Мы зноў распавядаем пра гістарычныя факты па датах, але ў іншым, бягучым, фармаце. Дык што адбываецца на гэтым тыдні? Чытайце далей!
23 кастрычніка багатае на цікавыя падзеі. Напрыклад, у 1501 годзе паміж ВКЛ і РП быў заключаны Мельніцкі акт, які так і не набыў моцы. Але сама унія прадугледжвала вялікую страту незалежнасці ВКЛ. Акт прадугледжваў выбарнасць аднаго агульнага караля, а яшчэ адзіную грашовую сістэму з замежнай палітыкай.
Але рухаемся далей. У 1893 годзе вядомы беларускі філолаг Яўхім Карскі паспяхова абараняе магістарскую дысертацыю ў Кіеве. Тэма яго працы была «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі». Чаму гэта важна? Ды ўсё проста – гэта першая навуковая праца пра беларускую мову!
І вось мы ўжо ў ХХ стагоддзі. Тут цікавая і важная падзея для Мінска. У 1924 годзе ў нашай сталіцы запусціўся аўтобусны рух! На сённяшні дзень у Мінску працуе 5 аўтобусных паркаў і існуе звыш 190 маршрутаў!
Наступны дзень – 24 кастрычніка. І тут мы пачынаем з сумнейшай у нашай гісторыі падзеі – трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які быў апошнім і фактычна знішчыў гэтую дзяржаву. Менавіта пасля гэтага сучасная тэрыторыя Беларусі на доўгі час страціла незалежнасць… Фактычна, гэта адзіная значная для нас падзея ў гэты дзень.
Час ідзе. І на календары 25 кастрычніка… свабодны ад важных гістарычных падзей дзень. Таму рухаемся далей.
26 кастрычніка нарадзіў шмат вартых людзей Беларусі, але ў гэтым артыкуле мы згадаем толькі аднаго – сапраўднага і годнага беларускага паэта. У 1959 годзе нарадзіўся Анатоль Сыс. За сваё кароткае жыццё ён напісаў шмат вершаў, але “Белая лебедзь” дагэтуль з’яўляецца пэўным гімнам беларускай свядомай душы. Выкананне верша Касяй Камоцкай сапраўды кранае за душу. Прапануем разам з намі натхніцца гэтым вершам і музыкай.
27 кастрычніка. 1430 год. Памёр вялікі князь літоўскі Вітаўт, які так і не стаў каралём. У любым выпадку ён застаўся ў гісторыі адным з найславуцейшых манархаў ВКЛ.
28 кастрычніка мае вельмі значную літаратурную падзею. Яна адбылася ў 1523 годзе ў Кракаве. Менавіта там у гэты дзень выйшла з друку найвядомейшая паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.
Апошні дзень тыдня – 29 кастрычніка. Самая галоўная падзея гэтага дня мае вельмі трагічны змест. Менавіта ў гэты дзень у 1937 годзе ў будынку КДБ у Мінску расстралялі 100 дзеячаў культуры, асветы і дзяржаўнага апарату Беларусі. Гэта сапраўды чорны дзень для нашай спадчыны і культуры. Гэты дзень варта ведаць кожнаму беларусу.
Багдан Сакалоў