Селядзец з яблыкам і кручанае сала з часнаком. Гатуем старадаўнія закускі з «Будзьма»

Набліжаюцца святы, а гэта азначае, што трэба задумацца пра тое, што падаваць на стол. Заўсёды хочацца здзівіць сваіх блізкіх смачнай і цікавай стравай. Сёння ў нашай традыцыйнай рубрыцы «Гатуем з Будзьма» дзелімся старымі рэцэптамі закусак, што можна падаваць перад гарачым.


Кручанае сала — смачна і прыгожа

Сала з хлебам — хіба самы старажытны бутэрброд, што елі нашыя продкі. Пару тлустых кавалкаў сала, луста хлеба, цыбуля і агурок упрыкуску былі частым абедам ці вячэрай для тагачасных беларусаў. Ашчаджаючы час для цяжкай фізічнай штодзённай працы людзі стараліся есці сытна і хутка. На святы ж склалася традыцыя ў нашых продкаў апранаць самае прыгожае і лепшае, тое самае і са святочным сталом. Яго стараліся зрабіць прыгожым, смачным і паставіць на стол самае лепшае. А яшчэ да святаў загадзя рыхтаваліся. Традыцыя захавалася па сённяшні дзень.


Нашыя продкі актыўна займаліся свінагадоўляй, таму чаго-чаго, а сала заўсёды хапала. Да таго ж свініну нарыхтоўвалі ўвосень, каб да зімовых святаў мяса і сала апрацаваць і падаць смакоцце на стол.

Сала з хлебам падабалася і заможным людзям, і бедным. На святы маглі не проста парэзаць шматок кавалкамі, а зрабіць кручанае ці дробна насечанае сала з дадаткамі.

Апошняе стагоддзе кручане сала рабілі на мясарубцы. Абавязкова трэба выдаляць скурку! Цвёрдыя кавалкі скуркі ў страве сапсуюць уражанне аб далікатнай закускі.

Чытайце яшчэ: Салёная грудзінка. Гатуем разам з «Будзьма»

У кручанане ці насечанае сала можна дадаваць што заўгодна: часнок, папрыку, чорны перац, каляндру, кроп. Адзінае правіла — усё трэба здрабніць. Калі да святочнай вячэры часу мала, то добра перамяшайце кручанае сала з дадаткамі і пакіньце яго пры пакаёвай тэмпературы на 3-4 гадзіны, прынады хутчэй запрацуюць, а закуску будзе лёгка намазваць на хлеб. Калі да свята ідзе падрыхтоўка загадзя — патрымайце кручанае сала ў халодным месцы суткі, потым патрымайце крыху ў цяпле і можна рыхтаваць закускі.

Да кручанага сала з хлебам пасуюць хрэн, цыбуля зялёная ці чырвоная, а таксама салёны ці марынаваны агурок. 

Чаму такім чынам ужывалі сала? Бо так было прыгажэй і смачней, водар прынадаў дадаваў пікантнасці і такі прадукт было нашмат прасцей жаваць.

Селядзец з яблыкам? Так, гэта смачна!

З селядцом нашыя продкі пазнаёміліся яшчэ ў часы язычніцтва, ёсць верагоднасць, што адбылося гэта ў часы Рагвалода, які быў з варагаў. А варагі вельмі любілі есці селядзец. Не адну тысячу жыццяў скандынаўскіх ваяроў выратавала гэтая засоленая рыба ў доўгіх вандроўках па марах.

Селядца было вельмі шмат, а засолены ён добра захоўваўся, таму ім было вельмі выгадна гандляваць, а пачаставацца ім мог амаль любы жадаючы, бо быў танным. Гэтая рыба магла ледзь не штодня з’яўляцца на сталах нашых продкаў. Елі яго як магнаты, так і беднякі. Не дарэмна па сённяшні дзень захаваўся даволі складаны рэцэпт «селядца па-радзівілаўску».

Чытайце яшчэ: Самая папулярная марская рыба ў беларусаў за тысячагоддзе — марынаваны селядзец. Гатуем з «Будзьма!»

Інгрыдыент даступны, не дарагі, дык чаму не эксперыментаваць?! Вось нашыя продкі і дадумаліся падаваць селядца з яблыкам! Філе засоленай рыбы наразалі дробнымі кубікамі, ачышчаны кіслы яблык — таксама, чырвоную цыбулю тонка наразалі чвэрцькольцамі — усё ў адзін посуд, крыху перцу, пару лыжак смятаны, гарчыцы і гатова, толькі перамяшаць. Выглядае на падсмажаным кавалку хлеба гэтая маса прыгожа, а на смак яшчэ лепей! Каб інгрыдыенты «пажаніліся», лепей патрымаць вымешаную намазку на холадзе каля 4 гадзін. Упрыгожыць дастаткова кропам. Падаваць такую закуску можна і з гарачай варанай бульбай.

Абедзьве намазкі, у выглядзе закусак падаваць лепш на падсмажаным кавалку чорнага хлеба. Яго можна прысмажыць да хрумсткай скарыначкі на патэльні з кавалкам масла. Памятайце, палова смаку стравы заключаецца ў яе знешнім выглядзе! Не шкадуйце свайго часу, каб страву ўпрыгожыць. Прыгожы стол зробіць непаўторным любое свята!

Смачна есці!

Для прыгатавання кручанага сала нам спатрэбіцца белае салёнае сала. Любыя дадаткі ў любой колькасці выключна па смаку.

Для закускі з селядца нам спатрэбіцца:

Селядзец — 250 грамаў

Яблык — 80 грамаў

Цыбуля — 50 грамаў

Гарчыца зернем — чайная лыжка

Смятана — дзве сталовыя лыжкі

Чорны перац — па смаку