Фэст KULOK аб’яднае незалежную творчасць дзеля салідарнасці і падтрымкі

25 кастрычніка 2025 года ў варшаўскіх прасторах альтэрнатыўнай культуры Przychodnia і Syrena Skłot адбудзецца незалежны фестываль KULOK — пляцоўка для музыкі, тэатра, візуальнага мастацтва і адукацыйных сустрэч. Мэта імпрэзы — падтрымаць палітвязняў і людзей з анкалагічнымі захворваннямі, а таксама стварыць прастору свабоднага самавыяўлення і ўзаемнай падтрымкі.

Afiša

KULOK аб’ядноўвае розныя формы мастацтва і актыўнага дзеяння: рок і рэп, тэатральныя перформансы, кінатрансляцыі, выставы, лекцыі і паэтычныя чытанні.

Сярод музычных удзельнікаў — гурты Dzieciuki, Atesta, Torn, артыст Mandzik.

Паэт Артур Камароўскі прэзентуе зборнік «Анатомія», актрыса Вольга Каралёнак — трасянкавую камедыю «Гдзе прэзідзент?», рэжысёр Арцём Лобач — фільм «Дом там, дзе я?».

Даследчык і падарожнік Аляксандр Гойшык правядзе лекцыю пра трохгадовае кругасветнае падарожжа.

Таксама пройдзе паказ серыялу «Чин-Чины в Мундирах» і гутарка з адным са стваральнікаў фільма Змітром Есяневічам.

У межах фестывалю адбудзецца мастацкая выстава «Цень» (куратар — Яраслаў Кірвель). Праект даследуе схаваныя эмоцыі і ўнутраныя супярэчнасці чалавека праз вобраз, колер і рух.

Сярод творцаў:

— беларускія: Yaraslau Kirvel, Sierafimus, Arcemij Kopach, Serbski Nož, Alex Atyasov, Ztinavl, Cimur Cienišau.
— украінскія: Karolina Pidkova, Kacia Kulik.
— польскія: Oskar Wiatr, Jeremi Nowiński, Sabina Krysik, Madga Dubis, Jagoda Saigon.

Акрамя таго, будзе прадстаўлены фотапраект «Жыццё як панк-рок» (Аляксандр Валодзін, Іван Новаш).

Таксама госці змогуць далучыцца да чайных цырымоній ад Tea-Mail, набыць беларускі мерч WYRAJ і кнігі выдавецтва Prosvet.

Przychodnia і Syrena Skłot  знакавыя незалежныя пляцоўкі Варшавы, вядомыя сваёй DIY-культурай, актывізмам і атмасферай свабоды.

Вядучыя падзеі — мастак і куратар Яраслаў Кірвель і музычная журналістка, крытык, арганізатарка культурных імпрэз Марына Савіцкая.

Фестываль арганізуе калектыў KULOK.