Гісторыя не стаіць на месцы. Кожны дзень адбываюцца падзеі, якія праз пэўны час будуць вывучаць у архівах, СМІ і падручніках. Дык чаму б нам самім гэтым не заняцца і не паглыбіцца ў тоўшчы гісторыі, якая ўжо адбылася і нават крыху пакрылася пылам? Калі вы згодныя, то запрашаем на некалькі хвілін акунуцца ў адборныя гістарычныя факты з гісторыі нашага краю, што адбываліся на гэтым тыдні.
13 лістапада. Падзей багата, але сёння мы закранем тут літаральна дзве даты з ХХ стагоддзя.
У 1915 годзе ў Вільні з’явіўся яшчэ адзін аскепак беларускай мовы ў нашым рэгіёне – менавіта тады адкрылі першую беларускую пачатковую школу.
Другая падзея больш цікавая, бо ў гэты дзень у 1918 годзе савецкая ўлада скасавала Брэсцкую мірную дамову. Нагадаем, што на яе новая расійская ўлада доўга не пагаджалася, што падштурхнула Германію пайсці далей на ўсходнім фронце, заняўшы па факце амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі і не толькі, што потым вымусіла савецкі бок прыняць нашмат больш жорсткія ўмовы міру. Вось асноўныя пункты гэтага мірнага пагаднення:
- Расія страчвае прывіслінскія губерні, Украіну, губерні з беларускай большасцю, Эстляндскую, Курляндскую і Ліфляндскую губерні, а таксама Вялікае княства Фінляндскае.
- На Каўказе Расія страчвае Карскую і Батумскую вобласці.
- Савецкі ўрад спыняе вайну з Украінскай Цэнтральнай Радай УНР, прызнае незалежнасць Украіны ў асобе ўрада УНР і заключае з ёй мір.
- Дэмабілізацыя арміі і флоту.
- Балтыйскі флот выводзіцца з баз у Фінляндыі і Балтыі.
- Расія выплачвае 6 мільярдаў марак рэпарацый плюс аплата стратаў Германіі ад расійскай рэвалюцыі — 500 млн залатых рублёў.
- Савецкі ўрад абавязаны спыніць рэвалюцыйную прапаганду ў Цэнтральных дзяржавах і іх саюзнікаў, створаных на тэрыторыі Расійскай імперыі.
14 лістапада на календары. І тут мы сустракаем 98 гадоў з вельмі памятнай даты ў гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе пачалося Слуцкае паўстанне за аднаўленне БНР. Доўжылася яно некалькі месяцаў і было жорстка задушанае, але спроба чарговы раз аднавіць беларускую незалежную дзяржаўнасць назаўсёды захавалася на старонках нашай доўгай гісторыі, няхай яно і не займела поспеху.
15 лістапада багатае на розныя адкрыцці. Напрыклад, 1925 год. У гэтым годзе выйшла першая перадача Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Кажучы простай мовай, менавіта з гэтага часу пачалося беларускае нацыянальнае радыёвяшчанне!
Вы аматар музыкі і кіно? Тады наступныя даты вам будуць цікавыя! 1932 год – адкрыццё Беларускай кансерваторыі, а 1962 год у гэты дзень нам пакінуў заснаванне Саюза кінематаграфістаў Беларусі!
Плынь часу ўсё нясе наперад! 16 лістапада зноў вяртае нас да Слуцкага паўстання і 1920 года. У гэты дзень паўстанцы стварылі антысавецкую Беларускую раду Случчыны. Фактычна, гэта быў мясцовы орган самакіравання, які праіснаваў да канца студзеня 1921 года.
І вось 17 лістапада. Тут у гісторыі Беларусі падзей няма.
Падобная сітуацыя і з 18 лістапада. Але мы можам шчыра павіншаваць нашых суседзяў-сяброў латвійцаў з 99 гадамі незалежнасці, абвешчанай у 1918 годзе. Суседзі, з Незалежнасцю! Latvieši, Neatkarības dienā!
Але вось і канец тыдня – 19 лістапада. Мы ўжо які тыдзень знаёмім вас, чытачы, з падзеямі гісторыі нашага краю. А гэта наша спадчына. Чаму мы пра гэта згадалі? Бо ў гэты дзень спаўняецца 99 гадоў культаваму вершу Янкі Купалы, напісанаму ў 1918 годзе. Вось і ён:
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладбішчы.
І ў белы дзень і чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Янка Купала, 1918 год
Багдан Сакалоў, budzma.by