Калі стрэс робіцца звыклай часткай штодзённасці, перабіраеш усе спосабы барацьбы з ім. Шпацыры, спорт, шакалад, паплакаць, напісаць шчыры пост — кожнаму сваё.
Няварта скідаць з рахункаў і чытанне. Спосаб адзін, а працуе па-рознаму: і як медытацыя, у час якой мозг адключаецца ад гнятлівай завядзёнкі, і як сродак эскапізму, і — сеанс рацыяналізацыі: чытаеш, напрыклад, работу па антрапалогіі, і разумееш, чаму малпа паводзіцца як малпа.
Прапануем спіс беларускіх кніг, якія могуць дапамагчы супакоіцца і зняць псіхічнае напружанне.
«Радзіва «Прудок»», Андрусь Горват
Лідар спісу, безумоўна, «Радзіва «Прудок»» Андруся Горвата. Кніга таму і стала такой папулярнай і горача любімай, што дае камфортнае адчуванне спакою ды абароненасці. Вёска для беларусаў не толькі абрыдлы літаратурны стэрэатып, але Пачатак Пачаткаў і Песня Песень. Цяжка знайсці беларуса, які б не быў з ёю звязаны. І калі толькі ты не вядзеш крымінальныя хронікі ў хойніцкай раёнцы, то да вёскі маеш салодкі сантымент: там бабуля, цёплая печ, бульба ў гаршэчку, прырода, паветра свежае... Прыгажосць! І людзі мілыя, простыя, свойскія. І жыццё — такое зразумелае, ціхае і размеранае... Так, прынамсі, выглядае ідэалізаваная карцінка, якая ў «Радзіве» Горвата паўстае не раз. Канечне, не абыходзіць аўтар і праблемы, але ўсё адно вёска ў яго — гэта Космас, прычым не халодны і пусты, а рамантычны. Кніга-рэлакс, празаічная версія песні «Простыя словы, простыя рэчы». Да ўсяго, тэкст аздоблены нязлым чуллівым гумарам.
Сусветная класіка ў перакладах Паўла Касцюкевіча
І калі ўжо размова зайшла пра гумар, нельга абысці сусветную класіку ў перакладах Паўла Касцюкевіча. Гэта не зусім беларускія кнігі, строга кажучы, але ёсць нюанс: небеларускія гэтыя тэксты ў арыгінале, але варта Касцюкевічу перакласці іх на свой манер, як прыгоды англійскіх джэнтльменаў ці касмічная адысея пачынаюць гучаць па-наску. Таму раім да прачытання «Аўтаспынам па галактыцы», «Трое ў чоўне і пёс з імі», «Падарожжы Беньяміна ІІІ», «Раптам стук у дзверы» — ці ўсё запар, ці штосьці з пералічанага. Галоўнае — пачаць. Калі спадабаецца штосьці адно, значыць, «зойдзе» і астатняе. У спрытных руках Касцюкевіча і Дуглас Адамс, і Джэром Клапка Джэром, і Мэндэлэ Мойхер-Сфорым, і Этгар Керэт робяцца сваімі ў дошку хлопцамі, з якімі можна пагутарыць пра жыццё і пасмяяцца да слёз, а то і праз слёзы.
Касцюкевіч гарантуе ачышчальную смехатэрапію, пасля якой можна звярнуцца і да яго ўласных тэкстаў. У перакладах і ў сваёй прозе Касцюкевіч гучыць у адной танальнасці. Гэтым яго, дарэчы, і папікалі: маўляў, Джэром у Касцюкевіча болей Касцюкевіч, чым Джэром. Але і нам з вамі патрэбная не навуковая дакладнасць, нам патрэбная псіхалагічная падтрымка.
«Здубавецця», Рыгор Барадулін
Трэцяе ў спісе «Здубавецця» — апафеоз беларускага раблезіянства. Кніга дэманструе непарадны бок Рыгора Барадуліна, тую частку яго асобы, што ўзрасла на вушацкім фальклоры. Уласна, гэта і ёсць зборнік вушацкага фальклору, перлы народнага гумару, кропля якога здольная забіць каня высокай маралі. Бо вушацкія дзеўкі і мальцы «Рэчы ўсе называлі так, / Як назвацца хацелі рэчы». Ніякіх эўфемізмаў, голая праўда. Як гэтага не хапае цяпер!.. Барадулін ведаў, што ў дасціпных «непрыстойных» песеньках, вершыках і прымаўках схаваная соль беларускага характару, а калі браць шырэй — натуры чалавека. Кажучы прасцей, «Здубавецця» — сродак адвесці душу, адкінуўшы ўсялякую прыстойнасць.
Цыкл кніг «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», Пятро Васючэнка
Аднаго поля ягада са «Здубавеццем» серыя кніг Пятра Васючэнкі пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, але Васючэнка зрабіў больш хітра і тонка. Барадулін даў выказацца вушацкаму чалавеку наўпрост, стаў медыумам паміж светам нізавым і кніжна-«высокім». Васючэнка тую самую жыццесвярджальную народнасць даследаваў, засвоіў і перарабіў на казачны лад. У прыгодах паноў Кубліцкага і Заблоцкага спалучаецца неспалучальнае: дзіцячая казка, экалагічная асвета, маніфест гуманізму, прыгодніцкі абсурд, філалагічны гумар і экзістэнцыйная драма.
Серыя кніг адрасаваная аднолькава дзецям і дарослым, для кожнага прыхаваны свой мэсыдж і свая доля гумару. Пятро Васільевіч лекуе словам, адначасова вясёлым і светлым. Прыгоды паноў не толькі забаўляюць, але нагадваюць, што такое быць Чалавекам. І што гэта — правільна.
Прасцей кажучы, нічога не змянілася. Усё тыя ж дэманы лунаюць над душамі беларусаў, усё тыя ж цмокі сілкуюцца з чужой крыві, каб узбагаціцца, і варгіны вуркочуць так, што жамяра плодзіцца ў пустых галовах. З аднаго боку, аповесць Баршчэўскага — вострасюжэтны псіхалагічны трылер, містычная забаўка і сродак незаўважна забіць бяссонную ноч. З іншага — складаная вялізная метафара, якая плаўна падводзіць нас да другой часткі спісу — да
«Йопыты двух маладых нелюдзяў», Сяргей Пістончык
Тэкст экстраваганты і цяжкадасяжны: гэта бібліяграфічная рэдкасць, электроннай версіі якой не існуе ў прыродзе. Прынамсі, мы яе не знайшлі, але знайшлі ўрыўкі ў рэліктавым блогу аўтара Сяргея Пістончыка (Асцярожна! Нецэнзурная лексіка ў мастацкіх мэтах). Тым не менш «Йопыты» згадаць неабходна, бо нягледзячы на сваю хуліганскую форму, кніжка трапляе ў самую сутнасць беларускага «элехтарату». Пістончык (ён жа Прылуцкі) выпісвае трагікамічныя тыпажы завадчан і касірак, алкаголікаў і побытавых тыранаў, якія складаюць асноўную масу беларускага грамадства. Пачытаўшы «Йопыты», калі пашчасціць іх прыдбаць, вы не толькі пасмеяцеся, але зразумееце, чаму ў 1994 годзе мы сталі на шлях, які прывёў нас у цяперашняе становішча.
«Райцэнтр», Таня Скарынкіна
Таня Скарынкіна — майстар лірычнай замалёўкі ў прозе і вершы. Увага да някідкай дэталі, шкадаванне кожнай жывой душы, спроба ўсё зразумець і аб’яднаць у зладжаную сістэму — вызначальныя рысы мастацкага свету Скарынкінай. У «Райцэнтры» ўсё тое ж, але канкрэтна ў гэтым спісе для нас важна вось што: аўтарка апісвае вялікія і маленькія беды і няшчасці людзей, што жылі і паміралі ў Смаргоні. Ціхі райцэнтр выступае як мадэль усёй Беларусі: тыя ж войны, рэпрэсіі, смерці, расстанні, рабаванні і страты, толькі ў меншых маштабах, і гэта нават страшней, бо тут бачны кожны асобны твар, тут ведаеш ахвяр пайменна. І пры гэтым кніга зусім не выглядае трагічнай. Справа ў асаблівай Танінай інтанацыі і поглядзе, поўным любові. Ейнае імкненне ўпарадкаваць хаос цудадзейна ўплывае на чытача: аповед ідзе нібыта пра сумнае, але на сэрцы светла і спакойна. Бо ўсяму сваё месца, свой час, свая роля. Нішто не выпадковае. Сёння табе страшна і сумна — але гэта частка шляху, на якім яшчэ будзе добрае.
«Архіпелаг Беларусь», Валянцін Акудовіч
Цяжкая артылерыя ў гэтым шэрагу. Яшчэ ў 1994 годзе ён расклаў па паліцах адказы на пытанні па гісторыі Беларусі, паходжанні беларусаў, палітычнай сітуацыі ў краіне, нашых перспектывах... Спрачацца з ім, канечне, можна, і нават трэба, бо як вядома, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Хтосьці не пагодзіцца з думкай пра тое, што Беларусь выключна беларускай быць не можа, што гэта ўтопія; хтосьці аспрэчыць мадэль краіны-архіпелага, дзе людзі разрозненыя, грамадскія супольнасці вытыркаюцца астравамі, і толькі культура, толькі ідэя і кнігі яднаюць іх. Істотна не гэта; галоўнае — вы можаце паглядзець на чужыя адказы на важныя пытанні, якія сёння не даюць спакою, і адштурхоўваючыся ад іх, сканструяваць свае.
У няпэўнасці жыць цяжка. Кніга Акудовіча дае шанц на ідэйны грунт пад нагамі.
«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» Сяргея Абламейкі
Маральную падтрымку з боку дакументалістаў забяспечаць «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» Сяргея Абламейкі. У абедзвюх кніг ёсць тры перавагі: па-першае, іх можна вольна спампаваць; па-другое, кнігі свежыя, прынамсі, апошніх пяці гадоў («БНР» выйшла ў 2018-м, «Менск» — летась); па-трэцяе, яны дакументальныя, так што можна адкінуць аўтарскія інтэрпрэтацыі, узяць факты, якіх у кнігах звышмеры, і зрабіць свае высновы без пасярэднікаў.
«Падарожжа ў БНР» — іранічны аповед пра інтрыгі, скандалы і пакутнае станаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут ёсць месца як пафасным палітычным маніфестам, так і барацьбе за самавар (літаральна). Вы ўбачыце, што няма нічога фатальнага ў цяперашніх міжсабойчыках дэмакратычных сілаў: усё гэта толькі следства чалавечай натуры, усё гэта, як Караткевіч, было, ёсць і будзе.
«Невядомы Менск» — гісторыя пра тое, якой насамрэч была беларуская сталіца і як яе знішчалі (збольшага — бальшавікі; войны і пажары — на другіх ролях). Сумна, канечне, што горад страціў еўрапейска-сярэднявечнае аблічча з яго рамантыкай і турыстычнымі маршрутамі. Але кніга не толькі наводзіць адчай: вы зразумееце, хто, чаму і навошта сёння замалёўвае «няправільныя» муралы, зразае стужкі і баіцца пэўных спалучэнняў колераў. Вы ўбачыце, што гэтая гісторыя вынішчэння і заціскання даўняя, стракатая, зацятая, і не заўжды перамагае Галіяф.
Натуральна, наш спіс не ідэальны: чагосьці ў ім не стае, штосьці вы палічыце лішнім. Але за чарнавік яго ўзяць можна. І скласці свой ідэальны спіс.
Аглядальнік, budzma.org