Увечары 4-га сакавіка ў Магілёўскім “Коле” адбылася лекцыя пісьменніка і мастацтвазнаўцы Віктара Марціновіча з нагоды выхаду кнігі “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”. Мерапрыемства прайшло дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага Універсітэту, дацэнтам якога з’яўляецца Віктар.
Доктар Марціновіч пачаў свой расповед пра мастака, даследванню творчасці якога ён прысвяціў 14 гадоў свайго жыцця з таго, што звярнуўся да пераломнага моманту ў дачыненнях паміж творцамі і рэальнасцю – так званага Салону Адрынутых, які адбыўся ў Парыжы ў 1863-м годзе. На прыкладах Э. Мане, А. Сіслея ды іншых удзельнікаў таго фэсту, што так павесяліў публіку і крытыкаў, Віктар паказаў зрух, які адбыўся напрыканцы 19-га стагоддзя ў мастацкай візуальнасці, якая з “міметычнай” зрабілася “інтэнцыйнай”.
Даволі шмат часу Віктар прысвяціў разгляду карціны “Гара Сан Віктуар” Поля Сезана, скарыстаўшы яе як узор для тлумачэння аналітычнага падыходу Сезана да стасункаў з мастацкай рэальнасцю. Віктар засяродзіў увагу гледачоў на тым, што на гэтай выяве амаль няма ценяў, а сам пейзаж хутчэй па пластычных прынцыпах сваёй пабудовы нагадвае… нацюрморт. Віктар таксама паказаў адзін з Сезанавых нацюрмортаў ды на ягоным прыкладзе патлумачыў, чаму ягоныя аб’екты не сіметрычныя і чаму сам Сезан адрынаў паняцце візуальнай сіметрыі.
Далей, праз гісторыю стасункаў Маціса з формай і колерам, Віктар падвёў слухачоў лекцыі да таго моманту, калі ў Парыжы на стыпендыю рускага ліберальнага юрыста Максіма Вінавера з’явіўся наш славуты суайчыннік Марк Шагал. На прыкладах такіх шагалавых прац, як “Паэт Мазін” і “Аголеная ў кветках” Віктар разабраў тыя стылявыя ды кампазіцыйныя заемствы, што назіраліся ў парыжскім этапе творчасці Шагала. Шагал на гэтых ілюстрацыях выглядаў шалёна падобным на Маціса, Сезана ды Пікаса. Потым Віктар перайшоў да віцебскай шагалавай візуальнасці і прадэманстраваў той злом, які адбыўся з колерам, формай і вобразнасцю Шагала ў Віцебску і дзякуючы Віцебску.
Далей, пакінуўшы на маніторы шагалавы творы віцебскага перыяду, Віктар зачытаў фрагмент з кнігі “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”, які вельмі крануў залю – чытанне скончылася апладысментамі. “Такога ў нас яшчэ не было”, – падсумаваў віктараў выступ магілёўскі гісторык Аляксандр Агееў. Ён зазначыў, што звычайна ў Магілёве кніжная прэзентацыя гэта прэзентацыя кнігі ды толькі, тут жа была паўнавартасная лекцыя пра мастацтва.
Нягледзячы на тое, што людзей ў залі было не вельмі шмат – каля 40 чалавек, вечар атрымаўся вельмі атмасферным, у тым ліку дзякуючы прыходу дачкі славутага віцебскага мастака шагалавага кола, Ісаака Зельдзіна. Браніслава Ісаакаўна ўважліва слухала Віктара, шырока адгукнулася пра Віцебск 1920-х напрыканцы лекцыі і выказала шчырую падзяку доктару Марціновічу.
Асабліва прыемна, што мерапрыемствы такога ўзроўня цяпер праходзяць не толькі ў Мінску і Вільні, але і ў Магілёве ды Берасці.