланда абазначыла арганізатар і ініцыятар свята бібліятэк Людміла Антонаўна Шарамет. У сваім выступе яна адзначыла, што з роднай мовы пачынаецца першая песня над калыскай дзіцяці – калыханка, родная мова суправаджае потым чалавека ўсё яго жыццё і ў песні, і ў працы, і ў свяце.
Насамрэч, на свяце прысутнічалі не толькі паэты, але і спевакі, і карэспандэнт абласной газеты “Гомельская праўда” Тамара Кручэнка.
З радкоў “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова…” (У. Дубоўка) і пачалася размова. Госця з Мінска чытала вершы на роднай мове пра мову, радзіму, маці, каханне, бо ўсё ж “…пачынаецца з любві” (Я. Янішчыц). Па яе прызнанні яна пабывала ў Гомелі ўпершыню і адразу апынулася на “свяце беларускай мовы!” і шчыра паведаміла:
А я – дзяўчына з Беларусі,
З калыскі мятава-духмянай,
Адтуль, дзе кола круціць бусел,
Дзе кожны – госць, даўно чаканы.
З лугоў я, з каласкоў пшанічных,
З азёраў сініх, ільняных,
Я – з песень, ад душы лірычных,
Дзядоў і прадзедаў маіх.
Я – з Мрайкі, мілай летуценкі,
З мсціжанскіх берагоў утульных,
З тваіх далоняў немаленькіх,
З ласкавых, цёплых рук матуліных.
Чыталі свае вершы Дар’я Дарошка, якую сёлета прынялі ў члены СПБ, і яе муж Уладзімір Чараухін.
Свята беларускай мовы ўпрыгожылі: народны ансамбль народнай песні “Крынічанька”, салісты аддзела культуры ПУП “Святлатэхніка” Ірына Калесная і Вольга Пасенка. майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці Любоў Беразняцкая распавяла пра сваю выставу “Залатая стужачка” і распавяла пра даўнюю багатую традыцыю аздаблення рэчаў і адзення ў многіх народаў. Вельмі спадабаліся і гумарыстычныя байкі ў выкананні актыўнай наведвальніцы бібліятэкі Соф’і Цурко.
Ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі!” Вера Буланда паэтам, майстрыцам уручыла падарункі: торбачку з пажаданнем быць беларусамі і паштоўкі з назвамі месяцаў, кветак, фарбаў і інш. па-беларуску.