У праваслаўных 21 лістапада — Дзень святога арханёла Міхаіла. Яго не адзначалі па ўсёй Беларусі, дзе-нідзе гэты дзень лічыўся толькі прысвяткам. Але ў некаторых лакальных традыцыях Міхайлаў дзень — значная дата. Да гэтага свята маглі прымяркоўваць усталяванне помнікаў на магілы тых, хто памёр на працягу года. А ў Вяляцічах Барысаўскага раёна на Міхайлу пераносяць «свячу» — абрадавы комплекс з абраза і свечкі, які захоўваецца ў кожнай вясковай хаце цягам года. Да таго ж перад Міхайлам адзначалі адны з восеньскіх Дзядоў. Пра асаблівасці свята і абраду «Пераносу свячы» піша фалькларыстка Алена Ляшкевіч.
Скульптура святога Міхаіла каля прысвечанай яму царквы ў вёсцы Рубель Столінскага раёна
Дзень Святога Міхаіла як каляндарны рубеж
У народных прыкметах і прыказках Міхайлаў дзень выступае як адзін з каляндарных рубяжоў, калі, лічылася, змяняўся стан прыроды і, адпаведна, павіны былі пачынацца ці завяршацца пэўныя віды сельскагаспадарчых ці хатніх прац.
Са святам звязана пацяпленне, міхайлавы адлігі. Казалі: З Міхайлы зіма не стаіць, зямля не мерзне.
У Свіслацкім раёне лічылася, што на Міхайла засынаюць мядзведзі.
Прыйшоў Міхал — усіх з поля паспіхаў — казалі пра завяршэнне палявых работ.
Сустракаўся звычай, што пастухі выганялі кароў толькі да Міхайла, а пасля — ужо самі гаспадары.
Пра тое, што Міхайла — значная дата, сведчыць тое, што ў Столінскім раёне да гэтага дня бялілі хаты. У іншых мясцовасцях гэта часта адбывалася да Вялікадня. Па цяперашніх мерках такое дзеянне можна параўнаць з касметычным рамонтам, які, пагадзіцеся, людзі не робяць штогод.
На Міхайлу прадказвалі надвор’е
Са значэння дня святога Міхаіла як каляндарнага рубежа, істотнай даты ў коле года, вынікае тое, што па надвор’і ў гэты дзень варажылі аб надвор’і ў наступны перыяд.
У Шумілінскім раёне прыкмячалі: Калі на Міхайла Рахайла на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд; а таксама: Калі Міхайла ў снягу, то і Пасха ў снягу, а як не, дык і не.
На Міхайлу раздарожжа — да зімовага Міколы (6 снежня ў католікаў, 19 снежня ў праваслаўных) шляху не будзе.
Калі на Міхайлаў дзень сціснець (мароз), то ў Міколаў дзень адпусціць (Валожыншчына).
Святы Міхаіл — абаронца ад грому і навальніцы
У народных замовах Міхайла замяняе грымотніка Перуна, бо кіруе хмарамі, ветрам і громам.
Саламяная страха, якую можа раскідаць моцны вецер
У Калінкавіцкім раёне кажуць: Міхайла мы празднуем, коб гром не біў нас. Не рубаем ні тапаром, ні нажом, ні красён не тком, штоб не абідзіўся Міхал.
На Старадарожчыне заўважаюць: Не трэба рабіць у гэты дзень, бо Міхайла злы — крышы рве. Шалёнага ветру ў гэты дзень чакалі на Случчыне, а свята звалі Міхал-Страхадзёр. На Салігоршчыне казалі Страхалуп.
Пра Дзяды і Помнікі, якія ставілі толькі раз на год
Перад Міхайлам адзначалі адны з восеньскіх Дзядоў. Не ўсюды праваслаўным былі вядомыя Змітраўскія Дзяды, што правілі перад Днём святога Дзмітрыя Солунскага (8 лістапада). Але звычайна нейкая памінальная дата ўвосень была: калі не Змітраўскія, то Узвіжанскія, Пакроўскія, Казанскія, Кузьмы-Дзям’янавы, Міхайлаўскія ці Піліпаўскія Дзяды — перад аднайменным святамі ці постам. У беларускіх католікаў восеньскае памінанне продкаў 1 і 2 лістапада — найчасцей адзінае ў годзе.
Памінальная вячэра на Змітраўскія Дзяды. Клічаў, лістапад 2016 г.
Праваслаўныя адзначалі Дзяды і перад іншымі святамі на працягу года. Звычайна адна з памінальных дат прыходзілася на Велікодны перыяд — на могілкі хадзілі ці ўласна на Вялікдзень, ці ў чацвер, нядзелю, праз панядзелак ці праз аўторак пасля яго.
І цяпер, і раней у большасці выпадкаў помнік на магіле не ставяць адразу. Гэта тлумачыцца і практычна (зямля пасля пахавання павінна асесці), і сімвалічна (павінна прайсці 40 дзён альбо год пасля смерці). Часам усталяванне помніка адбывалася навосень пасля смерці, магло прымяркоўвацца да Дзядоў, якія адзначалі ў гэтай мясцовасці. Сустракаюцца звесткі, што адначасова з новым помнікам на магілу клалі бліны, арэхі, гарбузы. Гэтыя прадукты маюць памінальную сімволіку.
Чытайце па тэме: таксама: Беларусы таксама выразалі твары на гарбузах. Але не на Halloween
У Багданаўцы Лунінецкага раёна надмагіллямі на старых пахаваннях служаць дубовыя калоды з суком, які тырчыць уверх. Іх прыкла́далі перад днём святога Міхаіла, на Дзідавы́м тыжні: у чацвер, на Дзяды ў пятніцу ці на Бабы ў суботу перад святам. Гэта датычылася нябожчыкаў, са смерці якіх мінула сорак дзён.
У вёсцы Камень Пінскага раёна помнікі даўней усталёўвалі перад днём Святога Міхаіла, які там лічыўся прастольным святам.
Калоды-пры́клады на могілках у Багданаўцы Лунінецкага раёна. 2021 г.
Такую калоду завуць пры́клад. У Ляхавіцкім раёне бытавала найменне прыкла́д. У Вульцы Лунінецкага раёна калоду на могілках называюць пры́хором. Па звестках маскоўскага этналінгвіста Мікіты Талстога, на Заходнім Палессі сустракаюцца таксама назвы лыжа́к, на́руб і нару́б, прі́хором.
Калоды-пры́клады на могілках у Багданаўцы Лунінецкага раёна. 2021 г. Некаторыя калоды не маюць сука ці замест яго прымацаваны драўляны крыжык
Побач з калодай, «у галавах» нябожчыка могуць паставіць драўляны крыж ці мураваны помнік з крыжом. Найпазнейшая дата смерці, пазначаная на адным з такіх помнікаў, — 1966 альбо 1968 год (надпіс неразборлівы). Жыхары Багданаўкі кажуць, што ў 1950-х звычай класці калоду на магілу яшчэ быў распаўсюджаны, хаця пасля вайны ўжо з’явіліся бетонныя помнікі. З сярэдзіны 1970-х калоды ўжо не клалі. У Вульцы калоду клалі на магілу до совецкой власці (то бок да Другой сусветнай вайны). У засушлівае надвор’е пры́хором маглі кінуць у раку, каб выклікаць дождж.
Перанос міхайлаўскай свячы ў вёсцы Вяляцічы Барысаўскага раёна
У дзень святога Міхаіла ў Вяляцічах Барысаўскага раёна праходзіць. перанос міхайлаўскай свячы з хаты ў хату. Свяча — гэта комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза святога Міхаіла і ручніка, якім пакрыты абраз. У апошнія гады дадаўся вялікі драўляны крыж. Свяча захоўваецца ў адной хаце год, налета яе пераносяць у наступную. Сам абрад пераносу і застоллі, якія яго суправаджаюць, таксама завуцца свячой.
Міхайлаўская свяча ў Вяляцічах Барысаўскага раёна (перад пераносам). 21 лістапада 2013 г.
У царкве купляюць тры свечкі. Адну пакідаюць у храме, а дзве гаспадыня, якая год захоўвала свячу, забірае дамоў. У хаце, з якой выпраўляюць свячу, 21 лістапада ладзіцца абед для ўсёй сям’і і тых гаспадароў, што ўваходзяць у своеасаблівае «свячное братэрства» (прымаюць свячу).
На пачатку 2010-х, калі абрад унеслі ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, свяча хадзіла паміж 7 хатамі, у якіх жылі найстарэйшыя жыхары вяляціцкай вуліцы Цэнтральнай. Пасля Другой сусветнай вайны такіх хат было 40.
Міхайлаўская свяча ў Вяляцічах Барысаўскага раёна (пасля пераносу). 21 лістапада 2013 г.
Абавязковымі на застоллі ў хаце, адкуль выпраўлялі свячу, лічыліся каша, крупеня і юшка. У хаце, дзе прымаюць свячу, гэтага не гатавалі. Такія стравы лічацца ў Вяляцічах абавязковымі і на памінальным стале.
Даследчык Генадзь Лапацін выказвае думку, што провады свячы структуруюцца як пахавальны абрад, а перанос і прыняцце ў новай хаце — як вясельны.
За абедам гаспадыня, што выпраўляе свячу, аддае адну з дзвюх свечак гаспадыні хаты, што прымае. Тая, паабедаўшы, ідзе дамоў.
Перанос міхайлаўскай свячы ў Вяляцічах Барысаўскага раёна 21 лістапада 2012 г.
Пасля абеду адбываецца ўласна перанос свячы. Абраз і крыж нясуць мужчыны, прысутнічае праваслаўны святар. За бацюшкам гаспадыня хаты нясе запаленую свечку (адну з трох, набытых у царкве) у слоіку з зернем, хлеб і бутэльку алкаголю. Потым ідуць госці абодвух полаў, часам з запаленымі свечкамі.
Гаспадыня чакае міхайлаўскую свячу, стоячы на дыване. Вяляцічы Барысаўскага раёна, 21 лістапада 2012 г.
На двары, дзе прымаюць свячу, сцеляць дыван. Даўней прастору паміж ганкам і брамай засцілалі даматканым палатном. Гаспадыня, што чакае свячу, чакае працэсію з тым жа наборам, што і ў гаспадыні, якая выпраўляе. Жанчыны мяняюцца хлебам, тры разы сыплюць адна адной на хлеб зерне, выпіваюць па чарцы, мяняюцца бутэлькамі, тры разы цалуюцца. Прыняць абраз павінны мужчына. Калі гаспадар хаты памёр, за яго гэта робіць сын ці ўнук.
Гаспадыня, якая аддае міхайлаўскую свячу, і гаспадыня, якая прымае. Вяляцічы Барысаўскага раёна, 21 лістапада 2012 г.
Усю працэсію запрашаюць у хату, да гасцей далучаецца ўся сям’я. Свячу (увесь комплекс рытуальных прадметаў) ставяць на покуць, праваслаўны святар служыць малебен, пачынаецца застолле. Свечка перад абразом гарыць, пакуль людзі не разыдуцца.
Падобныя рутуалы пераносу свячы ў іншых мясцовасцях адбываюцца на розныя святы.
Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстаны звесткі з кніг:
А. Лозка. Народны каляндар.
Зямля стаіць пасярод свету. Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Пад рэдакцыяй А. Васілевіча
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні серыі «Беларуская народная творчасць».
А. Ляшкевіч. Традыцыйны каляндар. Нарысы (можна пачытаць падрабязней пра калоды-пры́клады на могілках і пра перанос свячы; больш інфармацыі пра кніжку — па спасылцы).
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: Як трансфармуецца беларуская практыка памінання памерлых. Вынікі даследавання