Мастачка працягвае серыю, хаця ў жніўні 2020-га думала, што малюнкаў з коцікамі будзе дзясяткі два: «Хацелася б вярнуцца ў дзіцячую ілюстрацыю, але пакуль буду ілюстратарам нашага жыцця».
Вольга Якубоўская — мастачка, ілюстратарка дзіцячых кніг — са жніўня 2020 года набыла шырокую вядомасць сваімі карцінамі, якія зараз ужо называюцца серыяй «Коцікі свабоды». Першая карціна з гэтай серыі была прысвечана легендарнай Ніне Багінскай — яна ідзе з бел-чырвона-белым сцягам у атачэнні ваўкоў. Пасля размяшчэння карціны ў сацыяльных сетках мастачка пачала атрымліваць станоўчыя водгукі. Зараз выставы Вольгі Якубоўскай праходзяць у шмат якіх еўрапейскіх краінах, нядаўна яна праілюстравала кнігу Георгія Шыліна «Я эмігрант», але атрымала яшчэ і шмат крытыкі, маўляў, беларусы-коцікі — гэта ўжо не актуальна, і ўсё зусім не так. У інтэрв’ю Budzma.org Вольга Якубоўская кажа, што зоркай, нягледзячы на шматлікія выставы, сябе не адчувае, а серыю «Коцікі свабоды» будзе працягваць да моманту вяртання беларусаў у Беларусь.
— Аніякай зоркай я сябе ўвогуле не адчуваю. Насамрэч гэта не пра мяне. Хутчэй, заўсёды адчувала сама сябе такой, ведаеце, шэрай мышшу, што сядзіць сабе дома, малюе ды выстаўляе намаляванае ў інтэрнэт. Таму гэтыя публічныя выхады ў свет для мяне ёсць сапраўдным стрэсам, асабліва калі камеры і ўсё такое — не прывыкла да гэтага. А што да выставаў... Я заўважыла, што людзям зараз хочацца пазітыву — пры ўсіх жахах, што адбываюцца. А я чалавек такі, што мне хочацца пасля любога жаху паглядзець на справы з іншага ракурсу, хаця, канечне, вельмі цяжка пераключыцца зараз на той іншы ракурс. Бо здаецца прасцей заплакаць, скласці рукі, сядзець і ўвогуле нічога не рабіць. Я ў такім стане была, і не адзін раз, бо пасля нашага жніўня было і 24 лютага 2022-га, шмат яшчэ чаго было... То-бок мне гэты стан зразумелы. Але хочацца надзеі, ды і добрыя справы лепш робяцца ў добрым настроі. Штодзённы жах не дае людзям думаць пра будучыню, а гэта важна — думаць пра будучыню і будаваць дарогу да яе.
А выставы, так, праходзяць. Здаецца, яшчэ ідзе ў Бруселі выстава маіх рэпрадукцый. Гэта тая, якая спачатку была ў Варшаве — з рэпрадукцыямі і арыгіналамі. Арыгіналы зараз выстаўляюцца ў Рызе, а рэпрадукцыі паехалі на адкрыццё Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі. Там было вельмі цікавае адкрыццё, шмат прац вялікіх — гэта мне самой было цікава пабачыць, бо арыгіналы насамрэч невялікія — 30 на 30 сантыметраў, ёсць і меншыя — 26 на 26. І мае сябры з Познані — спачатку віртуальныя, потым рэальныя — прыдумалі зрабіць выставу спачатку там у сябе. Арыгіналы я ніяк не магла туды перадаць, то яны прапанавалі надрукаваць рэпрадукцыі. Я прыехала на адкрыццё і вельмі ўразілася, як выглядаюць мае ж працы ў вялікім фармаце. Потым выстава паехала ў Варшаву і Брусель.
— Вы стасуецеся з публікай, што прыходзіць на выставы?
— Я выкарыстоўваю ўсе магчымыя пляцоўкі, каб неяк гаварыць пра нас, беларусаў і пра цяперашнюю Беларусь, бо страшна тое, што за ўсімі гэтымі жахлівымі падзеямі ва Украіне Беларусь адышла на другі план. Часам чуеш: «А што, у вас там нешта яшчэ адбываецца?». Мяне проста падкідвае, бо ў нас «нешта там» адбываецца штодня. Я спрабую пра гэта гаварыць, калі ў мяне ёсць такая магчымасць — я яе буду выкарыстоўваць, бо інакш пра нас проста забудуць, і ўсё. У кожнага свая місія, буду выконваць яе як магу. І на маю думку, цяперашні жах не зможа доўга трываць. Я разумею, што гэта наша з вамі жыццё, шкада кожнай гадзіны нашага жыцця ў гэтым жаху, але, па вялікім гістарычным рахунку, такі кашмар доўга існаваць не зможа. Нам прыйдзецца гэта перажыць, другой дарогі няма. Беларусь усё роўна рухаецца да волі, я ўпэўненая ў гэтым, гэта еўрапейская краіна, яе гістарычны шлях гэта ясна паказвае. Канечне, тое, што яна была 70 год па савецкай уладай і што зараз Расія не адпускае, на жаль, сённяшняя рэальнасць, але я ўпэўненая, што зрабіць Беларусь нееўрапейскай краінай усім гэтым цёмным сілам не ўдасца. Усё стане на свае месцы. Вельмі шмат людзей не супакоіліся, яны хочуць будучыні для сваёй краіны, а не таго, што майструе нам той бок.
— Колькі зараз ужо карцін у Вашай серыі «Коцікі свабоды»? І дзе зараз яны ствараюцца?
— Пад 180 прац ужо. Большасць апошніх прац якраз прысвечана канкрэтным людзям, якія зараз, на жаль, не на волі.
Я цяпер у Латвіі. І я не вельмі здзіўляюся неабазнанасці многіх у нашай сітуацыі. Шмат хто глядзеў тут беларускія і расійскія тб-каналы, ды і зараз многія глядзяць, а гэта — наўпроставая прапаганда. Пачынаеш распавядаць — і гэта не супадае з той карцінкай, якую яны бачылі па ТБ. Вось хачу, каб пра нашу сітуацыю тут людзі таксама ведалі, бо яны нават уявіць сабе не могуць, што ў наш час, побач з імі адбывалася ўсё гэта, што ні адзін закон можа не працаваць і т. п.
І цяпер тут, у Латвіі, праходзіць нават дзве выставы. На станцыі «Дубулты» ў Юрмале ёсць вялікая арт-прастора, там да 28 траўня будзе працаваць экспазіцыя «Крэатыўная Беларусь», прысвечаная і 2020-му, і таму, што было пасля, у тым ліку феномену дваравой актыўнасці беларусаў. На адкрыцці выступала Святлана Бень — гэта было вельмі здорава. Планавалася, што там будуць налепкі, зробленыя па маіх працах, памятаеце, такія налепкі ў Беларусі увосень 2020-га шмат дзе былі, умоўна кажучы, іх рабілі для падняцця настрою. А потым арганізатары папрасілі і працы, каб было зразумела, адкуль і чаму гэтыя налепкі з’явіліся. Увогуле вельмі шмат цікавага на гэтай выставе: працы Уладзіміра Цэслера, вядомай керамісткі Ганны Мядзведзевай, беларускіх фатографаў.
25 сакавіка ў Асацыяцыі нацыянальна-культурных суполак Латвіі адкрылася мая выстава пры дапамозе беларускай суполкі «Світанак» пад кіраўніцтвам Таццяны Казак. Было прыемна: Дзень Волі і маё ж імя сугучнае гэтаму дню. «Світанку» ўжо 35 год увосень споўніцца, яны былі створаныя якраз тады, калі ў Беларусі дзяржаўнымі сімваламі былі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Вось яны ўсё жыццё пад бел-чырвона-белым сцягам.
— Вы выстаўляецеся зараз толькі з «Коцікамі свабоды»?
— Вось якраз на выставе, што зладзіў «Світанак», прадстаўленыя і іншыя мае працы. Напрыклад, ёсць працы, якія я рабіла цягам 30 гадоў, у тэхніцы «жывапіс скурай», так я яе назвала. То-бок гэта праца з дэкаратыўным матэрыялам — натуральнай скурай, людзі, які бачаць гэтыя працы, звычайна думаюць, што гэта малюнак, але насамрэч, гэта такая аплікацыя, калаж. У асноўным гэта пейзаж, такімі працамі я фактычна займалася да 2020 года. Потым стала не да кветачак і пейзажаў, зразумела. Тыя працы, якія змагла з сабой забраць, цяпер і выстаўляюцца ў Рызе. Зараз у такой тэхніцы, можна сказаць, ніхто не працуе, тыя, хто разбіраюцца у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, кажуць, што такія працы на сёння — рэдкасць.
Увогуле мне прыходзяць прапановы з розных іншых месцаў, у прыватнасці ў Вільні хочуць зрабіць выставу, але пакуль што ёсць цяжкасці з фінансаваннем, зразумела, гэта няпростая насамрэч справа. Пакуль усё ў працэсе. Ёсць прапановы з Фінляндыі і Эстоніі. Будзем глядзець. Чым больш людзей будзе ведаць пра тое, што ў нас адбываецца, тым большая верагоднасць таго, што пра нас не забудуць і хаця б будуць разумець, што зараз ёсць дзве Беларусі.
— Дык а што з серыяй «Коцікі свабоды»? Можна пачуць, асабліва пасля лютага 2022 года, што беларусы і не коцікі, і хопіць ужо такімі белымі і пухнатымі іх рабіць...
— Серыя... я ж насамрэч не ведала, што гэта будзе серыя. Пасля першай карціны з коцікам, яна была прысвечаная нашай цудоўнай Ніне Багінскай, мне сталі пісаць людзі: «А працягвайце, калі ласка». Аказалася, што людзям гэта было патрэбным, і я вырашыла, ну добра — я ж ілюстратар — буду ілюстраваць тое, што я бачу штодня. Буду ілюстратарам нашай рэчаіснасці. У прынцыпе, на маю думку, ніхто не адмяніў таго, што беларусы — коцікі. Хоць зараз, напэўна, шмат хто будзе з гэтым спрачацца. Але ж насамрэч мы такімі сябе помнім. Ведаеце, знаёмыя хлопцы, якія зараз ваююць на баку Украіны і за свабоду Беларусі ў тым ліку, яны якраз мяне таксама падтрымліваюць. І ўвогуле я не думаю, што гэты вобраз кагосьці крыўдзіць ці абражае. Раз гэта серыя ёсць такой — я яе буду працягваць. Калі я яе пачынала — я ж дзіцячы ілюстратар, — то хацела, каб гэтыя працы былі зразумелыя ўсім, нават дзецям. І мне здаецца, што нашу гісторыю такім чынам і расказваць прасцей, чым калі б я малявала сапраўдныя жахі. Таму калі такі герой прыйшоў, то я буду працягваць гэта. Вось, напрыклад, працы, прысвечаныя палітвязням, але ж не толькі палітвязням, але і іх сем’ям і сябрам. І іх мае працы падтрымліваюць, я ж атрымоўваю зваротныя водгукі. Таму буду працягваць, другога спосабу падтрымаць іх я не бачу для сябе, бо другога я рабіць не ўмею і не магу — я мастачка, гэта мой спосаб барацьбы.
У іншых людзей — іншыя, можа быць, і лепшыя, а я раблю тое, што сама ўмею найлепш. Я яшчэ малюю анёлаў, гэтыя працы рабіла і аддавала ў якасці падарункаў людзям, якім, як я лічыла, патрабавалася дапамога. І гэты сапраўды дапамагае. Некаторым маім сяброўкам, у якіх, на жаль, дыягнаставалі анкалогію, дапамога была, спадзяюся, і ад гэтых маіх анёлаў, а не толькі ад іх сілы і жадання жыць. То-бок, у мяне ёсць чым заняцца і без гэтай серыі, канечне. Я вось сабак вельмі люблю, насамрэч, і іх, дарэчы, таксама малюю. Увогуле, усё, што звязана з дзяцінствам, такімі вось вобразамі, мне маляваць лёгка і проста. Я чалавек, які вельмі добра дагэтуль памятае сваё дзяцінства, таму, пэўна, мне і лёгка ілюстраваць дзіцячыя кніжкі — мне ў гэтым проста. Вярнуся, думаю, у дзіцячую ілюстрацыю, але толькі тады, калі ў нас усё будзе добра. Не раней.
— То-бок замовы на ілюстрацыю дзіцячых кніг зараз не бярэце?
— Не бяру. Вось атрымалася супраца з Георгіем Шыліным, такая сумесная гісторыя. Георгі напісаў цудоўную кнігу, але ў яго не было чым ілюстраваць яе. Я хацела вельмі, каб ён выдаў гэтую кнігу, а ён кажа: «Дык ты ж ілюстрацый дагэтуль не зрабіла». І прыйшлося зрабіць. Рада, што сабралася вельмі добрая каманда ў Георгія, і дзякуючы гэтаму кніга атрымалася. У яго будзе яшчэ адна кніга, і я таксама буду яе ілюстраваць — пакуль справа ў працэсе. Вельмі рада, што можна камусьці дапамагчы гэтай працай, бо кніга Георгія — гэта ж дабрачынны праект. Пры тым што з самім Георгіем мы і не бачыліся ніводнага разу, проста вось з’явілася адчуванне свайго чалавека.
— Спадзяюся, ваша серыя «Коцікі свабоды» не дужа зацягнецца, хоць і неяк дзіўна жадаць такое стваральніцы...
— Ага, калі я яе пачала і дайшла да першага дзясятка, то падумала, ну вось, пэўна, пад перамогу будзе дваццаць — якраз на выставу пра гэтыя нашы дні і хопіць. Але атрымаўся вельмі даўгі шэраг герояў, нехта ўжо і вярнуўся з тых самых месцаў, нехта яшчэ там... Такая выстава, упэўненая, неяк адбудзецца ў Мінску. Перад гэтым Новым годам была ў мяне праца, я яе назвала «Свята на нашай вуліцы», вось такую візуалізацыю вяртання бачу: каб і шампанскае, і шмат людзей на вуліцах, і гэтыя людзі — усе свае. Гэта такое шчасце. Хто гэтага не адчуў, не быў тады ў Беларусі, пэўна, і не зразумее, пра што я. Калі мы пабачылі самі сябе, суседзяў, сяброў, усіх нас разам, калі адчуванне з’явілася: мы — народ. І я ўпэўненая, што беларусы не забыліся пра гэта, немагчыма забыцца, бо паветра свабоды такое — калі ты глыток пакаштаваў, то іншага ужо не захочаш. Да і сілай немагчыма прымусіць любіць, гэта павінен нарэшце зразумець той бок. Але цяжка нешта прадказваць. Калі гэта будзе і як гэта будзе. У кожнай краіны свой шлях да волі.
А пакуль... Акрамя вось працы, то беларускую мову пачала вучыць. У нас у Рызе з’явіліся курсы «Мова Нанова», была госцяй на першым занятку — была вельмі цёплая сустрэча, пайду абавязкова на наступныя. Мне цяжкавата яшчэ, я нарадзілася ў Карэліі, пайшла ў школу на Урале, калі была падлеткам, сям’я пераехала ў Крым, там жа скончыла школу, потым зноў вярнулася на Урал, пасля вучылішча ўжо патрапіла ў Наваполацк. Беларусь — гэта мая другая радзіма, тут нарадзіліся мае дзеці, усе мае цёплыя пачуцці, успаміны звязаныя менавіта з Беларуссю — вельмі хачу вярнуцца. Беларусь мае ўсе шанцы стаць сапраўднай краінай для жыцця, веру, што так і будзе.
Фота з асабістай старонкі Вольгі Якубоўскай у Фэйсбук
Рыгор Сапежынскі, budzma.org