Сацыёляг Андрэй Вардамацкі: Грамадзкая думка кiруе мiнiстэрствамi

Ці ўплывае грамадзкая думка на ўладу ў аўтарытарных сыстэмах? Што вынікае з апытаньня ў 58 краінах, дзе Беларусь была сярод лідэраў паводле асуджэньня палітыкі ўладаў у барацьбе з каранавірусам?

17883153-CDA9-436E-BDA2-008A47284B39_w1023_r1_s.jpg

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Свабодзе адказаў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафэсар Андрэй Вардамацкі.

Напрыканцы сакавіка-напачатку красавіка міжнародная група навукоўцаў з 12 вядучых унівэрсытэтаў сьвету, у тым ліку Гарварду, Кэмбрыджу i Оксфарду, правяла ў 58 краінах, сярод якіх была і Беларусь, дасьледаваньне, мэтай якога было высьветліць, як жыхары розных краін рэагуюць на эпідэмію каранавірусу.

У пэрыяд з 20 сакавіка па 6 красавіка на пытаньні анкеты адказалі 110 968 чалавек (3300 — з Беларусі). Гэта найбуйнейшае міжнароднае сацыялягічнае дасьледаваньне па тэматыцы каранавірусу. У Беларусі афіцыйным партнэрам дасьледаваньня была Беларуская аналітычная майстэрня, кіраваная Андрэем Вардамацкім.

— Як праводзілася гэтае дасьледаваньне, у прыватнасьці, у Беларусі? Зараз з прычыны пандэміі праводзіць клясычныя апытаньні «твар-у-твар» напэўна складана. Гэтае апытаньне, наколькі я ведаю, праводзілася цэнтралiзавана онлайн, сярод найбольш актыўных людзей. Таму трэба цьвяроза ставіцца да выбаркі. Што можна сказаць, каб быць мэтадалягiчна карэктным?

— Варта сказаць, што гэта сапраўды апытаньне актыўных людзей, гэта меркаваньне хутчэй незадаволеных. Так што сэнс параўнаньня гэтых вынікаў паміж краінамі — гэта, крыху спрашчаючы, параўнаньне ўзроўняў незадаволенасьці сярод незадаволеных. Ня толькі незадаволеных, але ў цэлым больш сацыяльна актыўнай публікі. I з прычыны таго, што час хутка ідзе — гэта інфармацыя аб тым, як Беларусь уваходзіла ў эпідэмію.

— Патлумачце нашым чытачам, што значыць онлайн-апытаньне?

— Проста быў сайт, на які чалавек мог прыйсьці і запоўніць анкету. Гэта ня тая сытуацыя, калі вам iнтэрвіюэр настойліва грукае ў дзьверы ці тэлефануе, не апытаньне твар у твар.

— Паводле дасьледаваньня, 86% апытаных беларусаў лічаць, што ўлады робяць недастаткова ў барацьбе з пандэміяй, дзейнічаюць неэфэктыўна. Горш ацэнкі — толькі ў Турэччыне. Ці азначаюць такія беларускія ацэнкі, што падобнае адзінадушша можа прымусіць уладу зьмяніць гэтую палітыку?

— Гэта тая сытуацыя, калі грамадзтва ўпершыню кіруе. Пасьлядоўнасьць дзеяньняў топ-мэнэджмэнту краіны заўважальна мянялася ў выніку ўзьдзеяньня «мяккай сілы» з боку грамадзтва. І гэта дакладна бачна па інфармацыйнай палітыцы. Яна стала больш адкрытай і аб’ёмнай. Зьмены пад уплывам бацькоў адбыліся ў паводзінах мiнiстэрства адукацыі.

— Ёсьць меркаваньне, што ў аўтарытарных краінах грамадзкая думка ні на што не ўплывае. Ці так гэта наогул і ў дачыненьні да Беларусі ў прыватнасьці? Вы сказалі, што ўлада мяняе сваю палітыку. Але можа яна гэта робіць пад уплывам абставінаў, хуткага росту распаўсюду каранавірусу? А грамадзкая думка тут пры чым, асабліва думка незадаволеных?

— Заўсёды ёсьць комплекс прычынаў. Што тычыцца тэзісу пра тое, што ў аўтарытарных сыстэмах грамадзкая думка ня мае значэньне — у мяне пытаньне. А навошта адпаведныя рэжымы трымаюць такі вялікі атрад ідэалягічных супрацоўнікаў, прапагандыстаў? Трэба асэнсаваць факт, што іх шмат тысячаў. І іх функцыя — гэта менавіта фармаваньне грамадзкай думкі. Навошта выдаткоўваць немалыя грошы, навошта займаць шмат людзей тым, што ні на што не ўплывае? Тэза, што грамадзкая думка не працуе ў аўтарытарных сыстэмах — няслушная і наагул, і адносна Беларусі. Уся зьнешнепалітычная дзейнасьць Пуцiна — гэта насамрэч расповяд пра ўнутрырасійскую грамадзкую думку.

У сацыяльных сыстэмах не бывае, каб нешта альбо цалкам не аказвала ўплыву, альбо адназначна вызначала. Гэта сацыяльная, а не фізычная, сыстэма, тут няма абсалютных плюсау цi мiнусаў, тут ёсьць толькі ступені.

У адной сыстэме — дэмакратычнай — грамадзкая думка працуе хутка i наўпрост, у іншых — апасродкавана і не адразу. Але грамадзкая думка ўплывае на рашэньні ўлады паўсюль. І Беларусь тут ніякае не выключэньне.

Што тычыцца гэтай канкрэтнай каранавіруснай сытуацыі, можна казаць пра ўмацаваньне ўплыву грамадзкай думкі. І яно зьвязана з паглыбленьнем, умацаваньнем матывацыі. Калі раней размова ішла пра заробкі, зараз — пра жыцьцё. Тут погляды i меркаваньні ўвасабляюцца ў паводзіны значна хутчэй і часьцей. Мацней матывацыя — карацей дыстанцыя паміж думкай і паводзінамі.

Інфармацыя пра сьмерць мяняе паводзіны значна хутчэй, чым інфармацыі пра зьніжэньне дабрабыту ці асаблiвасьцi электаральных падлікаў. Людзі страцілі сваіх родных і яны гавораць публічна рэчы, якія яны раней ніколі б не сказалі ў іншай сытуацыі. Мы бачым экзыстэнцыйныя прарывы ў людзей, якія страцілі блізкіх — яны не баяцца нічога і ўслых гавораць такія рэчы, якія яны ніколi бы не казалi у іншай сытуацыі.

Інфармацыя пра рост цэнаў ці колькасьці бюлетэняў на выбарах — гэта адно, а інфармацыя пра тое, як да цябе падбіраецца старая з касой — гэта крыху іншае.

— У апытаньні вельмі нэгатыўную ацэнку дзеяньняў уладаў далі рэспандэнты ў Турэччыне, Амэрыцы і Расеі. Ці не атрымліваецца так, што ў Беларусі людзі масава незадаволеныя тым, што няма карантыну, у Расеі — тым, што ён ёсьць?

— У Расеі ёсьць незадаволенасьць і наяўнасьцю, і адсутнасьцю карантыну. Так, у Расеі ёсьць пратэсты і супраць карантыну, яскравы прыклад — пратэсты ўва Ўладзікаўказе супраць закрыцьця прадпрыемстваў. Але там ёсьць пратэст і супраць няправільнага карантыну.

У Маскве ўвялі пропускі ў мэтро. Але на станцыях мэтро ўзьнікалі натоўпы. І гэта перакрэсьлівала ўвесь карантын. Расея вялікая і там розныя праявы — як супраць карантыну, гэтак і супраць недастатковага карантыну. Пратэсты адбываюцца супраць менавіта няправільнага балянсу паміж карантынам і становішчам эканомікі. І ў Беларусі, і ў Расеі. Ключавое слова тут не карантын і не эканоміка, а балянс.

— У Беларусі па афіцыйных дадзеных на 28 красавіка 79 чалавек памерла ад віруса, у Бэльгіі, дзе таксама прыкладна 10 млн насельніцтва — у 100 разоў больш, 7331. Тым не менш у Беларусі паводле вашага апытаньня 86% незадаволеныя дзеяньнямі ўладаў падчас эпідэміі, а ў Бэльгіі паводле таго ж апытаньня — толькі 40%. Як гэта можна растлумачыць?

— Гэта стандартная мэдыйная сытуацыя. У Бэльгіі іншы ўзровень мэдыйнай адкрытасьці. Калі людзям падрабязна і рэгулярна тлумачаць, то нават сытуацыя, якая паводле абʼектыўных, мэдычных паказьніках горш, успрымаецца больш спакойна.

Зараз спэцыфіка Беларусі ў тым, што з прычыны першапачатковага інфармацыйнага туману ў людзей сфармавалася агульная нэгатыўная ўстаноўка адносна традыцыйных мэдыяў. Людзi пачалi прадукаваць iнфармацыю самастойна. I часам ня будуць цанiць i тое добрае, што робіцца. А робіцца шмат — гэта i праца гераічных мэдыкаў, i чыстка вулiц Менску і г. д. Але ж будзе працаваць эфэкт нэгатыўнай адаптацыі.

— Справа ў абʼектыўных ці субʼектыўных чыньніках сытуацыі? Там вераць, што ім кажуць праўду, а ў Беларусі — ня вераць? А ці праўду гавораць улады з Брусэлю ці Менску — адказу наагул ніхто ня ведае?

— Рэакцыя грамадзтва адбываецца на інфармацыю, а не на рэальнасьць, як такую. Калі людзі ўспрымаюць інфармацыю ўладаў як абʼектыўную, то напружанасьць менш. Ёсьць розьніца паміж інфармацыяй аб рэальнасьці і самой рэальнасьцю.

— Інфармацыю ўладаў аб пандэміі ў Беларусі лічаць, паводле вашага апытаньня, непраўдзівай 63%. Таксама шмат, але менш, чым у ЗША (75%). Але там свабода, дэмакратыя і падсправаздачнасьць улады народу. Чаму ж там такія кепскія ацэнкі, горшыя, чым у дыктатарскай Беларусі?

— У ЗША быў значна большы ўдар пандэміі. Уявiце сабе аэрапорт GFK у Нью-Ёрку. Гэта «ідэальны» каранавірусны шторм. Дулі вятры і кітайскія, і італьянскія, і гішпанскія, і любыя іншыя. Маштаб і хуткасьць удару прывялі да таго, што людзі там ня верылі наагул нічому.

Другая прычына — гэта палітычна расколатае грамадства ў ЗША. За Трампа — супраць Трампа. Там ідуць два патокі інфармацыі, якія даюць супрацьлеглыя мэсыджы і інтэрпрэтацыі. І гэта дэзарыентуе. У Беларусі ідуць рознаскіраваныя патокі інфармацыі ад мэдыя дзяржаўных і недзяржаўных. А там абодва патокі інстытуцыйныя, паважаныя. І ў гэтым цяжка разабрацца.

Гэта і спараджае дэзарыентацыю, якая склалася ў ЗША. Дэмакратыя ці дыктатура — гэта не заўсёды тое ўнівэрсальнае тлумачэньне, якое тлумачыць усё.

— Паводле апытаньня беларусы менш, чым іншыя народы сьвету, прымаюць у сытуацыі пандэміі засьцерагальных мераў — ад мыцьця рук да дыстанцыянаваньня. У чым прычына? Таму што няма афіцыйных заклікаў, а тое і яны адваротныя, асабліва з вуснаў прэзыдэнта? Слухаюцца Лукашэнку? Чаму, калі ня вераць яму і палітыку яго лічаць памылковай?

— Дадзеныя апытаньня — гэта дадзеныя трох тыдняў і большай даўнасьці. Зараз сытуацыя безумоўна іншая. Магчыма, цяпер антыэпідэмічныя паводзіны беларусаў зьмяніліся.

Але тады, напрыканцы сакавіку-напачатку красавіка з боку нацыянальных СМІ не падавалася паведамленьня пра пагрозу пандэміі. Грамадзкая думка супярэчлівая. Людзі ня вераць афіцыйным СМІ, але яны і ня робяць дзеяньняў, ці ў меншай ступені, чым у іншых краінах, робяць дзеяньні, якія наўпрост супярэчаць мэсыджу афіцыйных СМІ сваёй краіны.