Прэмію “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава гарадзенскі бард і актор Віктар Шалкевіч атрымаў ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне 21 чэрвеня. У імпрэзе ўзяло ўдзел некалькі соцень чалавек.
Пра прэмію і свае адчуванні Віктар Шалкевіч расказаў “Будзьма беларусамі!”:
— Я пакуль не ведаю, што для мяне гэтая прэмія. Павінна мінуць некалькі месяцаў, каб прайшло адчуванне эйфарыі, якое ў мяне цяпер. Для мяне было нечаканасцю дзясятае атрыманне прэміі на дзевяностагоддзе Быкава.
— Што, на вашую думку, трэба рабіць беларусу, каб атрымаць гэтую пачэсную прэмію?
— Трэба рабіць сваю справу і не звяртаць увагі на тое, што пішуць ў інтэрнэтах.
Прэмія была заснаваная кіраўніком Руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Уручаецца яна за «выключны ўклад ва ўмацаванне духу беларусаў». Ідэя заснаваць такую ўзнагароду паўстала пасля таго, як Мілінкевіч атрымаў прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава ад Еўрапарламента.
За 10 гадоў лаўрэатамі прэміі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін і Уладзімір Арлоў, палітыкі Павал Севярынец і Уладзімір Някляеў, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, мастакі Алесь Марачкін і Алесь Пушкін, музыканты Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.
Гарадзенскі актор і бард Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў гарадскім пасёлку Поразава (Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці). Вучыўся ў мясцовай школе, пасля з’ехаў у Мінск, дзе ў 1980-м годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1980—1987 гадах працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры, наступныя тры гады — выкладчыкам у Гарадзенскім культасветвучылішчы. З пачатку 1990-х і да цяперашняга часу працуе ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек. Апроч гэтага Віктар вядзе аўкцыёны па нерухомасці. Некалькі папярэдніх разоў уручэнне прэміі адбывалася ў маленькім музеі Быкава ў Гародні, створаным дэмакратычнымі ветэранамі горада.
Андрэй Мялешка
Фота: Аляксандр Ждановіч
Тэгі: Віцебшчына