Напэўна, усе каштавалі традыцыйную шарлотку з яблыкамі, аднак ёсць варыянт і з іншым начыненнем — клубніцы. Тым больш, зараз сезон гэтай смачнай ягады і яна вельмі даступная. Па смаку гэты ласунак нагадвае чызкейк з-за вялікай колькасці топленага масла, толькі больш сакавіты, бо прысутнічаюць ягады.
Шлях ад Паўднёвай Амерыкі да беларускіх земляў
З Паўднёвай Амерыкі ў 1624 годзе ў сталіцу Францыі была прывезена так званая віргінская суніца. Яе высадзілі ў Каралеўскім батанічным садзе. Праз дзевяноста гадоў побач саджаюць суніцу, якую прывезлі з Чылі. Здарылася іх скрыжаванне, такім чынам і з’явілася клубніца садовая з буйнымі пладамі — прамаці сённяшніх гатункаў клубніцаў. З Францыі гэтая культура з буйнымі пладамі стала трапляць у сумежныя дзяржавы. У хуткім часе яна стала папулярнай і на нашых землях, асабліва сярод заможнай шляхты, якая мела ўласныя сядзібы.
Лясную ж суніцу нашыя продкі ведалі з даўніх часоў, збіралі і ўжывалі ў ежу або дадавалі ў іншыя стравы. Не былі выключэннем і пірагі, калі пачынаўся сезон гэтых ягад: што простыя, што заможныя людзі з радасцю ласаваліся выпечкай з ягадным начыненнем, якая пазней займела назву «шарлот», або пірог. На той час гэта ў большасці быў сезонны ласунак і гатавалі яго з лета па восень, пакуль былі свежыя ягады, яблыкі і грушы.
Як за гадзіну прыгатаваць пірог з клубніцамі?
У посуд, дзе будзе замешвацца цеста, усыпаць муку, убіць яйкі, дадаць цукар, крыху солі, шчопаць цынамону, можна дадаць крыху разрыхляльніка.
Вялікі кавалак масла падзяліць на кубікі і выкласці ў сатэйнік, растапіць на маленькім агні, пастаянна памешваючы, і даць крыху астынуць. Астылае топленае масла ўліць у масу і добра перамяшаць, дадаючы малака, каб цеста было не надта густое.
Клубніцы памыць і аддзяліць пладаножкі, парэзаць адвольна і разам з цестам выкласці ў форму для запякання, добра змазаную алеем. Алею не шкадуйце, іначай пірог прыліпне.
Запякаць у духоўцы пры тэмпературы 190 градусаў цягам 45 хвілін. Гатоваму пірагу даць астынуць, падаваць парцыйна, упрыгожыўшы свежымі клубніцамі, лістком свежай мяты і цукровай пудрай.
Смачна есці!
Чытайце яшчэ: Хлебны квас, узвар з чарэшні і клубнічна-вяршковы кактэйль. Гатуем смачныя летнія напоі разам з «Будзьма!»
Нам спатрэбяцца:
Клубніцы — 400 грамаў
Мука — 200 грамаў
Масла — 140 грамаў
Малако — 100 мл
Цукар — 80 грамаў
Яйка — 2 штукі
Соль — траціна чайнай лыжкі
Разрыхляльнік — чвэрць чайнай лыжкі
Цынамон — па смаку