2-га лістапада католікі адзначаюць Задушкі, а праваслаўныя — Змітраўскія Дзяды. Прапануем сем цікавых фактаў пра Дзяды ў Беларусі.
Могілкі ў Гродне
Сімволіка Дзядоў блізкая да кельцкага Halloween-а
Дні на мяжы кастрычніка і лістапада — гэта час, калі памерлыя продкі наведваюць жывых. Проста ў беларусаў яны прыходзяць нябачнымі і харчуюцца парай ад страў на стале (хаця былі спосабы пабачыць дзядоў, калі вельмі хацелася, кшталту паглядзець на стол з пачастункам, пакінутым для іх пасля вячэры, праз хамут), а ў кельцкіх народаў (а сёння ўжо і па ўсім свеце, дзякуючы масавай культуры) продкі ўвасабляюцца пераапранутымі персанажамі, якія абыходзяць дамы, просячы пачастунку.
Дзяды не святкуюць
У беларускіх гаворках не кажуць святкаваць Дзяды, а выкарыстоўваюць дзеясловы адзначаць, адпраўляць, спраўляюць, рабіць, строіць, ставіць.
Могілкі ў Гродне
Словы дзед і дзяды ў дыялектах беларускай мовы азначаюць не толькі бацьку аднаго з бацькоў ці памерлых продкаў.
Дзяды казалі пра дажджавыя хмары.
Дзедам звалі таксама:
зажыначны сноп;
апошнія нязжатыя каласы;
апорны ці пячны слуп у хаце;
плод лопуху і інш.
Розныя значэнні слоў дзед і дзяды адсылаюць да сімволікі тагасвету, асновы і крыніцы дабрабыту.
Больш пра значэнні слоў з корнем дзед- у беларускіх дыялектах чытайце па спасылцы.
Католікі звычайна адзначаюць Дзяды толькі раз на год, 1-га ці 2-га лістапада
Касцёльная назва 1 лістапада — Дзень Усіх Святых, а 2-га — Дзень успаміну ўсіх памерлых. У народных гаворках сустракаюцца назвы Усе святыя, Задушны дзень, Задушкі. Калі ў асобных мясцовасцях ёсць дадатковыя даты памінання продкаў, гэта сведчыць пра запазычванне ў праваслаўных суседзяў. Сёння асноўная форма шанавання памяці продкаў у католікаў — візіт на могілкі і запальванне зніча. Гэтую традыцыю паступова пераймаюць і праваслаўныя. Хутчэй за ўсё, замест зніча раней выкарыстоўвалі самаробныя свечы. Католікі, у сваю чаргу, запазычваюць у праваслаўных суседзяў звычай наведваць могілкі ўвесну.
Знічы на могілках. Фота Алены Ляшкевіч
У некаторых праваслаўных вёсках Дзяды адзначаюць да 7 разоў на год
У в. Вітунічы Докшыцкага раёна ёсць нават адпаведная прыказка: Каб сёмы Дзед, дык звёўся б свет. Маецца на ўвазе, што на Дзяды, каб пацешыць продкаў, трэба было прыгатаваць добры стол, што для беднай сялянскай гаспадаркі магло быць не абы-якім цяжарам.
У в. Маісееўшчына Барысаўскага раёна было запісана жартоўнае апавяданне з выкарыстаннем падобнай прыказкі: Ну, былі Дзяды. І вот зайшоў жыд начуваць к хазяіну. Ну, яны падзедувалі, хатка маленькая, сем’я бальшая, ну, падзедувалі, а тады: «Вух-і-вух, вух-і-вух». Жыд гэты ўстаў: «Хадзяйка, хадзяйка, сколькі ў вас Дзядоў?» А яна кажаць: «Семера». Не, «Шэсьцера». Шэсьцера. А каб сёмы Дзед, затухся б увесь сьвет! Спалі ды бухалі. А так яна імела ўвіду, што семера празьнікаў. А ён не знаў...
Звычайна адна значная дата памінання продкаў у праваслаўных прыпадае на вясну, а другая — на восень
Звычайна адна дата памінання продкаў прыпадае на вясну, але не абавязкова на Радуніцу. Гэта можа быць таксама Вялікдзень, панядзелак, чацвер ці нядзеля па Вялікадні. Яшчэ адны Дзяды звычайна ўвосень, але акрамя Змітраўскіх у суботу перад Днём Дзмітрыя Солунскага 8-га лістапада гэта можа быць субота амаль перад любым восеньскім святам: Узвіжаньскія (27/IX), Пакроўскія (14/X), Багародзічныя, Казанскія (4/ХІ), Дзімітравы, Дзмітрыевы, Змітроўскія, Змітравы (8/ХІ), Кузьміны, Кузьмы-Дзям’янавы, Кузьміныя (14/ХІ), Міхайлаўскія, Міхальскія, Міхайлавай недзілі Дзяды (21/ХІ), Піліпаўскія, Піліпоўчаныя, Розьдзвяныя (перад пачаткам посту (28/ХІ).
Восеньскія Дзяды часта лічацца галоўнымі ў годзе, што пацвярджае адна з іх назваў — Вялікія Дзяды. У сваю чаргу, назва Першыя Дзяды, зафіксаваная на Палессі, адсылае да календару з пачаткам году ў верасні (XI-XVI стст.).
Астатнія даты памінання продкаў раскіданыя па ўсім годзе.
Восеньскім Дзядам уласцівая сімволіка «замыкання зямлі»
У некаторых вёсках да значнай у мясцовай традыцыі восеньскай даты памінання продкаў ставілі помнікі новапамерлым. Напрыклад, у Багданаўцы Лунінецкага раёна дубовыя калоды прыкла́далі на магілы перад днём святога Міхаіла, на Дзідавы́м тыжні.
Калоды-пры́клады на могілках у Багданаўцы Лунінецкага раёна. 2021 г.
У вёсцы Камень Пінскага раёна помнікі даўней усталёўвалі перад днём Святога Міхаіла, які там лічыўся прастольным святам.
Да таго ж, на Дзяды, як ужо згадана вышэй, трэба прыгатаваць добры стол. Такім чынам памерлым продкам сімвалічна дэмаструюцца прадукты новага ўраджаю, а сельскагаспадарчы год лічыцца падсумаваным.
Cтол на Дзяды. Крыніца: 1prof.by
Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстаны звесткі з кніг:
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні серыі «Беларуская народная творчасці
Алесь Лозка. Беларускі народны каляндар
Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік; Уладзімір Аўсейчык. Рэгіянальныя асаблівасці і лакальныя варыянты ў каляндарнай памінальнай абраднасці беларусаў Падзвіння (у зборніку «Асоба збіральніка ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны: да 200-годдзя з дня нараджэння Оскара Кольберга»),
а таксама з архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
Алена Ляшкевіч, budzma. org
Чытайце яшчэ:
Беларусы таксама выразалі твары на гарбузах. Але не на Halloween
Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»
Свята, пра якое вы маглі не ведаць: Міхайлаў дзень
Дзень, калі свет жывых і мёртвых аб’ядноўваецца: як нашыя продкі адзначалі «Дзяды»?