Ужо ў ХІ — ХІІІ ст. у свеце пачала яскрава праяўляцца перавага заходнееўрапейскай цывілізацыі. Сярод іншых уплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі паддаваліся Беларусь і Расія. Як менавіта і калі гэта адбывалася? Наколькі трывала і з якой розніцай гэтыя краіны ўваходзілі ў Еўропу? У чым гістарычная заканамернасць расейска-еўрапейскага супрацьстаяння і як гэта можа паўплываць на сучаснасць і на будучыню Беларусі? Піша Канстанцін Семяновіч.
Прычыны росквіту і ўплыў заходнееўрапейскай цывілізацыі
Заходняя Еўропа пачала абганяць астатні свет у Сярэднявеччы. Галоўным яе супернікам тады была арабская мусульманская цывілізацыя, якая падпарадкавала агромністыя прасторы ад Індыі да Паўночнай Афрыкі. На вяршыне магутнасці ў VIII ст. яна здолела прарвацца ў саму Еўропу — у Паўднёвую Італію і Пірэнейскую паўвыспу, якую заняла практычна ўсю, амаль да сучаснай іспанска-французскай мяжы.
Рэканкіста. Выцясненне арабаў з Іспаніі
Аднак ужо ў развітым Сярэднявеччы, менавіта ў ХІ — ХІІІ ст. пачала праяўляцца перавага заходнееўрапейскай цывілізацыі. Пра прычыны можна шмат казаць, але ўсе яны вынікалі з геаграфічна-кліматычных чыннікаў: марское атачэнне з трох бакоў і ламаная берагавая лінія, са шматлікімі затокамі, зручная для навігацыі, лагодны клімат, урадлівыя глебы хоць і цяжкія для апрацоўкі. Калі ж еўрапейцы засвоілі тэхналогію эфектыўнай воркі цяжкім калёсным плугам, то ў іх, што называецца, папёрла.
Бурлівы дэмаграфічны рост прывёў да перанаселенасці Заходняй Еўропы і выліўся ў знешнюю экспансіі як мірную — міграцыі, так і мілітарную, пікам якой стала двухвекавая авантура (ад канца ХІ да канца ХІІІ ст). з заваёвай Святой зямлі. І хоць мусульмане ўрэшце выперлі заходнееўрапейцаў з Палестыны, агульнай хады гісторыі тое не змяніла. Арабская імперыя распалася, Візантыйская ўсё слабела і слабела, а пачынаючы ад Вялікіх геаграфічных адкрыццяў перавага Захаду станавілася відавочнай усяму свету.
Для еўрапейскай перыферыі далучэнне ці, прынамсі капіяванне заходнееўрапейскай цывілізацыі стала толькі справай часу. Хто не далучаўся сам, таго далучалі сілай, часам з трагічнымі наступствамі, як у выпадку карэнных насельнікаў Прусіі.
Беларусь і Расея: параўнанне працэсу «заходнееўрапеізацыі»
Добрая ілюстрацыя працэсу «заходнееўрапеізацыі» — параўнанне Беларусі з Расеяй, менавіта, як, калі і наколькі трывала гэтыя краіны ўваходзілі ў Еўропу ці, дакладней, паддаваліся ўплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі.
Параўнанне тым больш цікавае, бо яшчэ не так даўно некаторыя «аналітыкі» з Беларусі пераконвалі нас, што такія чыста еўрапейскія вынаходніцтвы як дэмакратыя і вольны рынак прынясе беларусам Расея.
Дык вось, розніца па часе складае прынамсі тры стагоддзі. Беларусь афіцыйна далучылася да Еўропы ў 1387 г. пасля паўтара стагоддзя збліжэння, праз прыняцце каталіцтва дзяржаўнай рэлігіяй. Расею ў пачатках ХVIII ст. туды за каўнер уцягнуў цар Пётр І, які «в Европу прорубил окно» (пераважна так ад тых часоў расейцы ў яе і заходзяць).
Еўрапеізацыя па-расейску. Пётр І стрыжэ бароды баярам. Мастак Д. Бялюкін. 1985 г
Розніца між дзвюма краінамі ў тым, што Беларусь прымала еўрапейскую цывілізацыю эвалюцыйна і арганічна, Расея — толькі час ад часу, порцыямі, тым большымі, чым большай і мацнейшай была яе параза ад чарговага сутыкнення з еўрапейскімі дзяржавамі. Прычым ад позняга Сярэднявечча і да Найноўшага часу Расею ў Еўропе цікавілі і цікавяць толькі дзве рэчы — тэхналогіі, найперш вайсковыя, і грошы.
Пасля паразы ў Інфлянцкай вайне і Смуты Масковія пачала ствараць «палкі іназемнага строю» і вербаваць у іх еўрапейцаў. Пасля паразаў у Паўночнай вайне Пётр І правёў гвалтоўныя рэформы з той самай мэтай — узмацніць вайсковую моц дзяржавы.
Асабліва вялікая «порцыя» запазычанняў Расеі з Еўропы мела месца пасля цяжкай паразы ў Крымскай вайне 1854 — 1856 г.
Крымская вайна. Атака брытанскай лёгкай брыгады пад Балаклавай. Мастак Вільям Сімпсан. Фота з Вікіпедыі
Рэформы войска (замена рэкрутчыны тэрміновай службай), гарадскога кіравання (упершыню ў гісторыі ў гарадах уведзена самакіраванне), фінансавая, судовая і асабліва важная аграрная рэформа — вызваленне сялян у 1861 г. Падобна было ў 1917 г. пры Часовым урадзе, а таксама пасля развалу Савецкага Саюза. Пры гэтым выступала жалезная гістарычная заканамернасць — як толькі, дзякуючы перайманню еўрапейскіх узораў і грошай, Расея ўзмацнялася, яна зноў вярталася на дарогу вайны з Еўропай.
Заканамернасць расейска-еўрапейскага супрацьстаяння. Гісторыя і сучаснасць
Ва ўсіх без выключэнняў выпадках сутыкнення з еўрапейскай краінай Расея перамагала толькі ў саюзе з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі. Так было з падзеламі Рэчы Паспалітай і акупацыяй Беларусі, антышведскай, антынапалеонскай ці антыгітлераўскай кааліцыямі.
У нашыя дні праявілася тая самая гістарычная заканамернасць — Расея назапасіла зброю і пачала вайну з Еўропай, на гэты раз з Еўропай аб’яднанай. Застаецца адно пачакаць, калі і як канкрэтна спрацуе гістарычная заканамернасць расейска-еўрапейскага супрацьстаяння. Сёння, верагодна, пачакаць давядзецца трохі даўжэй па прычыне латэнтнай падтрымкі Расеі буйнымі азіяцкімі краінамі Кітаем і Індыяй.
Культурнае жыццё ў Беларусі без Расеі
А Беларусь, каб атрымаць шанец вярнуцца на еўрапейскую дарогу, таксама мусіць дачакацца паразы Расеі.
Бо і тут спрацоўвае гістарычная заканамернасць — Беларусь пачынае вылузвацца з кіпцюроў двухгаловага арла толькі калі ён, пабіты і паскубаны, аслабляе хватку.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org