Серж Мінскевіч // Марскі трыпціх

Серж Мінскевіч — беларускі паэт і перакладчык. Аўтар кніг: «Праз галеРэю» (1995), «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002), «Прыгоды Какоса Маракоса» (2006), «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» (2008), «Сад замкнёных гор» (2011), «Чароўная крыніца, ці як навучыць дракона чысціць зубы» (2012).

 

 

 

МАРСКІ ТРЫПЦІХ

 

І

ДЭЛЬФІНАМ

Акуратна акуратна з дэльфінамі

Яны бліскаюць сінімі сьпінамі

Яны падаўляюць культурна

Інтэлектуальна і бурна

Ня плавайце зь імі разам

У іх занадта экстазу

У іх усьмешка Джаконды

І моц анаконды

 

І гэта закон, аснова асноў

Не дражніць тых

У каго больш мазгоў

 

ІІ

 

АКУЛАМ

 

Акуратна акуратна з акуламі

Гэтымі пажаднымі тулавамі

Яны падаўляюць фізычна

Нэрвова і неэтычна

Рэфлекторна і імпульсыўна

Інстынктыўна і канвульсыўна

 

Іх бязгубая ўсмешка і зубы

Могуць прывесьці да згубы.

 

І гэта закон, аснова асноў,

Не дражніць тых

У каго менш мазгоў

 

ІІІ

 

АСТАТНІМ

 

Трэба быць акуратнымі

з кітамі сінімі і гарбатымі

з касаткамі і чарапахамі

з кракадзіламі-алігатарамі

каракаціцамі і скáтамі

гáдамі хвастатымі

п’яўкамі марскімі,

канікамі, вожыкамі

цюленямі, коцікамі,

моржыкамі

З кальмарамі і васьміногамі

З ракападобнымі

і членістаногімі

З малюскамі і мэдузамі

 

нікога такога ня юзайце

каб вас такія ня юзалі

 

І ўсё будзе добра,

прыстойна

Я за вас буду спакойны.

 

 
ew1

Чорна-белыя вершы // Пра праект // Удзельнікі папярэдніх выпускаў

 

 

 

Беларускае Лiтаратурнае Радыё ЕЎРАРАДЫЁ relax.by Культурный журнал Саюз беларускіх пісьменнікаў