Саюз беларускіх пісьменнікаў адзначыў 80-годдзе

16 чэрвеня ў Мінску адбылася ўрачыстая Рада, прымеркаваная да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сябры Рады СБП, старэйшыя літаратары, старшыні абласных аддзяленняў, калегі і партнёры грамадскай арганізацыі.

Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Мікола Яцкоў, Пятро Васючэнка, Віктар Жыбуль, Юрка Голуб, Андрэй Хадановіч, Віка Трэнас, Іван Мельнічук, Віктар Казько, Леанід Галубовіч, Алесь Пашкевіч, Арсен Ліс, Лявон Баршчэўскі, Лідзія Арабей, Галіна Каржанеўская, Вольга Іпатава, Барыс Пятровіч, Андрэй Федарэнка, Раіса Баравікова, Генрых Далідовіч, Міхась Скобла, Вячаслаў Рагойша, Кастусь Цвірка, Адам Мальдзіс, Васіль Зуёнак, Анатоль Бароўскі.

Былі разгледжаны заявы Раісы Баравіковай на аднаўленне сяброўства і Алены Масла на ўступленне ў СБП. Такім чынам, у гэты святочны вечар склад Саюза пісьменнікаў папоўніўся двума сябрамі.

Раіса Баравікова

Алена Масла

Вечар быў адкрыты хвілінай маўчання — прысутныя ўшанавалі памяць Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Дамашэвіча, Анатоля Кудраўца, Давіда Сімановіча, Уладзіміра Чапегі, якія пайшлі з жыцця цягам папярэдніх некалькіх месяцаў.

У сваім слове празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч павітаў усіх прысутных, акрэсліў асноўныя этапы станаўлення і развіцця грамадскай арганізацыі, першы з’езд якой адбыўся ў чэрвені 1934 года.

Алесь Пашкевіч зачытвае прывітальнае слова Ніла Гілевіча.

Першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч зачытаў віншавальнае слова, перададзенае Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам:

 Дарагія аднапалчане, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў!

Ад усяго сэрца віншую вас з высокім юбілеем творчай арганізацыі, да якое мы з вамі належым, у якую кожны з нас уступаў, ведаючы дзеля чаго; а менавіта — ведаючы, што так, у адным шэрагу, локцем да локця, а лепш сказаць сэрцам да сэрца, з паплечнікамі і пабрацімцамі, мы будзем больш упэўнена пачувацца ў сваім вялікім клопаце пра наша роднае мастацкае слова, у сваім нязводным неспакоі, як лепш паслужыць гэтым словам яе вялікасці Праўдзе, а гэта значыць — паслужыць Беларусі, бо нашай бядотнай, шматпакутнай Бацькаўшчыне патрэбна толькі слова Праўды, слова ў абарону чалавечнасці, дабра і справядлівасці.

З гэтым мы паступалі ў Саюз — з гэтаю верай, што будзем працягваць вялікую справу папярэднікаў, будзем працягваць, у меру сваіх здольнасцяў, каб даць добрым людзям духоўны спажытак. А працаваць сёння беларускаму пісьменніку вельмі цяжка.  Цяжка, бачачы, колькі няпраўды і хлусні ты вымушаны пераадольваць, бачачы, колькі панапладзілася ворагаў беларушчыны, якія прагнуць задушыць нашае роднае слова.

Сёння кожнаму з нас трэба яшчэ больш думаць і яшчэ больш клапаціцца пра самае галоўнае — пра лёс нашай мовы. Ні на хвіліну не будзем забываць, што цягам стагоддзяў найпершай мэтай каланізатараў было — расправіцца з нашай мовай і такім чынам асіміляваць усіх жыхароў краіны. У асімілятараў лістасці не было і няма. Нагадаю вядомы факт: больш палавіны дэлегатаў Устаноўчага з’езду, юбілей якога мы святкуем, к канцу 1938 года былі рэпрэсаваныя; адных расстралялі, другіх саслалі на катаргу. За што? За тое, што былі шчырымі патрыётамі роднага слова. Толькі за тое! Іншай віны ні ў кога з іх не было!

Дарагія сябры! Зычу ўсім вам натхнёнай плённай працы і багатых творчых набыткаў! Зычу мужнасці ў нашым вялікім змаганні за беларускую Беларусь!

 

Прыняты ў Саюз пісьменнікаў 60 гадоў таму назад

Ніл Гілевіч     

Барыс Пятровіч і Ніна Шыдлоўская з падарункам на юбілей СБП ад ЗБС “Бацькаўшчына”

Са святочнымі прамовамі выступілі кіраўніцы ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, Старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца, галоўны рэдактар газеты “Новы Час” Аляксей Кароль, усе старшыні абласных аддзяленняў СБП (Анатоль Бароўскі, Юрка Голуб, Настасся Лазебная, Іван Мельнічук, Мікола Яцкоў).

Павіншавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў з юбілеем літаратары Лідзія Арабей, Уладзімір Арлоў, Раіса Баравікова, Лявон Баршчэўскі, Вольга Іпатава, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Адам Мальдзіс, Алена Масла ды іншыя.

Вольга Іпатава

Адам Мальдзіс

Старшыня Віцебскага аддзялення СБП Анастасія Лазебная ўручае падарунак да 80-годдзя СБП старшыні Рады Саюза Барысу Пятровічу.

Найстарэйшая ўдзельніца ўрачыстай Рады Лідзія Арабей і старшыня Магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў.

Усевалад Сцебурака з сувенірнымі нататнікамі да 80-годдзя СБП, якія атрымаў кожны ўдзельнік урачыстай Рады.

Фота Алены Казловай,

Тэкст ВТ для lit-bel.org