9 валадароў, якія найдаўжэй кіравалі беларускімі землямі

У ліпені споўніўся 31 год, як Лукашэнка кіруе Беларуссю. А хто яшчэ ўваходзіць у топ-10 асобаў, якія кіравалі Беларускімі землямі найдаўжэй? Такі топ склалі вядоўцы праграмы «Звычайная раніца» і папрасілі гісторыка, журналіста і аўтара відэапраектаў кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алеся Кіркевіча даць гэтым кіраўнікам сваю ацэнку. Які след яны пакінулі ў гісторыі? Што добрага альбо кепскага зрабілі для Беларусі. Мы запісалі каментары Алеся Кіркевіча.

top-valadarou.png

9. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Stanislaŭ Aŭhust Paniatoŭski
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі, кіраваў 31 год з  1764 па 1795 год.

«Ён бы мог увайсці ў гісторыю як Станілаў Добры, — кажа Алесь Кіркевіч, — таму што па чалавечых якасцях ён быў добры, рахманы. На яго былі замахі, то ён кілераў сваіх нават прабачыў».

Панятоўскі любіў мастацтва, быў еўрапеізаваным, піў менш за ўсіх кіраўнікоў Рэчы Паспалітай.

Ці праўда, што ён разваліў краіну?

«Я думаю, што ў тыя гады краіна б развалілася пры любым кіраўніку, бо гэта ўжо быў знос, канец стойкасці Рэчы Паспалітай як дзяржавы,  —  адказвае Алесь Кіркевіч. — Гэта быў час, калі ўжо расійскія войскі ў нас стаялі, ужо была куча дамоўленасцяў розных. Расійскі пасол у Варшаве ўжо вырашаў многія справы. Расіяне маглі арыштоўваць людзей у Варшаве, у Кракаве, у Гародні. Панятоўскі хацеў правесці рэформы вельмі важныя, але было ўжо позна. Быў такі гістарычны час, і шмат праблем, якія знівелявалі тое добрае, што было пры ім».

8. Аўгуст Другі Моцны 

Aŭhust Druhi Mocny
Аўгуст ІІ Моцны. Крыніца: wikipedia.org

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў перыяды 1697–1704, 1709–1733. Кіраваў агулам 31 год.

Аўгуст Моцны быў адначасова курфюрстам Саксоніі і каралём Рэчы паспалітай. 

«Зразумела, што яму як саксонцу былі цікавыя інтарэсы Саксоніі, а не тое, што будзе ў Польшчы ці недзе ў нас, — кажа Алесь Кіркевіч. — Палякі на яго крыўдзяцца, бо ў той час, як у Дрэздэне напаўняліся карцінныя галерэі, мастацтва буяла, у нас была галеча, занядбанне. І ў яго быў яшчэ адзін мінус. Ён быў корэшам Пятра І. І пра іх была такая пагаворка, што Пётр І хацеў весяліцца, а Аўгуст ІІ ведаў, як гэта рабіць, то бок быў такім, можна сказаць, настаўнікам у плане прыгожага ладу жыцця».

7. Альгерд 

Aĺhierd
Князь Альгерд. Крыніца: marshruting.com

Вялікі князь літоўскі. Правіў 32 гады з 1345 па 1377 год.

Алесь Кіркевіч лічыць, што Альгерд быў геніем геапалітыкі: «Пры ім ВКЛ разраслося да геапалітычнага гіганта. Ён удала маневраваў. Будучы паганцам па паходжанні і па сваіх уласных перакананнях, калі трэба — ён прымаў праваслаўе, калі трэба — мірыўся з каталікамі. Пахавалі яго як паганца, як чалавека, які жыў па сваім укладзе, па сваіх прынцыпах».

Чаму не вырашыў пытанне з маскалямі?

«Масква не здавалася тады нейкай страшнай экзістэнцыйнай пагрозай, — тлумачыць Алесь Кіркевіч. — Тады былі іншыя пагрозы: крыжакі, татары. Вось яны выглядалі тады сур’ёзнымі хлапцамі. А Масква — гэта такія хуліганы, самазванцы».

6. Вітаўт (1392-1430)

Vitaŭt
Князь Вітўт. Крыніца: wikipedia.org

Вялікі князь літоўскі, кіраваў 38 гадоў з 1392 па 1430 год.

«Варта памятаць, што гэта палітык круты ў тагачасным разуменні. Калі б чалавек такога складу кіраваў бы зараз, мы б сказалі, што гэта страшны дыктатар, парушальнік правоў чалавека, палітычная жывёла. Вітаўт — гэта чалавек-міф. Мы яго бачым на помніках прыгожых, якія ў Літве стаяць, але гэта чалавек без прынцыпаў, без ідэалогіі, майстар ствараць і разбураць саюзы.То бок ні пра якую паслядоўную ліню палітычныю пры ім казаць немагчыма. Вельмі цікавы момант: мы яго памятаем па Грунвальду. Даў трындзюлей крыжакам, а перад Грунвальдам былі зусім іншыя расклады. Запраста ён мог зрабіць саюз не са сваім братам Ягайлам, якога ён цярпець не мог, а з крыжакамі. Проста ўявіце, якая ў нас была б палітыка, якая ў нас была б гісторыя, каб было ВКЛ, быў бы з поўначы Тэўтонскі ордэн — і гэта быў бы вялікі саюз з выхадам да Балтыкі, з еўрапейскімі тэхналогіямі. Ніякая Польшча нас бы не паланізавала, ніякія маскалі нам былі б не страшныя. Гэта абсалютна іншая рэальнасць, якую можна сабе нафантазіраваць. Вітаўт даў крыжакам пабудаваць замак у Горадні, потым спаліў гэты замак, з імі памірыўся, потым пасварыўся. Гэта чалавек — не гаспадар свайму слову, але гаспадар вялікай дзяржавы», —  распавядае Алеь Кіркевіч.

5. Брачыслаў Ізяславіч

Bračyslaŭ Iziaslavavič
Брачыслаў Ізяславіч. Крыніца: belhistory.com

Княць полацкі. Правіў 41 год у перыяд з 1003-га па1044 г.

Алесь Кіркевіч звяртае ўвагу на тое, што пра Брачыслава Ізяславіча да нас дайшло вельмі мала інфармацыі. Ніхто не ведае, як ён выглядаў, як выглядала яго пячатка, у якім дакладна годзе ён нарадзіўся:

«Мы кажам пра 41 год кіравання, але на пачатак кіравання, у 1003-м годзе Брачыслаў яшчэ быў падлеткам, а асэнсаваную, дарослую палітыку пачаў весці толькі з 1020-х гадоў».

Чым ён быў цікавы?

«Па-першае, тым што гэта скандынаўская гісторыя, — кажа Алесь Кіркевіч, — скандынаўская мадэль кіравання, калі ты трымаеш карпарацыю, якая трымае рэкі, трымае гандаль, і перыядычна канфліктуеш са сваімі канкурэнтамі ў Ноўгарадзе, у Кіеве, у іншых гарадах за права гандляваць. Як у 1990-я хтосьці крышаваў рынкі. А ў тыя часы крышавалі патокі рабоў, бо яны ўсе былі гандлярамі рабамі. То бок чалавек трымаў такую кампашку браткоў-вікінгаў і будаваў для іх крэпасці».

Заслуга Брачыслава Ізяславіча, на думку Алеся Кіркевіча, у тым што «ён нас уводзіў у сусветную палітыку, сусветную эканоміку. Ён быў актыўным кіраўніком і разумеў, што Полацак — гэта крута, гэта яго вотчына і ён пакіне гэта сваім дзецям, то бок ён развіваў гэты рэгіён. Канешне, ніякім беларусам ён сябе не лічыў, у той час яшчэ не думалі пра такія катэгорыі. Але гэта чалавек, які актыўна ўключаў нас як актыўны элемент у рэгіянальную і еўрапейскую палітыку».

4. Жыгімонт І Стары 

Žyhimont Stary
    Жыгімонт І Стары. Крыніца: wikipedia.org

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі. 42 гады кіравання з 1506 па 1548.

«Ён быў занураны болей у Польскія справы, яго цікавіла Мазовія. Што адбываецца, напрыклад у Оршы ці Брэсце, я думаю, яго цікавіла менш, — тлумачыць Алесь Кіркевіч. — Але на яго час надыходзяць як раз войны з Масковіяй і перамога пад Оршай 1514 года. Вось гэта яго супер-заслуга. Пры ім быў прыняты Статут ВКЛ 1529 года, то бок ён пакінуў па сабе заканадаўчую спадчыну. Скарына таксама пры ім жыў і працаваў.

Пры ім была грашовая рэформа. Тады ў нас з’явіліся першыя датаваныя манеты, на якіх была дата выпуску гэтай манеты, да гэтага манеты не датаваліся. І ў прынцыпе пры ім грошы ВКЛ пачалі выглядаць нармальна. Гэта ўжо былі не проста кавалачкі срэбра, дзе не разбярэш, што там намалявана. Можна было ўжо прачытаць ягонае імя, убачыць дату. І пры ім з’явіліся залатыя манеты».

3. Жыгімонт ІІІ Ваза

Žyhimont Vaza
Жыгімонт Ваза. Карціна Пітэра Паўля Рубенса. Крыніца: wikipedia.org

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі. Кіраваў 45 гадоў з 1587 па 1632 год.

Чаму Ваза? «Ён быў шведам. Была такая дынастыя шведская Васа, проста ў нашым вымаўленнеі ён Ваза», — тлумачыць Алесь Кіркевіч.

«На яго час прыпала адна з самых цікавых геапалітычных авантураў за час існавання Рэчы Паспалітай. Гэта тэма з тым, як нашы зайшлі ў Крэмль, нагадзілі там, спалілі там усё, што трэба, падсунулі ім Ілжэдзмітрыеў пару штук. Гэта проста геніяльная тэма, — лічыць Алесь Кіркевіч. — То бок намаляваць маскалям некалькі такіх ілжэцароў, якім яны спачатку будуць верыць, потым яны ім перастануць падабацца». 

На думку Алеся Кіркевіча, Жыгімонт ІІІ разумеў вельмі важную рэч: «Калі ты арганізуеш смуту на Расіі, тады яны да цябе не лезуць, яны займаюцца гэтай смутай. Тэма з Ілжэдзмітрыем — гэта крута. Гэт такія інфармацыйныя тэхналогіі таго часу».

2. Казімір ІV Ягелончык

Kazimir IV Jahielončyk
Казімір ІV Ягелончык. Крыніца: wikipedia.org

Вялікі князь літоўскі (1440-1492)  і кароль польскі (1447-1492). Правіў агулам 52 гады.

«Пры ім быў прыняты судзебнік Казіміра, яшчэ перад статутамі ВКЛ. Гэта такая заканадаўчая спадчына Казіміра ІV. Судзебнік быў напісаны на нашай мове, то бок на старабеларускай або царкоўнаславянскай з беларускімі рысамі.

Ён праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы, збіраў удзельныя княствы ў адно, каб самаму кіраваць усімі гэтымі справамі. Ён больш займаўся Тэўтонскім ордэнам, пытаннямі Мазовіі. Памёр у Горадні ў 1492 годзе, — распавядае Алесь Кіркевіч. — Быў чалавекам спакойным, то бок ён не быў экзальтаваным. Пабожным, кажуць, быў. Ад татараў адбіваўся. Нармальны сістэмны палітык. Вось такіх бы паболей».

1. Усяслаў Чарадзей

Usiaslaŭ Čaradziej
Усяслаў Чарадзей (уяўны партрэт). Фрагмент мініятуры з Радзівілаўскага летапісу, XV ст.Крыніца: wikipedia.org

Князь полацкі. Кіраваў 57 гадоў з 1044 па 1101 гады.

«Гэта супер-князь-ваўкалак. Князь-міф, — кажа Алесь Кіркевіч. — Кожнай дзяржаве патрэбны такі князь-міф, каб ён ператвараўся ў кагосьці, швэндаўся па начах у вобразе воўка, каб ён рабіў цуды. Хаця частка гісторыкаў схіляюцца да думкі, што ўся гэтая містыка пра тое, што ён нарадзіўся ад валхвавання, быў ваўком, за ноч прабягаў нейкія тысячы кіламетраў, — што гэта ўсё насамрэч чорны піар кіеўскіх хлопцаў, якія былі канкурэнтамі Усяслава».

На той час запісаць свайго канкурэнта ў паганцы было тое самае, што цяпер назваць свайго канкурэнта фашыстам альбо антысемітам.

«Тэма пра князя-ваўкалака нам цікавая і прыемная, але ў 12-13 стагоддзях гэта мог быць цалкам такі чорны піар супраць гэтага чалавека, — тлумачыць Алесь Кіркевіч. — Нам прыемна верыць, што ён быў ваўком, а як было насамрэч і ці быў нейкі след ад гэтага, мы не ведаем».

Усяслаў быў першым кіраўніком краіны палітвязнем. Яго пасадзілі ў турму, у поруб. «Ён ваяваў з кіеўскімі сваімі канкурэнтамі, уласна адсюль і бітва на Нямізе — першая ўзгадка Менска, 1067 год. І пасля яны мірыліся, цалавалі крыж, яго падманулі, заманілі ў Кіеў і пасадзілі ў поруб. Поруб — гэта драўляная канструкцыя, утопленая ў зямлю, з земляной падлогай, і там няма дзвярэй. То бок ты там сядзіш ужо да смерці. Калі цябе туды закрылі, ты там проста павольна гніеш», — распавядае Алесь Кіркевіч.

Усяслава вызваліў, як кажа Алесь Кіркевіч, першы кіеўскі Майдан, то бок людзі сабраліся, скінулі сваіх князёў, вызваліі Усяслава і запрасілі яго на княжанне ў Кіеве. Але ён не застаўся, а вярнуўся ў Полацак.

«Невядома, ці ад вялікага патрыятызму, ці проста ў яго было добрае палітычнае чуццё — дзе лепш быць, а дзе лепш не быць, — кажа Алесь Кіркевіч.

Таксама Усяславу прыпісваюць будаўніцтва Сафійскага сабора. На той час гэта была адзнака высокага статусу. Па словах Алеся Кіркевіча, Усяслаў развіваў мілітарную тэму, пры ім будаваліся і ўмацоўваліся крэпасці, то бок «гэта чалавек, які заслугоўвае пашаны і павагі».