За 4 гады ініцыятыва “Спеўны сход” набрала вялікую папулярнасць, але мы сутыкнуліся з праблемай недахопу мерапрыемстваў такога тыпу, а таксама вядоўцаў і лідараў, асабліва ў рэгіёнах. Прыйшоў час падзяліцца досведам. У межах кампаніі “Разам да справы”, якую вядуць кампанія “Будзьма беларусамі!” і SYMPA, мы запускаем курсы па навучанню і падрыхтоўцы лідараў-вядоўцаў “Спеўных сходаў” у рэгіёнах. Мы хочам, каб спеўныя сходы пашыраліся і адбываліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі.
Першыя заняткі пачнуцца ўжо ў жніўні. Першы горад – Мінск.
На занятках вы азнаёміцеся з прынцыпамі правядзення і арганізацыі спеўных сходаў, каб потым самастойна ладзіць іх ў сваім горадзе, атрымаеце спеўную практыку.
Шукаем актыўных і зацікаўленых людзей. Калі ў вас ёсць досвед публічных выступленняў, вам хочацца даведацца як праходзіць арганізацыя сходаў і ёсць жаданне праводзіць іх самастойна, то смела запаўняйце анкету. Музычная адукацыя вітаецца, але неабавязкова.
Тэрмін падачы заявак – да 1 жніўня. Удзел бясплатны!
Заняткі праводзіць Сяржук Доўгушаў.
«Спеўны сход» – гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць розныя беларускія песні. Сяржук Доўгушаў, кіраўнік праекту, ладзіць гэтыя сустрэчы, вучыць людзей спяваць ды спявае разам з імі.
Мэта праекта – спеўнае яднанне людзей і знаёмства з беларускай песняй.