У наш час, поўны і нават перапоўнены разнастайнай інфармацыяй, магчымасцямі выбару, шматзадачнасцю ў кожнай сферы жыцця, бясконцымі хуткімі зменамі модных тэндэнцый і навуковых парадыгм, часта бывае вельмі складана засяродзіцца на штодзённай працы, над тым, што важна менавіта вам. Пракрастынацыя, бессэнсоўны сёрфінг па сеціве, заліпанне ў сацыяльных сетках і іншыя малакарысныя заняткі з’ядаюць увесь час і творчую энергію.
У такіх выпадках можа дапамагчы толькі самадысцыпліна — здольнасць займацца руціннымі, не вельмі цікавымі альбо складанымі штодзённымі справамі без знешняй матывацыі. Займацца імі пастаянна, пакуль не будуць дасягнутыя пэўныя вынікі.
На жаль, не існуе чароўнай пігулкі, каб атрымаць гэтую здольнасць адразу 80-га ўзроўню. Але яе можа развіць і пракачаць у сабе кожны чалавек!
У гэтым артыкуле мы даем 5 эфектыўных практыкаванняў, выконваючы якія, вы пракачаеце свае навыкі самадысцыпліны да высокага ўзроўню.
У любой дзейнасці ёсць пэўная мэта. Калі вынік хуткі, а мэта — відавочная, займацца нават не вельмі прыемнай справай нашмат лягчэй. Знакаміты коўч Браян Трэйсі раіць папрацаваць з уменнем ставіць мэты.
Для гэтага практыкавання вам спатрэбіцца нататнік (сшытак) на спружынках — такі, каб можна было перагарнуць аркуш і не бачыць, што на ім напісана. І 10-15 хвілін шторанку. Практыкаванне трэба выконваць на працягу 30 дзён.
Кожны ранак, перад тым як заняцца штодзённымі справамі, сядзьце, выдыхніце і запішыце 10 мэтаў, якіх вы хочаце дасягнуць цягам года (2-3 гадоў). Важна! Мэты запісваюцца так, быццам яны ўжо здзейсненыя і вы атрымліваеце асалоду ад вынікаў. Напрыклад, жадаеце вы падцягнуць замежную мову. Пішам: «я валодаю французскай мовай на такім і такі узроўні» альбо «я свабодна размаўляю і чытаю па-ангельску». І так 10 мэтаў.
На наступны дзень зноў пішам 10 мэтаў, але перагарнуўшы папярэдні аркуш і не чытаючы, што было напісана ўчора. І так 30 дзён. Вы заўважыце, як з шэрагу вашых «хацелак» выкрэсліцца тое, што вам не вельмі і патрэбна. Напрыканцы месяца мусіць застацца толькі сапраўды «вашае». Прычым кожны раз фармуляваць вы гэтыя мэты будзеце па-рознаму, пакуль не знойдуцца тыя самыя словы, якія максімальна дакладна абазначаць, што вы хочаце.
Абавязкова запісваць, а не проста прагаворваць у галаве свае 10 мэтаў — так яны лепш засвояцца на ўсіх узроўнях і ваша падсвядомасць пачне працаваць над іх дасягненнем. І нудная руцінная праца, звязаная з імі, будзе ўспрымацца па-іншаму, выконвацца хутчэй і лягчэй.
Браян Трэйсі адзначае, што яго вучні, паспрабаваўшы гэтае практыкаванне, не перарываюць яго пасля 30 дзён, а ўводзяць у свой штодзённы графік і працягваюць прапісваць свае мэты на бліжэйшы год усё жыццё. А напрыканцы года перачытваюць гэты нататнік і адзначаюць свае дасягненні.
Яшчэ адно практыкаванне, што дысцыплінуе асобу, — назапашваць грошы. Не проста паставіць скарбонку і кідаць туды «вольныя» манеткі, а ўсталяваць сабе дакладны працэнт ад даходаў і, нягледзячы ні на якія абставіны, адкладваць гэты адсотак штомесяц (штотыднёва).
Пачынаць раяць з 1% ад вашых даходаў. Пагадзіцеся, 1% — зусім незаўважная сума. 3-5 месяцаў у вас атрымалася адкладаць 1% — цудоўна, павялічваем суму. Так паступова даводзім свае накапленні да 10-15%. Калі вы досыць упэўненая і дзейная асоба, павялічваць працэнт зберажэнняў можна не праз 3-5 месяцаў, а кожны месяц.
Гэтае практыкаванне дае адразу некалькі эфектаў. Першае — яно дысцыплінуе вас, фармуе звычку размяркоўваць свае фінансы больш свядома (бо за кошт гэтых 10%, што пойдуць у скарбонку, значна паменшае спантанных тратаў на непатрэбнае).
Па-другое, змяншэнне вашых «актыўных» сродкаў у кішэні будзе стымуляваць вас шукаць дадатковыя крыніцы заробку, павышаць свае веды і кампетэнцыі, каб стаць больш высокааплачваным спецыялістам, а можа, і памяняць працу, якая даўно абрыдла.
Па-трэцяе, 2-3 гады выконвання гэтага практыкавання створыць для вас невялікую падушку фінансавай бяспекі. Альбо дасць магчымасць здзейсніць дарагую мару, на якую заўжды не хапала рэсурсаў.
Заводзім яшчэ адзін нататнік альбо проста блок паперак. Кладзём яго каля ложка разам з асадкай. Кожны дзень перад сном ствараем спіс таго, што плануем (мусім, хочам) зрабіць заўтра.
Ранкам адрываем аркуш са спісам і кіруемся ім. Так вам не давядзецца траціць час на згадванне, а што ж такое сёння трэба зрабіць абавязкова. Да таго ж засынаць пасля такога практыкавання стане прасцей: думкі пра заўтрашнія справы не будуць замінаць. Прызвычаіўшыся працаваць са спісам, вы таксама станеце дысцыплінаванай асобай і надзейным партнёрам, які не забывае зрабіць важныя справы ў тэрмін.
Ну і бонусам будзе тое, што, атрымаўшы перад сном спіс задач, ваша падсвядомасць пачне працаваць над ім ужо ўначы! І ранкам вы будзеце ведаць, як хутчэй і найбольш эфектыўна справіцца з тым ці іншым пытаннем.
Гэтае практыкаванне не вельмі прыемнае, нямногія на яго адважваюцца. Але яно звышэфектыўнае. І калі вы яго засвоіце, ваш узровень самадысцыпліны дасягне неверагодных вяршыняў.
Сутнасць яго вельмі простая на словах і не вельмі — для выканання. Успамінаем карысную справу, якую вы не любіце рабіць і стараецеся «адмазацца» ад яе выканання ўсімі праўдамі і няпраўдамі кожны раз. Напрыклад, мыць посуд. Ставім сабе тэрмін (не менш за 30, але і не больш за 100 дзён) — ён залежыць ад таго, які ўзровень «раздзяўбайства» вы ў сябе дыягнаставалі. Чым вышэйшы — тым большы тэрмін.
І... на працягу гэтага тэрміна выконваем сваю самую нелюбімую працу штодня. На гэта трэба наважыцца. Бо нельга даваць сабе слабіну і прапусціць хаця б дзень — калі так атрымалася, трэба пачынаць практыкаванне наноў.
Пасля такога практыкавання ўсе іншыя нудныя справы будуць падавацца вам лёгкімі і прыемнымі. Да таго ж ваш мозг прызвычаіцца рабіць нават тое, што не хочацца; вы навучыцеся штодня шукаць матывацыю і сілы на выкананне таго, чаго вы не любіце. Ну і, вядома ж, самаацэнка і ўзровень самапавагі значна павысяцца.
Тут нам спатрэбяцца элементарныя веды арыфметыкі і, магчыма, калькулятар. Успамінаем прынцып 80/20. Ён прымяняецца ў розных сферах. Вось як гэта працуе на прыкладзе звычайнага працоўнага дня.
Запісваем на аркушы, колькі ў нас працоўнага часу. Напрыклад, 8 гадзін. Успамінаем, за што — за якую дакладна дзейнасць — мы атрымліваем заробак. Калі вы прадавец, відавочна, гэта будзе дзейнасць па продажы. Калі журналіст — напісанне артыкулаў. Калі педагог — навучанне і г. д.
Вылічваем 80% ад агульнай колькасці свайго працоўнага часу. У нашым выпадку (8-гадзінны працоўны дзень) гэта будзе 6 гадзін 24 хвіліны. Вось гэты час вы мусіце займацца вашай непасрэднай працай. На ўсё астатняе (праверка мэсэнджараў, піццё кавы, размовы з калегамі і г. д.) у нас застаецца гадзіна і 36 хвілін.
Прытрымліваючыся такога прынцыпу ва ўсіх сферах свайго жыцця, вы значна павысіце эфектыўнасць сваёй працы, зможаце лепш размяркоўваць час і менш траціць яго на «невядома што рабіў».
Вікторыя Лебедзева, budzma.by