Андрэй Мельнікаў піша на budzma.by пра неверагоднае, напоўненае прыгодамі, жыццё Саламеі Пільштыновай.
260 гадоў таму нашая адораная зямлячка Саламея Русецкая-Пільштынова пакінула ў спадчыну цікаўным уласны рукапіс на 367 старонках, з якіх старонкі з 312 да 366 былі толькі пранумараваныя і без тэксту.
Вось і ўсё, што засталося нам пасля яе...
Загадка прыгодаў яе тэксту
Наколькі можна меркаваць па запісах Саламеі, яна не рвалася шукаць прыгодаў, проста так склаўся лёс.
З тых жа запісаў вынікае, што грошы Саламеі, «якія цяжка дасталіся», яна «выдаткавала на друкаванне гэтай кніжкі». Але знойдзеныя ў кракаўскай бібліятэцы імя Чартарыйскіх у 50-я гады ХХ стагоддзя запісы захаваліся толькі ў рукапісе, першая вядомая кніжка з іх выйшла ў 1957-м у Кракаве; не на грошы аўтаркі.
І мы можам меркаваць, што:
1) наўрад ці аўтарка паспела напісаць усё, што хацела, іначай не пакінула б 55 старонак толькі з нумарацыяй;
2) хутчэй за ўсё, у 1760-м яна страціла магчымасць кантраляваць лёс выдаткаваных на кнігу ўласных грошай, магчыма, з прычыны сваёй смерці;
3) грашыма, выдаткаванымі Саламеяй на кнігу, скарысталіся іншыя людзі і ў іншых мэтах.
Саламея Пільштынова
Авантурная завязка юнацтва
Бацька Саламеі Яўхім Русецкі быў месцічам на Наваградчыне. Там Саламея нарадзілася ў 1717 ці 1718 годзе. Тэксты даследчыкаў сцвярджаюць, што ў 1718-м. Але пры тым пагаджаюцца, што ў 1731-м ёй было 14.
«У маладым маім веку выдалі мяне бацькі замуж з Літвы, з Наваградскага ваяводства, за доктара Якуба Гальпіра, з якім у той жа год я паехала ў Стамбул, і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны».
Адкуль паходзіў доктар Якуб Гальпір? А чаму б не са слаўнага Полацка, адкуль і «надзвычай добры» доктар Францішак Скарына і добры пісьменнік Навум Гальпяровіч? Сусвет дае нам безліч падказак-знакаў-узаемасувязей, на якія шмат зважалі людзі мінулых эпох, але нашыя сучаснікі хутчэй імкнуцца іх ігнараваць, пераважна праз уласныя комплексы і праблемы...
***
У Стамбуле Гальпір паспяхова і хутка ацаліў сляпога, нямоглага рукамі і нагамі «ужо гадоў сем» прыслужніка султана, так «што мог той сам чытаць і пісаць вачыма і рукамі сваімі і хадзіць нагамі куды хацеў, нават без кійка». У выніку апроч шчодрай аплаты лячэння ад прыслужніка «шмат падарункаў атрымаў» Гальпір «ад султана і стаў вельмі славутым лекарам у Стамбуле».
Хуткі трыумф, але, не прайшло і «паводле звычаю» трох месяцаў лячэння, як вылекаваны пацыент памёр.
Гальпіра кінулі ў вязніцу, і пачаліся на яго «нападкі і гвалт... ад жонкі і дзяцей таго памерлага турка, што абавязкова хацелі загаду задушыць» лекара.
Тут і пачаліся вымушаныя лёсам «авантуры» зусім маладзенькай чатырнаццацігадовай Саламеі...
Маладая жонка супрацьстаіць кіраўніку адміністрацыі
Па сённяшніх панятках Саламея апроч замаладога ўзросту была яшчэ і асобай з заўважна абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: «нагу мела ўсохлую і карацейшую за другую на паўлокця, і ўсё цела нясцерпна балела».
Па яе загадзе яе насілі на насілках. Аднеслі спаткацца са зняволеным мужам, той параіў пісаць прашэнне да візіра (кіраўніка адміністрацыі султана).
Саламея склала гэткае прашэнне, даводзячы ў ім бязвіннасць мужа. Яе аднеслі ў дыван (установу, якую можна зразумець як суд, сход і адміністрацыю султана адначасова), дзе яна «ў прысутнасці многіх людзей» перадала прашэнне візіру і была запрошаная атрымаць адказ ад яго ўвечары.
Саламея здзівілася падазронаму часу і замест сустрэчы ўвечары з візірам ізноў завітала да зняволенага мужа. Той «адказаў: лепей найжахлівейшаю смерцю памерці, чым каб я ў яго адсутнасць схілілася да неабдуманага жыцця і запляміла сваё чыстае сумленне. Прыйшла ноч, і я загадала несці сябе дахаты».
Назаўтра Саламея прымае рашэнне дзейнічаць дзеля вызвалення мужа не праз кіраўніка адміністрацыі, а праз першапрычыну — пакрыўджаных сваякоў памерлага пацыента: «загадала насіць мяне сюды-туды да ўплывовых паноў турэцкіх і добрых маіх прыяцеляў, каб мяне памірылі з тымі дахвадзыямі».
Прымірэнне «вялікімі стараннямі і дапамогай Божаю» вылілася ў вялізныя грашовыя траты, але «калі праблема толькі ў фінансах, тое не праблема, тое — расходы», праўда?
І быў вызвалены Гальпір з вязніцы, «і меў вялікую павагу да мяне за мае старанні і выдаткі».
І лекарка, і следчая
Маладзенькая жонка лекара траціць некалькі месяцаў на даследаванне, «з якое гэтае прычыны памёр той наш (!) пацыент». Увайшоўшы ў справу, яна не схільная яе кідаць — ці не самая галоўная якасць, якая дазволіць ёй пражыць бурлівае жыццё з павагай шмат каго з вялікіх і ўплывовых.
Урэшце яна выходзіць на сведчанне, што ў аптэцы, дзе па рэцэпце Гальпіра гатаваліся лекі, «адзін габрай, лекар Фансека... з зайздрасці ўкінуў у ступку, дзе гатаваліся лекі, атруты, і такім чынам памёр той турак». Саламея ўгаворвае мужа, каб той патрабаваў тлумачэнняў ад нядбайнага аптэкара, пры якім адбывалася злачынства, але Якуб схільны ў тым напрамку больш анічога не рабіць: «Дзякуй Пану Богу, што мяне не пазбавілі жыцця. Добра, што на грашах скончылася».
Маладая жонка выходзіць з-пад кантролю
Пасіўнасць мужа штурхае жонку на ўласныя ініцыятывы. «Употай ад мужа майго і ў адсутнасць ягоную» Саламея кіруе напісаннем грунтоўнай скаргі са згадкай і Фансекі, і «аптэкара Ёгана» (які не спыніў ператварэння лекаў у атруту і не папярэдзіў пра тое) — з пералічэннем выдаткаў, што пайшлі на ўлагоджанне справы. Са скаргай Саламею нясуць у візірскі суд (кіраўніка адміністрацыі султан паспеў замяніць на лепшага).
Новы візір вырашае справу за некалькі гадзін. У суд дастаўляюць і Фансеку, і Ёгана. Перапалоханы лекар вяртае Саламеі ўсе патрачаныя ёю грошы, вернутае і добрае імя Якуба Гальпіра.
Што было далей
Калі вам цікава — вельмі раю прачытаць мемуары Саламеі Русецкай пра авантуры яе жыцця. Яе жыццё ўскосна спрычынілася (а можа, і стала сапраўднай прычынай) стварэння
першага стацыянарнага тэатра ў Беларусі. Русецкая — гэта змястоўная літаратура з рысамі як «нон-фікшн», так і мастацтва.
Шкада толькі, што шматадораную Саламею, хутчэй за ўсё, усё ж забілі...
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!