Якія прозвішчы шляхецкія, а якія — сялянскія? Новы выпуск відэапраекта «Сармат» пра шляхецкую культуру

15.02.2024 Сармат

Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.


Sarmat

Ці праўда, што ўсе прозвішчы на «скі» ці на «віч» — шляхецкія? А сялянскія, маўляў, падобныя на мянушкі: Грыб, Жаба, Заяц. Як тады быць з магнацкім родам Кішкаў? Або з сялянамі, што з гонарам насілі прозвішча Васілеўскі ці Іваноўскі? Разбіраем разам паходжанне і гісторыю нашых прозвішчаў.


Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.


Часам чуем, што беларускіх прозвішчаў — ды й няма зусім. Маўляў, на «оў», як Цітоў — расійскія. На «скі», як Васілеўскі, польскія. На «енка», як Бандарэнка, украінскія. Калі ў вас прозвішча на «іч», то нехта абавязкова перапытае: «А ці не з Бабруйскf часам?..». Ну а беларускія... можа Бурак ці Жаба. Такое сабе. Дык вось: гэта ўсё лухта, панове.

А сёння — пагаворым пра нашы прозвішчы, шляхецкія ды не толькі. Пра іх паходжанне, трансфармацыі, казусы і загадкі.

Прозвішчы ў нас вядомыя ад XV ст., і гэта на 300 гадоў раней, чым у Масковіі.

Першыя ўласнікі прозвішчаў, вядома, баяры-шляхта. Скажам, сыны баярына Сенькі рабіліся Сянкевічамі. Але дзеці ягонага сына Тамаша ўжо былі Тамашовымі Сянкевічамі. Праз пакаленне таго Сеньку маглі і забыцца, таму — пераўтвараліся ў Тамашэвічаў.

Чаму было важна зафіксаваць сваё прозвішча, застаўбіць як мага раней? Бо будуць «траблы» з дакументамі.

Скажам, трэба пацвердзіць права на вёску. А яна была дадзеная некалі яшчэ таму Сеньку. А ты — ужо Тамашэвіч. Таму, чым раней трапіш у дзярж-дакументы са сваім прозвішчам, тым лепш. Раз і назаўжды, на стагоддзі наперад.

На Масковіі да XVI  ст. прозвішчамі валодалі толькі абраныя. Прозвішча на «іч» толькі ў вялікага князя, бо ён Рурыкавіч.

Ды яшчэ ў пары дзясяткаў, каму ён асабіста даў. Рэшта — івановы-пятровы. У нас жа — Івашкевічаў, Міцкевічаў, Станкевічаў, Здановічаў, Аўхімовічаў — дагэтуль процьма! Не ўсе былі заможнымі, але галоўнае, свабоднымі.

Сяляне ў нас да XVI ст. прозвішчаў не мелі. Ну а навошта? Усё змянілася, калі іх пачалі фіксаваць кантрольныя органы Вялікага Княства Літоўскага. Было тое падчас гіганцкай аграрнай рэформы 1557 года, вядомай як Валочная Памера. Сялян тады прымацоўвалі да зямлі, перасялялі з хутароў у вёскі ды перапісвалі — упершыню.

Так і з’явіліся іхныя прозвішчы ад імя па бацьку: Багданчык (ад Багдана), Іванюк (ад Івана), Хвядчэня ці Хведарук (ад Хведара). Прозвішчы ад мянушак: Жук, Ваўчок, Заяц, Дрозд, Верашчака, Каляда ці Абух. Ад заняткаў: Ганчарук ці Кавалёнак, тут тлумачыць не трэба. Балцкія — Мацкойць, Марголь ці Юргель. Розныя Нелюбы і Пазнякі. Нелюб, такая мянушка, ад адваротнага — «каб любілі». Пазняк — «позні дзіцёнак». А некаторых імёнаў, ад якіх пайшлі прозвішчы, мы нават і не ўяўляем сабе — як Гоўша, Конан ці Трус (а гэта ад імя Пятрусь). Таксама ад этнічных азнакаў — Лях, Ліцвін, Маскаль ці Прус.

Дык што ж там за шляхту? Яны вельмі розныя. Паглядзіце на прозвішчы магнатаў. Валовіч, Сапега, Храптовіч, Агінскі, Пац, Кішка і нават Слізень. Вось дзе ж ты здагадаешся, што Слізні — буээээ! — гэта шляхта з немалымі капіталамі?

А вось як яно было. Ключ да прозвішча — імя продка, які першы выслужыў сабе шляхецтва. Найчасцей за вайну, бо любая ўлада пачынаецца са зброі. Уявіце сабе такую брыгаду ў князя, у якой байцы маюць мянушкі — Пац ад слова «пацук». Кішка, бо любіў есці «кішку». Сапега — бо соп. Смешна? Магчыма. Але гэта паважаны чалавек і смешная мянушка праз пакаленне ўжо асацыюецца з грашыма і славай.

Калі груба. Вось уявіце сабе банду з 1990-х, дзе ёсць Росцік, Паштэт, Пух ці там яшчэ хто — па мянушках. Але калі хлопцы ідуць да поспеху — ніхто з гэтых «пашцетаў» ужо не смяецца. І калі перанесці рэаліі 1990-х на XV стагоддзе — усё стае на свае месцы. І нашчадкі нейкага там Паштэта — «паштэтавы дзеці» — «паштэтавічы» — ужо былі б паважанымі дваранамі з зямлёй ды грашыма. І няма тут чаго саромецца.

Давайце, каб было зразумела, разбярэм некалькі шляхецкіх прозвішчаў.

Радзівілы — гэта золата, топ. Балцкае састаўное прозвішча як Марывіл ці Монтвіл. Яго інтэрпрэтуюць як «той, хто здабывае, здабытчык». Хоць былі спробы вывесці Радзівілаў ад імя «Радзівон». Ці такое: Радзівіл — бо «радзіў Вільню» — то-бок ад чараўніка, які тлумачыў сон Гедыміну, калі той вырашыў заснаваць гэты вечны горад. Але першы гістарычна зафіксаваны продак Радзівілаў — Осцік, баярын Вітаўта. А Радзівіл — ужо ягоны сын, Радзвіл Осцікавіч. Ад уласнага імені Радзівіла ўзяў назву ўвесь род.

Тышкевічы — слаўная сям’я. А першасна прозвішча паходзіць ад імя Цішка — Цімафей. Ну а нашчадкі Цішкі ў дакументах ужо пераўтварыліся ў Тышкевічаў.

Храптовічы — з вялікай верагоднасцю ад мянушкі «Хрыбет. Быў можа ў іх продак з моцным хрыбетнікам, who knows. «Б» перайшло ў «т» — вось і Храптовічы. Цікава і тое, што Храптовічы стагоддзямі выкарыстоўвалі прыдомак да прозвішча «Літавор». А гэта што? Ад нямецкага litauer, то-бок — ліцвін.

Дамброўскія, Астрожскія, Бжэзінскія — гэта ўжо ад тапонімаў. Дамброўскія на Дамброве, Астрожскія ў Астрогу, Бжэзінскія на маёнтку Бжэзіны. Больш польская традыцыя, калі прозвішча паказвае на валоданні сям’і. У нас жа часта адваротна, паводле роду ідзе назва маёнтка, двара, вёскі. Ад Ланевічаў — вёска ЛаневІчы. Ад Ёдкавічаў — вёска Ёдкавічы. Ад Заневічаў — Заневічы. І гэтак далей. Ці як тут у дакуменце ўжо 1913 года — Казімір Арцюх з засценка Арцюхі Менскай губерні.

Прозвішчы змяняліся. На хвалі паланізацыі ў Рэчы Паспалітай стаў папулярны канчатак на «скі». Так, Ланевічы ставалі Ланеўскімі, Жукевічы — Жукоўскімі, а Ёдкавічы — Ядкоўскімі (з іх быў заснавальнік Гарадзенскага музея, Юзэф Ядкоўскі). Ці вось як тут: позняя папера ад нейкага Вацлава Рачкоўскага з 1941 года. Той Вацлаў мог сам не ведаць, што яго продкі былі Рачкевічамі. А іхны продак — проста Рачка.

Здараліся цікавыя гісторыі. У 1780 годзе ад прыгону вызваліўся такі Антоні Станёнак. Дык вось, стаўшы свабодным чалавекам, захацеў сабе новае прозвішча — Васілеўскі. Чаму? Для гонару, вядома. Як у шляхты!

Былі і трагічныя выпадкі. Жыў сабе дробны шляхціч з прозвішчам Ажахоўскі. Быў чалавекам небагатым, сваёй зямлі не меў, але — свабодным. Арандаваў зямлю ў памешчыка Асвяцімскага. Той Асвяцімскі на яго за нешта ўзлаваўся, запатрабаваў дакументы ды — зніштожыў! Прыпісаў яго да прыгонных з прозвішчам — Жук. Уяўляеце якая крыўда?.. Не ўяўляеце. А я — уяўляю.

Тут важна яшчэ не блытаць з габрэйскімі прозвішчамі на «скі». Як, кажуць: «это другое». Беразоўскі — не таму што валодаў нечым, а таму што быў з мястэчка Бяроза. Слонімскі, Кобрынскі, Заблудаўскі, Беластоцкі тое самае. Не таму, што валодалі цэлымі гарадамі, а таму што паходзілі з іх. Але бог з імі.

Былі прозвішчы з прыдомкамі: Руж-Ружанец, Гром-Грымайла, Дуж-Душэўскі — гэта ад прыналежнасці да пэўнага гербу. Чым складаней — тым цікавей. Былі і фальсіфікацыі. Як у гісторыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: шляхетны прыдомак Дунін наш класік сабе наўпрост прыпісаў — бо Дуніны гэта круценны род з адсылкай да Даніі, герб Лебедзь.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч наогул зарабляў немалыя грошы на фальсіфікацыях генеалогіяў — не толькі сабе, але і іншым. Час быў такі — Расійская імперыя. Дваранства трэба было давесці кучай дакументаў, каб не трапіць у мяшчане ці сяляне. Вось і панеслі нашы засцянковыя шляхцічы свае кроўна-заробленыя рублі да спецыялістаў... Але фальсіфікацыі шляхецтва — асобная тэма. 

Дык ці ёсць нейкі алгарытм, каб вызначыць — вось гэтае прозвішча на 1000% шляхецкае? Можа быць усе тыя, хто на «скі»? Ці на «овіч/ёвіч»? А вось і няма такога алгарытму. Усе розныя. Больш за тое, шляхціч мог збяднець, страціць шляхецтва пры Расійскай імперыі, а нашчадкаў яго ўжо запішуць івановымі ці пятровымі.

Але давайце памятаць і шанаваць свае прозвішчы. Усе. Няважна, ці вашы продкі былі панцырнымі баярамі, ці бортнікамі або рыбакамі. А пра Вашы прозвішчы ды іх гісторыі — напішыце нам у каментарах, га? Будзе цікава.

На сёння — усё. За лайкі, падпіскі, данаты — чалом б’ю!

Гонар і годнасць!

Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту thebudzma@gmail.com або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.

Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.

Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.