Аршанскія ўлады адмовіліся змяніць рускамоўную частку мемарыяльнай дошкі ў гонар Уладзіміра Караткевіча

Пад адпаведным зваротам было сабрана больш сотні подпісаў, піша «Народная Воля».


277.png

Размова — пра надпіс на мемарыяльнай дошцы, прысвечанай пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, якая была ўстаноўлена ў лістападзе мінулага года на будынку сярэдняй школы № 3 Оршы.

Падпісанты зварота апелявалі да артыкула № 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, згодна якому «грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове прынцыпа прыярытэту развiцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнання беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту»; а таксама артыкула № 8, згодна якому «напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца: захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры i мовы».

«Улічваючы неацэнны ўклад вялікага беларускага пісьменніка ў развіццё беларускай мовы і культуры, а таксама беларускае заканадаўства просім замяніць мову мемарыяльнай дошкі на беларускую — мову пісьменніка», — гаварылася ў звароце неабыякавых жыхароў Віцебскага рэгіёна.

Аднак аршанскія ўлады гэтых аргументаў не пачулі.

Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што памятная дошка складаецца з дзвюх частак. На адной размешчаны партрэт пісьменніка і тлумачальны надпіс пра яго на рускай мове. Другая частка — урывак з верша Уладзіміра Караткевіча «У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы...» на беларускай мове.

Кажуць, гэта зроблена наўмысна, бо Караткевіч пісаў свае творы як на рускай, так і на беларускай мовах.

«У гады студэнцтва з 1949 па 1954 год (філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Шаўчэнкі) пісьменнікам былі напісаны творы на рускай мове (аповесць «Предыстория», апавяданні «Скрипка поёт», «Клён», «Руки» і іншыя, верш «Тут будет канал»). Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1954-га па 1958 год Караткевіч выкладаў рускую мову і літаратуру», — падмацавалі выканкамаўцы сваю пазіцыю фактамі з біяграфіі пісьменніка.

Яшчэ адным аргументам стала тое, што адукацыйны працэс у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г.Оршы імя У.Караткевіча» ажыццяўляецца на рускай мове.

Паколькі, згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы, на думку намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Уладзіміра Калачова, «замена дошкі на будынку ўстановы адукацыі з’яўляецца немэтазгоднай».