Гэта юбілейны — трыццаты Дзень пісьменства ў Беларусі.
Гарадок. Фота: planetabelarus.info
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў у час правядзення першага пасяджэння па падрыхтоўцы і правядзенні 30-га Дня беларускага пісьменства 3 верасня расказаў пра ключавыя мерапрыемствы свята, перадае БелТА.
Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе вызначаны Гарадок Віцебскай вобласці. Асноўнай тэмай свята плануецца вызначыць трыццацігоддзе Дня беларускага пісьменства. «Сімвалічна, што гэты юбілей святкуецца на Віцебскай зямлі, бо яна дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання. Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі — яны ўсе выхадцы зямлі віцебскай. Таксама ў ходзе Дня беларускага пісьменства 2023 года знойдуць сваё адлюстраванне юбілей беларускага савецкага пісьменніка, перакладчыка і драматурга Янкі Маўра (у бягучым годзе адзначаецца 140-годдзе з дня яго нараджэння), стварэнне паэмы «Тарас на Парнасе» ўраджэнцам Гарадоцкага раёна Канстанцінам Вераніцыным, а таксама гісторыя, культура і традыцыі гарадоцкай зямлі», — расказаў Пярцоў.
Адметнай асаблівасцю святкавання могуць стаць тэматычныя выставы гарадоў, дзе раней праводзіўся Дзень пісьменства.
Таксама пройдуць урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства і ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія», міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні» сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, фінал дзіцячага конкурсу «Жывая класіка».
Да свята будуць распрацаваны і прадстаўлены на зацвярджэнне аргкамітэта эскізы афармлення галоўнай сцэны Фестывалю кнігі і прэсы, друкаванай прадукцыі, запрашэння, канвертаў, афішы, плакатаў, пропускаў на транспарт, запрашэнняў на глядацкую трыбуну і гэтак далей. Запланаваны выпуск тэматычных друкаваных выданняў, прысвечаных Гарадку і Гарадоцкаму раёну.