Славуты Барысаў камень, што ляжыць каля полацкай Сафіі на стромым беразе Дзвіны, важыць каля 50 тон. Са дна ракі яго спрабавалі дастаць яшчэ дзвесце гадоў таму, за вяроўкі цягнулі трыста чалавек, але з месца не зрушылі. З задачай справіліся — ужо ў 1981 годзе — вайсковыя цягачы і пад’ёмныя краны, праўда, стары полацкі мост пад каменнай аграмадзінай падазрона захістаўся, давялося везці камень ажно праз Наваполацк, піша Народная Воля.
Камень той — гэткі ж унікальны помнік айчыннай гісторыі, як і Сафійскі сабор, як і ўсталяваны непадалёк помнік «Калыска беларускай дзяржаўнасці». Ён унесены ва ўсе адпаведныя рэестры і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, якую ў Полацку сёння прадстаўляе старшыня райвыканкама Ігар Марковіч.
Яго папярэднікі, хоць і не ўсе, пэўным чынам засталіся ў гісторыі горада. Хтосьці той самы Барысаў камень усталёўваў, хтосьці помнікі Скарыну і літары «Ў» ставіў, а хтосьці галоўнай полацкай вуліцы імя Еўфрасінні Полацкай вярнуў. Ігару Марковічу, відаць, таксама захацелася дакрануцца да вечнасці. А вечнасць для яго што? Тысячагадовы надпіс на камені-помніку: «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Барысу». І вырашыў Марковіч той камень, а з ім яшчэ пяць камянёў-помнікаў, пераназваць. Быў, напрыклад, «Вялікі камень Бікульніцкі», а стаў «Большим камнем Бикульницким». Пад гэткую ж русіфікацыю падпалі і той жа Барысаў камень, і Пярун-камень Полацкі, і Вялікі камень Глінскі... Полацкі райвыканкам нават прыняў адпаведную пастанову № 1794 «Аб перайменаванні...», заадно параздаваўшы тыя камяні каму прыйшлося. А якая з іх карысць? На гравій жа не патаўчэш...
Такім чынам Пярун-камень перайшоў пад апеку сельгаспрадпрыемства «Блізніца», Бікульніцкі і Туржэцкі атрымала ў падарунак гаспадарка «Палімір-агра», Косараўскі камень мусіла ўзяць на свой баланс «Віцебскэнерга», а Глінскі дастаўся эксперыментальнай базе «Ветрынская».
Цікава, што рабіцьмуць з такімі неспадзеўнымі прэзентамі новыя гаспадары? Аграрнікі, відаць, будуць вадзіць вакол камянёў карагоды на дажынкі, энергетыкі — правяраць іх на трываласць маланкамі, а ў Ветрыне зладзяць які-небудзь эксперымент.
Зрусіфікаваўшы камяні, за якімі тысячагоддзе беларускай мінуўшчыны, Ігар Марковіч наўрад ці застанецца ў гісторыі. Трэба ўтварыць нешта больш паскуднае. Ну, напрыклад, узяць зубіла і ўласнаручна па старажытным надпісе князя Барыса выбіць свой накшталт: «Здесь был Игорь, ненавидевший беларускую мову». Вось тады дакладна яго чакае сумнеўная герастратава слава. А іншай полацкі чыноўнік, як выглядае, і не заслужыў.
***
Ігар Іванавіч Марковіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў в.Ніжняе Фаміно Верхнядзвінскага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі». У 2009 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».
Працоўную дзейнасць пачаў у 1982 годзе ў саўгасе «Дрысенскі» Верхнядзвінскага раёна, дзе працаваў інжынерам-механікам, інжынерам па тэхніцы бяспекі і арганізацыі пажарнай аховы, загадчыкам майстэрань, галоўным інжынерам. З 1987-га па 1990 год — інструктар сельскагаспадарчага аддзела, затым інструктар арганізацыйнага аддзела Верхнядзвінскага райкама КПБ Віцебскай вобласці. У 1990 годзе ўзначаліў Верхнядзвінскае КУП па вытворча-тэхнічным абслугоўванні раённага аграпрамысловага аб’яднання Віцебскай вобласці. З 2003 года — гендырэктар ААТ «Верхнядзвінскі райаграсэрвіс». У сакавіку 2007 года прызначаны старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама.
Са снежня 2019 года — старшыня Полацкага райвыканкама.