Пра русалак дакладна ўсе чулі, аднак ці адпавядаюць нашы веды таму, што ёсць у народнай культуры? Пра стэрэатыпы, якія склаліся вакол вобразу русалак, а таксама пра адметнасці русальнай традыцыі беларусаў чытайце ў артыкуле.
У беларускай міфалогіі русалкі з’яўляюцца ці не самымі вядомымі персанажамі, пра якіх распавядаюць ва ўсіх этнаграфічных рэгіёнах краіны. Русалкі — бадай, адзіныя прадстаўнікі так званай «ніжэйшай» міфалогіі, вакол якіх склалася развітая святочная абраднасць. Толькі ў Панямонні адзначаюць адсутнасць русальных абрадаў, як і тэрміна «русальны тыдзень», хаця русалкі вядомыя мясцовым жыхарам, пра што сведчаць фальклорныя матэрыялы. Магчыма, такая рэгіянальная спецыфіка звязаная як з моцным уплывам каталіцкай царквы, якая здолела там перамагчы гэтыя архаічныя народныя практыкі, так і з першапачатковай прысутнасцю ў лакальнай міфалогіі іншых прыродных духаў, якія адпавядаюць русалкам у іншых рэгіёнах.
Асаблівасцю вобразу русалкі ў беларускім фальклоры з’яўляецца яго яркасць і выразнасць, аднак разам з гэтым апісанні вылучаюцца разнастайнасцю і варыятыўнасцю і часам дэманструюць узаемавыключальныя характарыстыкі, вядомыя ў розных мясцовасцях. Калі б не агульнае найменне «русалка», то нават можна было падумаць, што гэта апісваюцца розныя міфалагічныя істоты. Акрамя таго, вядомы шэраг лакальных духаў, якія па сваіх сутнасных прыкметах вельмі блізкія да русалак: лойма, казытуха, цыцоха ды інш.
Абрад «Провады русалкі». Фота – Аляксей Сталяроў
Хто такія русалкі?
Варыятыўнасць, шматграннасць і супярэчлівасць вобразу русалак у беларускім фальклоры шмат у чым абумоўленая напластаваннямі розных часоў і традыцый. За стагоддзі ўспрыманне русалак змянялася ад шанаваных прыродных духаў да нячыстай сілы. Аднак калі паспрабаваць вылучыць пачатковы вобраз русалкі, то гэта будзе дух, які ўвасабляе вільгаць, спрыяе ўрадлівасці палеткаў і росту расліннасці ўвогуле. Паходжанне русалак у народнай традыцыі пераважна звязваецца з нехрышчонымі памерлымі немаўлятамі жаночага полу і тапельніцамі, то бок гэта людзі, якія не вычарпалі жыццёвую сілу і засталіся на пэўны час прывязанымі да зямлі, якой вяртаюць сваю невыдаткаваную моц. Тут прасочваюцца ўяўленні пра продкаў як падаўцаў урадлівасці.
Адкуль паходзіць слова «русалка»?
Пытанне дагэтуль выклікае спрэчкі. Можна меркаваць, што сам вобраз русалкі, безумоўна, архаічны і мясцовы, аднак сам тэрмін, імаверна, запазычаны яшчэ ў старажытныя часы. Існуе версія, што славянская назва свята Русаліі, як і тэрмін «русалка», утвораная ад назвы рымскага свята ўшанавання памерлых Rosalia, якое працягвала адзначацца і пасля прыняцця хрысціянства, на Тройцу. Гэты тэрмін спачатку быў прыняты паўднёвымі славянамі, у Балгарыі і Сербіі, а ўжо потым з Балкан трапіў у тутэйшую культуру ў час славянізацыі нашага рэгіёна. Але варта яшчэ раз падкрэсліць, што гаворка ідзе пра запазычванне тэрміна, але не саміх уяўленняў пра адпаведнага духа. Адбылося сумяшчэнне блізкіх міфалагічных вобразаў з прыняццем новага міфоніма.
Дзе жывуць русалкі?
Насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу пра русалак як пра выключна водных духаў, у беларускай міфалогіі русалкі могуць сустракацца і ў вадзе, і ў полі, і ў лесе. Больш за тое, выяўляецца прысутнасць русалак таксама ў культурнай прасторы: у агародзе, у садзе, на могілках, у двары і нават у хаце. Разам з гэтым у паданнях прасочваецца залежнасць месцазнаходжання русалак ад часу. У народзе вераць, што русалкі восень і зіму бавяць у вадзе, а з вясны да восені знаходзяцца на зямлі.
Абрад «Провады русалкі». Фота – Аляксей Сталяроў
Ці шкодныя русалкі?
Як і большасць прыродных духаў, русалкі маюць дваістую сутнасць. Яны самі па сабе і не добрыя, і не злыя. Могуць адначасова спрыяць чалавеку і яго гаспадарцы і быць смяротна небяспечнымі для людзей. Шмат у чым стаўленне русалак да чалавека залежыць ад яго самога. Калі не парушаюцца ўсталяваны парадак і правілы, то русалка зла не робіць, а папярэджвае пра небяспеку, выконвае хатнія работы, спрыяе палявым і агародным раслінам, вылечвае ад хваробаў. Таксама русалкі ўзнагароджваюць за дабро да сваіх дзяцей.
Часлаў Пяткевіч пакінуў вельмі красамоўны запіс, які сведчыць пра асаблівасці архаічнага ўспрымання русалак у традыцыйным грамадстве:
«Русалкі сядзяць у жыце, як яно расце, ета Бог іх пасылае пільнаваць, штоб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не нальюцца. Дак і не дзіва, што як нейкі загавайла ўпрэцца ў пашню, то яго заслакочуць. Русалкі безнявінна нікому не робяць зла; яны сядзяць і ў вадзе, да ў самых глубінах, у самых кручынах (віры), каб людзі зналі, што туды не лезь, бо ўтопішся. Сядзяць яны і ў лесе да найчасцей паблізу ўсякае твані, усякіх нетраў, асцерагаючы ўсіх, што там найбольш чарцей».
Русалкі — нячыстая сіла?
Як ужо адзначалася, з цягам часу ўяўленні пра русалак з розных прычын змяняліся. Пад уплывам хрысціянскай веры русалкі, як і іншыя духі прыроды, сталі лічыцца нячыстай сілай. Апісанні русалак набываюць інфернальныя рысы (вялікія жалезныя грудзі, рогі, капыты, кіпцюры і інш.), дзеянні русалак характарызуюцца як адназначна шкодныя і варожыя чалавеку. Як і іншыя нячысцікі, русалкі баяцца крыжа, малітвы і асвечаных прадметаў.
Між тым даволі часта ў фальклоры сустракаюцца сведчанні пра нейтральнае ўспрыманне русалак і нават (праўда, рэдка) пра іх святасць і бязгрэшнасць. Гэта ў выпадку, калі кажуць, што русалкі паходзяць з памерлых хрышчаных дзяцей. Аднак нават у такім выпадку існуе ўяўленне пра патэнцыйную небяспеку з боку русалак.
Абрад «Провады русалкі». Фота – Аляксей Сталяроў
Як яны выглядаюць?
У наш час самым распаўсюджаным сярод гараджан з’яўляецца ўяўленне пра русалку як пра дзяўчыну з хвастом рыбы. Падобнае сустракаецца і ў фальклоры, аднак, як мяркуюць спецыялісты, гэты вобраз мае кніжнае паходжанне.
Найчасцей у беларускіх вёсках русалак апісваюць як вельмі прыгожых маладых голых дзяўчат з доўгімі распушчанымі валасамі і з вялікімі грудзьмі. Але ёсць і іншыя ўяўленні пра русалак. Калі іх апісваюць як людзей, то згадваюць таксама як дзяцей і старых баб. Ёсць згадкі, што русалкі падобныя на жывёл: на птушку, малпу, змяю, ката, пацука. Да характарыстык іх тагасветнага аблічча адносяцца: скура зямлістага колеру, погляд нябожчыка, жалезныя грудзі і іншыя штучныя часткі цела, белы колер адзення ці адзенне, у якім пахавалі, лахманы.
Русалкі нярэдка маюць упрыгожванні — вянкі і стужкі. У руках яны могуць трымаць таўкач, пранік, мех, кій, ступу, касу, верацёны, прычым гэтыя рэчы русалка выкарыстоўвае як прылады пакарання, асабліва дзяцей. У той жа час ад русалак можна абараніцца, калі ўкалоць іх шпількай ці іголкай.
«Провады русалкі» — што гэта?
Асноўны час актыўнасці русалак выпадае на так званы Русальны тыдзень (або Граны, Духаў, Крывы, Сёмушны), які пачынаецца на восьмым тыдні пасля Вялікадня пасля траецкай нядзелі з дня Сашэсця Святога Духа. У дахрысціянскі час гэты перыяд таксама быў рухомым і вызначаўся ступенню росту і квітнення раслін. Адметна, што русальны час супадае з пікам вегетацыі зеляніны, каласавання жыта, што асабліва цікава ў кантэксце ўяўленняў, паводле якіх русалкі наўпрост атаясамліваліся з жытам. Па сутнасці, час русалак на зямлі адпавядае земляробчаму цыклу. Забарона хадзіць у поле і лес на Русальным тыдні скіраваная менавіта на тое, каб расліны былі ў спакоі ў важны час красавання і выспявання.
Абрад «Провады русалкі». Фота – Аляксей Сталяроў
Русальную нядзелю раней вельмі шанавалі, не пачыналі новай работы, не пралі, не ткалі, не гарадзілі платоў, то бок не рабілі «крывой» працы, як і на Каляды. Гэта рабілася, каб у гаспадарцы не здарылася ліха. Увесь тыдзень асцерагаліся хадзіць у лес і купацца, бо баяліся, каб русалкі не злавілі і не нашкодзілі. Жанчыны і дзяўчаты вешалі на дрэва пражу, ручнікі і ніткі на адзенне русалкам.
У паўднёва-ўсходніх раёнах Беларусі гэты тыдзень завяршаў абрад «Провады русалкі», які сімвалізаваў завяршэнне сезону іх найбольшай актыўнасці. З дзяўчат выбіралася «русалка» (звычайна маладая і незамужняя), якую ўпрыгожвалі зелянінай, кветкамі і галінкамі дрэў. Удзельніцы плялі вянкі і для сябе. У гэты час спяваліся адмысловыя русальныя песні. Разам з русалкай абыходзілі вёску, якую гаспадары сустракалі і маглі адорваць удзельнікаў шэсця. Потым русалку выправоджвалі за межы вёскі, часцей за ўсё ў жыта, дзе яе зялёнае адзенне магло рытуальна знішчацца. Нярэдка пасля моладзь ладзіла гульні і скокі. Гэта рабілася, каб ушанаваць русалак, абараніцца ад іх патэнцыйна шкоднага ўздзеяння, а таксама каб забяспечыць урадлівасць сваіх палеткаў і праз гэта атрымаць дабрабыт.
Абрад «Провады русалкі». Фота – Аляксей Сталяроў
У нашы дні абрад «Провады русалкі» у в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі. Таксама адноўленыя русальныя абрады можна пабачыць у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Аўтэнтычным ядром беларускай русальнай абраднасці лічацца Лоеўскі i Брагінскі раёны Гомельскай вобласці.
budzma.by