— Беларусам я менавіта стаў. Мае карані хаваюцца недзе ў гарах паўночнага Каўказа. Беларуска толькі маці, а бацька – цалкам каўказскі чалавек. Я ўсё жыццё пражыў, амаль не выязджаючы, на землях Беларусі. Заўжды хацелася стаць больш падобным да людзей, што жывуць тут. Маючы права народжанага беларуса, я не меў права беларуса, продкі якога жылі тут некалькі пакаленняў.
Беларускую мову люблю з дзяцінства. Дзякуючы сваёй бабулі я часам слухаў беларускае радыё, беларускія казкі. З’явілася прага ведання беларускай мовы. Не было такога, каб я яе кепска разумеў.
Усвядомленае пачуццё таго, што я беларус, з’явілася дзякуючы рэдактару нашай школьнай газеты, да калектыву якой я далучыўся ў 10 класе. Рэдактар хоць і не размаўляў па-беларуску, але… Гэты чалавек расказаў мне, што такое тарашкевіца. Пасля з’явілася жаданне размаўляць з кімсьці па-беларуску. У сусветным павуцінні я знайшоў сяброў на вялікай адлегласці, з розных вобласцяў і гарадоў. Хтосьці таксама, як і я, толькі пачынаў рамаўляць па-беларуску.
Пакрысе я зразумеў, што беларускае мне вельмі роднае.
У Стругацкіх ёсць раман “Цяжка быць Богам”. Там у фантастычнай форме апісваеццца, як чалавек трапіў у зусім іншы свет, не падобны да яго роднага. І ў гэтым свеце знайшліся праблемы, якія ён знайшоў у сабе моц і здольнасць вырашыць. У канцы, калі з’явілася магчымасць вярнуцца да сябе, на сваю планету, ён сказаў: “Не. Я застануся тут, на гэтай населенай выспе”. Вось так і для мяне Беларусь – нібы населеная выспа. Хоць абставіны і не спрыяюць і карані мае не тут, але я разумею, што нікуды, ні на які паўночны Каўказ адсюль не з’еду.
Руслан Ясаеў, студэнт