Руся: “Полацкі сшытак-2010” – узор прафесіяналізму”

polacki_sshytak

Першы адкрыты фолк-фэст “Полацкі сшытак-2010” адгрымеў у Полацку 21 лютага. Фэст прайшоў у межах цыклу мерапрыемстваў “Культурная сталіца Беларусі-2010”.

Руся, вакалістка гурта “Акана-NHS”, падзялілася ўражаннямі і адказала на пытанні:

– Руся, колькі людзей сабралося на гэты фестываль? На якім узроўні быў арганізаваны фэст?

– Самі арганізатары прызналіся, што да апошняга моманту не ведалі, ці прададуцца квіткі. Нехта з партнёраў мерапрыемства прапанаваў “загнаць школьнікаў і студэнтаў”, як гэта робіцца на канцэртах поп-выканаўцаў, але Аніса (Сяргей Анішчанка, галоўны арганізатар фестывалю) прынцыпова паспадзяваўся на шчырую зацікаўленасць людзей і не памыліўся. Палачане запоўнілі ўсю залю гарадскога Дома культуры, а гэта прыкладна 300 чалавек.

– Ці сапраўды гэты фэст прадэманстраваў высокае мастацтва нашых сучасных выканаўцаў?

– Адзіны гурт, які Аніса ніколі не чуў, – гэта “Акана-NHS”. Ён прызнаўся, што ўвогуле не ведаў, што Indiga больш не існуе, а Руся спявае этна-джаз. Пасля выступу ён прызнаўся, што тое, што ён пачуў, кранула і вельмі здзівіла яго. Бо на фэсце быў фолк-рок, фолк-мадэрн, іншыя ф’южны, а вось менавіта такой музыкі не было. На “Полацкі сшытак” прыехалі, калі па шчырасці, сябры Анісы (“Палац”, “Стары Ольса”, “Акана”, “Нагуаль”) і пераможцы мінулага фестывалю “Рок-Кола” – “Аббревиатура” , праект, які таксама прыдумаў і ажыццявіў Аніса. Як бачыце, усё гэта прафесійныя гурты, не пачаткоўцы фолкавых эксперыментаў. Так што калі Полацк хацеў пачуць сапраўды актуальную, пабудаваную на фолку музыку, то ён гэта пачуў.

– Што атрымала “Акана”, якую прэмію? Як сустрэла заля ваш гурт? Тваё асабістае меркаванне: як быў арганізаваны фэст, ці спадабалася табе на ім выступаць, ці паедзеце яшчэ раз?

– “Акана-NHS” атрымала прэмію за “ўнёсак у развіццё беларускай культуры” і першую (!!!) мадэль будучага помніка Ефрасінні Полацкай, які хутка з’явіцца ў горадзе (усяго такіх статуэтак пяць).

Тое, як Аніса арганізоўвае фестывалі, магло б стаць добрым прыкладам сталічным арганізатарам. Да Анісы я езджу, як дадому. Я ведаю, што нас сустрэнуць як сваякоў і зробяць усё дзеля таго, каб атрымалася добрае шоў. Аніса – гэта чалавек, які перш за ўсё думае менавіта пра шоў, а ўжо потым пра бізнэс. Яшчэ ніколі ні музыкі, ні слухачы не былі расчараваныя канцэртамі, якія ладзіць Сяргей Анішчанка. Менавіта таму самы першы фестываль “Полацкі сшытак” сабраў такія добрыя гурты. Фэст толькі нараджаецца, а ў яго ўжо такія “добрыя хросныя”, як сказаў Алег Хаменка.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” атрымала дыплом ад арганізатараў фэсту
“За актыўную і дзейсную дапамогу ў рэалізацыі музычных праектаў па развіцці і прапагандзе нацыянальных культурных традыцый”.

Усе выступоўцы атрымалі дыпломы за высокі прафесіяналізм і значны ўнёсак у адраджэнне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

Фэст ладзіўся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Фота: users.livejournal.com/_ghost_pulse_

Тэгі: