З нагоды выхаду дэбютнага альбома “Zhnivo”праекта Shuma спявачка Руся расказала пра тое, навошта адчыняць бабульчын куфар, чаму для яе не важная мова выканання, працытавала Маа Цзэдуна і не выключыла вяртання да аўтарскіх спеваў.
— Па выхадзе новага фольк-альбома ад новага выканаўцы перадусім паўстае пытанне – навошта? Навошта адчыняць бабульчын куфар і даставаць з яго гэтыя пакрытыя пылам стагоддзяў рэчы?
— Перадусім мы не лічым “Zhnivo” фольк-альбомам. Гэта сучасная электронная музыка, што базуецца на адпаведным матэрыяле. Мы ўвогуле марым, каб гэты альбом стаў поп-альбомам. Да таго ж рэчы, якія ты называеш “пакрытымі пылам стагоддзяў”, то бок гісторыі, якія расказваюцца ў песнях, існыя і цяпер. Проста яны маюць архаічную форму. Гэта старое філасофскае пытанне: што першаснае — форма ці змест. Мы ў “Шуме” па-свойму даследуем гэту тэму.
— Для каго і дзеля чаго вы гэта робіце?
— Мы робім гэта для сябе, па-першае. Мы выдатная каманда, таму што тут сабраліся людзі, якім падабаецца нешта ствараць сваім розумам і сваімі рукамі. Шмат хто навокал хацеў бы займацца культурай увогуле і творчасцю асабіста, але ў выніку пэўных абставінаў вымушаны заціскаць у сабе гэтае жаданне. Нам пашанцавала, мы так не робім, таму ў нас атрымліваецца выдатная музыка, і няважна, на якой мове яна ствараецца. Я паўтаруся: гэта проста форма.
— І хто ваша аўдыторыя?
— Наша аўдыторыя — гэта ўсе тыя, каму раўназначна важныя і форма і змест, нават тыя, каму важна што-небудзь адно з гэтага.
— Ці няма ў цябе думкі, што гэта проста прымаецца за экзотыку, а сапраўдны змест і сэнс гэтых спеваў застаецца для людзей непадрыхтаваных поўнай таямніцай і такой жа далёкай ад іхнай будзёншчыны, як спевы абарыгенаў?
— Сапраўдны сэнс гэтых спеваў — таямніца для ўсіх. Не толькі для непадрыхтаванай аўдыторыі. Тлумачэнні гэтых тэкстаў і сэнсу — гэта проста від рэканструктарства з навуковым падыходам, ніхто не ведае, што насамрэч укладалі ў іх шматлікія пакаленні жанчын усіх узростаў, якія складалі гэтыя спевы шмат гадоў таму. Справа тут не ў сапраўдным змесце, а ў атмасферы, якую складаюць гэтыя спевы і музыка. Калі хто не разумее беларускай мовы, успрымайце яе як замежную і захапляйцеся агульным адчуваннем.
— Ці згодная ты з тым, што вы робіце фактычна тое, што рабілі “Песняры” ў 60-я ці “Палац” у 90-я, — надаяце беларускай песеннай культуры актуальную на гэты момант музычную форму. І што вас лучыць з тымі, хто эксперыментаваў з фальклорам на сцэне раней, а што адрознівае?
— Вядома, згодная. І нам прыемна, што мы нават стварылі пэўны трэнд у сучаснай беларускай музычнай культуры. Лучыць нас, канечне ж, ідэя актуалізаваць неверагодны па багацці музычны пласт. А адрознівае стыль, бо “Песняры” і “Палац” — прадукты сваіх эпохаў, мы — прадукт сваёй, і нехта будзе за намі.
— Ці даводзілася табе ўжо сутыкацца з ацэнкай вашай творчасці сур’ёзных фалькларыстаў і знаўцаў фальклору? Як прымаюць вашы трэкі людзі, якія ў тэме?
— У асноўным ставяцца цудоўна, але ёсць людзі, якім цяжка прыняць новыя формы ў спалучэнні са знаёмай ім культурай.
— З якіх крыніцаў вы сілкуецеся, адкуль бераце спевы і па якіх крытэрах абралі спеўны матэрыял на альбом?
— Мы працуем з архівамі і самі час ад часу ездзім у экспедыцыі. З архівамі працаваць прасцей, бо там багацейшы матэрыял. Экспедыцыі рэдка даюць чаканы вынік, бо сапраўдных носьбітаў вельмі мала. Таму часта нашы экспедыцыі — гэта проста выезд на пэўную прыродную лакацыю, у пэўны архітэктурны асяродак, каб прасякнуцца атмасферай. У альбом трапілі тэксты і мелодыі, у якіх мы пабачылі патэнцыял і адчулі, што магчымая сінергія паміж імі і музыкай.
— Як вы паўплывалі на даўнія спевы, на альбоме можна пачуць. А вось як тыя спевы адбіліся на вас, на ўдзельніках праекта? Ці адкрылі нешта гэтыя словы, мелодыі, традыцыі ў вас саміх, ці можаце сказаць, што адчулі гэты беларускі Космас?
— Мы проста адчуваем, што для ўсіх, хто мае дачыненне да “Шумы”, гэта важны пункт у творчым жыцці і ў асабістым, пэўна, таксама. Калі ўжо разважаць пра космас, то мы быццам выйшлі ў космас, і гэта прыемна. Таму запрашаем крыху палётаць у беларускім космасе 20 чэрвеня, на Купалле.
— Чым цябе не вабіць варыянт рабіць аўтарскі спеўны матэрыял у межах “Шумы”? Не браць гатовую вядомую тэму, а пісаць свае словы паводле вось гэтага містычнага беларускага Космасу, традыцый, абрадаў, казак, легендаў.
— Усё магчыма. Пакуль што мы працуем з тым матэрыялам, што ёсць, яго патэнцыял не вычарпаны. У будучыні паглядзім, куды завядуць нас эксперыменты. Калі вы раптам праз пэўны час пачуеце ў межах “Шумы” нешта на ўласныя словы на ангельскай ці нямецкай мове, не дзівіцеся.
— Ці сочыш ты за тым, што яшчэ робіцца ў беларускай музыцы і якія рэчы ў цябе выклікаюць сімпатыю, а якія — поўнае непрыманне?
— Апошнім часам я не схільная да ацэначных меркаванняў. Я, па шчырасці, засяроджаная на сваіх праектах. Але з таго, што я бачу, у Беларусі з’явілася пэўная колькасць праектаў, якія таксама пераасэнсоўваюць архаічны матэрыял. Як казаў Мао Цзэдун, няхай квітнеюць сто кветак.
— Ці трактаваць “Шуму” як твой асноўны праект на сёння? І што здарылася са шматабяцальным апошнім складам “Аканы”, няўжо вы разышліся?
— “Акана” трансфармавалася ў выдатны замежны праект “Казальпін”, які жывы, мы ім паспяхова займаемся і маем штогадовыя канцэртныя туры, запісалі другі альбом. А што да “Шумы” — так, на дадзены момант гэта мой улюбёны занятак, якому я прысвячаю шмат часу, як і ўсе ўдзельнікі праекта.
— Што вы рыхтуеце 20 чэрвеня?
— Мы рыхтуем нешта кшталту гарадскога купальскага фестывалю на ўсю ноч. Будзе шмат артыстаў, добры гук, мы прэзентуем свой альбом, праспяваем некалькі песняў у іх першапачатковай форме, будзе прыгожая візуальная праца, летняя ноч, цудоўная вуліца Кастрычніцкая, тэхна… Будзе крута, карацей. Гэтую песню мы прапаноўваем сваім слухачам праспяваць з намі 20 ліпеня ў “Хулігане”. Вось фрагмент з прыпевам
Прэм’ера “Песенькі” — на партале Tuzin.fm
Cачыць за навінамі праекту можна празь афіцыйны сайт Shuma.by
Размаўляў Сяргей Будкін