Самая важкая музычная прэмія Беларусі

04.04.2013 Музыка

На лога новай музычнай прэміі пад назвай “Рок-профі” змешчаная вялікая канцылярская кнопка вастрыём уверх, што, на думку стваральнікаў прэміі Змітра Безкаравайнага і Паўла Юрцэвіча, можа сімвалізаваць як “пік прафесіяналізму”, так і жаданне “падкласці шпільку” калегам. Гэта, бадай што, адзіны іранічны момант, датычны прэміі, што пазіцыянуецца як “першая прафесійная”. Усё астатняе выглядае важка і грунтоўна, як 4-кілаграмовая статуэтка, якую атрымае кожны пераможца ў шасці намінацыях. Як кажа адзін з сябраў журы Аляксандр Памідораў, такую ўзнагароду разбіць будзе неймаверна цяжка, так што застанецца яна на вечную памяць аўтарам “Найлепшага альбому”,“Найлепшай песні”, “Найлепшаму артысту”, а таксама галоўным дэбютантам года і заслужаным майстрам музычнага мастацтва (намінацыі “Дэбют году” і “За ўнёсак у беларускую музыку”). Яшчэ адна, шостая, намінацыя — самая ўнікальная, бо ўручаецца за “Найлепшы запіс” з пункту гледжання гукарэжысуры.

Галасуюць па згаданых намінацыях выключна музыканты, якіх агулам набралася каля 60 асобаў. Крытэр, паводле якога можна было трапіць у журы — наяўнасць прынамсі аднаго афіцыйна выдадзенага альбому за апошнія тры гады. У кожнай намінацыі — каля 40 рэальных прэтэндэнтаў, усяго ж пад разгляд трапілі каля паўсотні рэлізаў, што былі выдадзеныя ў 2012 года. Вырашана было абмежавацца па стылі і разглядаць тое, што так ці інакш можа падпадаць пад паняцце “рок-музыка і альтэрнатыва”, хоць усё адно намінанты сабраліся даволі разнастайныя: ад поп-року ад “Без билета” да хэві-мэталу ад Gods Tower. Для яшчэ большай грунтоўнасці вырашана было стварыць Кантрольны Камітэт, своеасаблівы музычны ЦВК, у які ўвайшлі прадстаўнікі вядучых беларускіх гуртоў — “Серебряная свадьба”, Naka, “Троіца”, Pomidor/off, “Палац” ды інш.. Яны назіраюць, каб падлік адбываўся празрыста і сумленна. Вынікі першага тура галасавання сярод музычнай грамадскасці будуць абвешчаныя ўжо на наступным тыдні. Тады ж будзе названы пераможца ў намінацыі “За ўнёсак”. Сама ж цырымонія адбудзецца 16 красавіка ў закрытым фармаце пад жывое суправаджэнне музыкаў з Украіны і Літвы. Такім чынам, арганізатары хочуць стварыць такія ўмовы, каб “беларускія музыкі змаглі ў гэты дзень разняволіцца”.

Наогул жа сэнс прэміі бачыцца ў тым, каб пазнаёміць беларускіх музыкаў з беларускай музыкай. Такую думку пацвярджаюць словы Змітра Безкаравайнага: “Вельмі часта сустракаюцца ў інтэрв’ю нашых выканаўцаў словы пра тое, што яны прынцыпова не слухаюць беларускае. Паўстае тады пытанне: а хто будзе слухаць іх, калі яны самі не цікавяцца тым, што робяць іх калегі. Гэтая прэмія дае магчымасць паглядзець, што адбываецца ў нашай музыцы з пункту гледжання саміх музыкаў”. Паводле слоў Безкаравайнага, падчас галасавання ўжо было нямала прыкладаў таго, што сябра журы адкрываў для сябе раней нячутыя гурты. “Гэтая прэмія патрэбна найперш музыкам, каб паглядзець на тое, што адбываецца на дзялянцы суседа”, — сцісла падсумоўвае сказанае дырэктар студыі “Осмас” Павал Юрцэвіч, які выступіў ініцыятарам правядзення “Рок-профі”. Ён не выключае, што прэмія можа зрабіцца традыцыйнай і праводзіцца штогод, калі музыканты пагодзяцца актыўна цікавіцца творчасцю сваіх калег і далей.

Мікалай Дубавіцкі