Антыўтопія пра апакаліпсіс, дэтэктыў з Колінам Фарэлам і фільм пра карупцыю ў будыйскім манастыры — Budzma.org зрабіла падборку серыялаў, якія выйшлі гэтай вясной.
"Шугар «(Sugar)
Рэжысёр: Фернанду Мейрэліш, Адам Аркін
Жанр: дэтэктыў, трылер
Колін Фарэл, вядомы па ролі ў «True Detective», зноў грае дэтэктыва, але гэтым разам з каліфарнійскім каларытам у фільме «Шугар». Галоўны герой адпраўляецца ў самы багаты штат Амерыкі, дзе сярод вечных святаў і багемных тусовак яму трэба будзе адшукаць зніклую ўнучку кінапрадзюсара — Алівію. Вядома, што дзяўчына злоўжывала наркотыкамі, аднак гэта аказваецца толькі вяршыняй айсберга. Да ўсяго іншага, галоўнага героя пачынаюць мучыць дзіўныя прыступы...
«Аленяня» (Baby Reindeer)
Рэжысёр: Вераніка Тафільская, Жазэфін Барнебуш
Жанр: драма, трагікамедыя
Доні Дан працуе барменам і ў вольны час спрабуе сябе ў ролі стэндап-коміка. Праўда, з апошнім у яго не ладзіцца: яго выступы перыядычна праходзяць у мёртвай цішыні пад здзіўленыя погляды публікі. Але аднойчы ў жыцці коміка з’яўляецца Марта: яе залівісты смех асвятляе залю і выклікае ў мужчыны надзею, што яго гумар не такі ўжо і дрэнны.
Спачатку новая знаёмая здаецца пацешнай, але неўзабаве жанчына пачынае праследаваць галоўнага героя. На першы погляд гэта можа падацца выдатным сюжэтам для камедыі, але за гэтым стаіць глыбокая драма двух траўмаваных людзей. Фільм быў высока ацэнены крытыкамі і заснаваны на рэальнай гісторыі Рычарда Гэда — драматурга і выканаўцы галоўнай ролі.
«Фолаут» (Fallout)
Рэжысёр: Джонатан Нолан, Клэр Кілнер, Фрэд Туа і іншыя
Жанр: антыўтопія, навуковая фантастыка, баявік
Фільм-антыўтопія, дзеянні якога адбываюцца ў найбліжэйшай будучыні: пасля ядзернай катастрофы чалавецтва ўсе ж выжыла, але цяпер яму трэба адаптавацца да новых умоў. Зрэшты нешта людзі захавалі з мінулага жыцця — сацыяльнае расслаенне. Багатыя і прывілеяваныя жывуць у бункерах, а тыя, каму пашанцавала менш, вымушаныя выжываць на паверхні. Сямʼя галоўнай гераіні Люсі падвяргаецца нападу рэйдараў «з зямлі»: яе бацьку выкрадаюць, і дзяўчына рашаецца выйсці з бункера і выправіцца на пошукі.
«Джэнтльмены» (Gentlemen)
Рэжысёр: Дэвід Кэфры, Эрэн Крыві
Жанр: чорная камедыя, крымінал
Чорная камедыя ў лепшых традыцыях Гая Рычы (які стаў сцэнарыстам фільма): малады Эдзі Хорніман нечакана атрымлівае ў спадчыну ад бацькі раскошны маёнтак, тытул графа... і падпольную канапляную ферму. Апошняму Эдзі зусім не рады — станавіцца наркабаронам не ўваходзіла ў яго планы. Тым часам у цёмным бізнесе замяшаныя сотні людзей, якія не жадаюць губляць сваю прыбытковую працу. Эдзі спрабуе разабрацца з гэтай праблемнай спадчынай, імкнучыся не пераступіць дарогу свету крыміналу.
«Вернікі» (Sathu)
Рэжысёр: Ватанпонг Вонгван
Жанр: драма, камедыя
Калі карэйскія дарамы даўно набылі папулярнасць сярод еўрапейскага гледача, то тайландскія серыялы толькі пачынаюць заваёўваць сэрцы аўдыторыі. Серыял «Beрнікі» — як раз нядрэнны варыянт, каб пачаць знаёмства. Па сюжэце кампанія зумераў вядзе прыбытковы бізнес, прадаючы кампутарную гульню. Аднак аднойчы яны ўсё губляюць: іх прадукт узломваюць хакеры, карыстальнікі сыходзяць, і распрацоўшчыкі застаюцца з вялізнымі пазыкамі. У гэты цяжкі момант адзін з герояў ідзе з мамай у храм і тут яго асяняе: рэлігія — адзін з самых прыбытковых бізнесаў! Разам з былымі калегамі ён прыдумляе план, як зарабіць на ахвяраваннях для будысцкіх манастыроў.
«Пад мостам» (Under The Bridge)
Рэжысёр: Німіша Мукерджы, Гіта Васант Патэл і іншыя
Жанр: дэтэктыў, сацыяльная драма
Маладая пісьменніца прыязджае да сваіх бацькоў у маляўнічы канадскі гарадок, спадзеючыся знайсці матэрыял для новай кнігі. Неўзабаве пасля яе прыезду ў горадзе пачынаюць адбывацца дзіўныя падзеі: знікае Рына, дзяўчынка-падлетак з індыйскай рэлігійнай сямʼі. Адзінае, што вядома — яна звязалася з кампаніяй дзяўчынак з няшчасных семʼяў, якія натхняюцца амерыканскімі бандамі і жывуць «па законах вуліц». Фільм, заснаваны на рэальных падзеях, спалучае ў сабе элементы дэтэктыва і сацыяльнай драмы, раскрываючы складаныя пытанні інтэграцыі, культурных адрозненняў і падлеткавай злачыннасці.
«Рыплі» (Ripley)
Рэжысёр: Стывен Заілян
Жанр: нуар, трылер, крымінал
Чорна-белы фільм-нуар пра аферыста Тома Рыплі. Багаты пажылы мужчына звяртаецца да яго з просьбай вярнуць загуляўшага сына з Італіі. За вялікую суму Рыплі з радасцю адпраўляецца на маляўнічае ўзбярэжжа і знаходзіць сына багацея — Дзікі Грынліфа. Аднак на гэтым яго падарожжа не заканчваецца. Том з галавой апускаецца ў крымінальны свет, пакідаючы за сабой крывавыя сляды і маніпулюючы людзьмі навокал, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Фільм, заснаваны на рамане Патрыцыі Хайсміт «Таленавіты містэр Рыплі», глыбока апускае гледача ў псіхапатычны свет галоўнага героя, прыадчыняючы самыя змрочныя куткі яго душы.
М.К., Budzma.org
Чытайце яшчэ: Фільм «Купала». У кіпцюрах вечнай імперыі