У мінулым годзе Таварыства беларускай мовы прымала актыўны ўдзел у напісанні першай Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Акцыя адбылася ў розных гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў замежжы і была прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У дыктоўцы бралі ўдзел дыпламаты з розных краінаў, якім мы, карыстаючыся нагодай, выказваем шчырую падзяку.
Сёлета ТБМ прапануе правесці дыктоўку ў тры этапы. Першы — 21 лютага, калі ва ўсім свеце у адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА дзесяты раз будзе адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы. Рэкамендуем на выбар два тэксты дыктоўкі: мінулагодні (Прадмова да зборніка “Дудка беларуская”. Паводле Ф. Багушэвіча) і новы (Родная мова. Паводле Ул. Караткевіча).
Прадмова да зборніка “Дудка беларуская”
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.
Я сам калісь думаў, што мова наша – “мужыцкая” мова і толькі таго. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных на нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася…
А, можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. І гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек.
Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!
… Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. От жа гаворка, язык і ёсць адзежа душы…
Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве! …
(Паводле Францішка Багушэвіча)
Родная мова
Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім – легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і камапазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце –ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.
Мова першай матчынай калыханкі і апошняга “бывай”, мова старадаўніх архіваў і новых школ, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш.
У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Мова неўміручая. Ірландская, валлійская, баскская, іўрыт, мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова – душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.
Мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах – мякка, а за тры вярсты чуваць.
Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!
(Паводле Ул. Караткевіча)
У гэтым годзе праверку дыктоўкі і вызначэнне пераможцаў будуць праводзіць мясцовыя структуры ТБМ. Імёны пераможцаў з дакладным адрасам, фотаздымкам і кароткай біяграфіяй просім даслаць у сядзібу ТБМ (220034, Мінск, вул. Румянцава, 13) дзеля адмысловай публікацыі ў “Нашым слове” і ўзнагароджання.
Наступны этап дыктоўкі, 15 сакавіка, будзе прымеркаваны да дня першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Апошні, 25 сакавіка, — да 91-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Спадзяюся, што напісанне ў лютым і сакавіку гэтага года Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі стане штогадовай традыцыяй, і ў ёй будуць прымаць удзел усё больш людзей.