Што чытаць на доўгіх выходных

Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч піша на budzma.org аб тым, што варта чытаць на вялікіх выходных.


Да мяне звярнуліся з просьбай параіць, што чытаць на гэтых выходных, якіх ажно вось раз, два, некалькі дзён. Шчыра кажучы, калі вы ў прынцыпе кніжны чалавек, то такое пытанне перад вамі ніколі не паўстане. Бо ў кніжнага чалавека заўжды ёсць істотны спіс недачытаных кніг, якія толькі й чакаюць не тое, што выходнага дня, а вольнай гадзіны перад сном, каб быць дачытанымі. Акрамя таго, без перабольшання дзясятак-другі кніжак будзе набыты з мэтай "калі-небудзь прачытаць, а пакуль што проста куплю і пастаўлю". І там, у гэтым стосе (паліцы, шафе, пакоі - патрэбнае падкрэсліць) вы таксама лёгка знойдзеце, так сказаць, спажытак для душы.

Зразумела, пры адсутнасці такіх уводных, трэба сапраўды думаць, за што ўзяцца. Калі прааналізаваць бягучы парадак дня, успомніць мінулы год, то найлепшым выбарам будзе , напэўна, чытанне для разгрузкі. Каб крыху назапасіць добрых эмоцый, нарасціць псіхалагічную абарону ад згусцелага навокал мораку, у прамым і пераносным сэнсах.

Маёй першай парадай будуць кніжкі, якія вы любілі чытаць у дзяцінстве. Перачытванне наблізіць вас да псіхалагічна бяспечных часоў, абудзіць альбо хоць нагадае пра колішняе прыемнае ляжанне з кніжкай на вашай улюбёнай канапе. Тут канкрэтыкі нейкай даць немагчыма, бо такія "цёплыя кніжкі" ва ўсіх свае. І часам яны вельмі розныя. У маім дзяцінстве гэта былі "Тры мушкецёры" Дзюма, "Трое ў чоўне без уліку сабакі" Джэрома Джэрома, Шэрлак Холмс ад сэра Артура Конан Дойла, "Дванаццаць крэслаў" Ільфа і Пятрова, а таксама чамусьці "Педагагічная паэма" Макаранкі і "Старая крэпасць" Бяляева. Ну і, канечне, Жуль Верн. Асабіста я, адмыслова дзеля чытання на доўгіх выходных, схадзіў у букіністычную краму "Веды" на Карла Маркса і купіў за адзін рубель "менавіта тое" выданне "Таямнічай выспы" Жуля Верна. Яно ёсць у маіх бацькоў, але захацелася ўзяць такое ж для тутэйшага карыстання. Як ні дзіўна, найбольш прывабным для мяне фрагментам кніжкі ў дзяцінстве было прыгатаванне каланістамі на чале з Сайрэсам Смітам добрай порцыі нітрагліцэрыну для разбурэння сцяны, з падручных сродкаў і набору для юнага фатографа. Што гэта як не лайфхак, актуальны для сучаснасці.

Па-другое, вы можаце зайсці ў кніжную краму (а многія з іх працавацьмуць на выходных) і купіць новую беларускую кніжку незалежнага выдавецтва. Шчыра кажучы, я даўно чакаю ад пратэстоўцаў такога флэшмобу. Найперш вы гэтым наўпроставым чынам падтрымліваеце незалежную культуру. У другім аспекце, рыхтуючыся да чытання на выходных адмыслова, вы дадасцё некалькі прыемных эмоцый плюс да самога працэсу чытання. Бо набыццё новенькай кніжкі, разгортванне яе на марозе і ўдыханне паху друкарскай фарбы -- гэта ўжо само па сабе свята. Нельга не адзначыць, што рабіць такія рэчы можна не толькі падчас калядных тыдняў, але і круглы год. На што арыентавацца ў гэтым разе -- таксама вырашаць вам. Можна набыць нешта з свежых перакладаў замежнай літаратуры; дзіцячыя кніжкі з шыкоўнымі ілюстрацыямі, якія можна і трэба разглядаць і дарослым, і дзецям. Калі губляецеся ў цянётах паэзіі і прозы, можна зарыентавацца на пераможцаў нядаўняга кніжнага рэйтынгу Радыё Свабода. І зборнік вершаў VOLUMEN.2 Міхала Бараноўскага і "Апошнюю кнігу пана А." Альгерда Бахарэвіча я з задавальненнем прачытаў, і таму абсалютна спакойна вам іх рэкамендую.

95c9e2ffec630d9cd47199a9be557055.jpg

Аматарам гістарычнага нон-фікшн я б параіў некалькі навінак выдавецтва "Кнігазбор". Калі вы часам рыхтуецеся, як і многія сотні крэатыўных беларусаў, да магчымага пераезду і рэлакацыі, можна прыдбаць, так сказаць, гайд па гэтых справах у дачыненні да славутых сваімі лялькаводскімі заявачкамі Чэхіі і Славакіі. Я маю на ўвазе "Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918–1939)" Андрэя Бучы. Нягледзячы на ўсю навуковую сур'ёзнасць назвы (і, уласна кажучы, узровень падрыхтоўкі кнігі), тут вы знойдзеце ўсе праблемы, з якімі сутыкаліся ў замежжы нашыя суайчыннікі сто гадоў таму, пры набыцці адукацыі, прафесіі, месца працы і пры рэалізацыі свайго права на самавыяўленне. Другою навінкаю, для закрыццё прабелаў ва ўласным самаразвіцці, а таксама дзеля больш важкай аргументацыі ў спрэчках пра "фашысцкія сцягі" я бачу нядаўнюю кніжачку "Мікола Равенскі", зробленую Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам. Дарэчы, у гэтай кнізе пра аўтара гімна "Магутны Божа" вы даведаецеся і дакладную дату нараджэння славутай песні. Намякну толькі, што нарадзілася яна не да, не падчас, а пасля Другой сусветнай вайны.

10179B88-F3DA-4C6B-A8F9-DFC55A56178F_mw800_s.jpg

Ну і наастачу я б параіў чытаць "Вянок" Максіма Багдановіча. Не толькі таму, што сёлета юбілейны год. Але, проста, калі вас раптам затрымаюць, таму што вы некаму не спадабаліся (а праз гэта прайшлі ўжо дзясяткі тысяч нашых суграмадзянаў), і ў вас раптам з'явіцца шмат вольнага часу і адсутнасць звычных відаў дзейнасці, то колішняе чытанне паэтычнай кнігі вам абавязкова прыдасца. Вывучыўшы на памяць Багдановіча, вы зможаце чытаць яго нават пры адсутнасці самой кнігі. Ды што там - пры адсутнасці святла, цяпла, стоячы і лежачы. Рытмічныя радкі Багдановіча супакойваюць нервы і нармалізуюць дыханне. І ўрэшце рэшт даюць істотную палёгку.

Што і было канчатковай мэтай раздавання гэтых парадаў.

Ціхан Чарнякевіч, budzma.org