З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.
Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, гэта адзін з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў такіх зменлівых і няўстойлівых абставінах.
А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.
Ужо скончыўся калядны перыяд, і пачынаецца новы земляробчы цыкл. Люты — своеасаблівы пераходны момант, калі вясновыя і летнія прыродныя сілы (боствы, у якіх яны ўвасабляліся) толькі прачынаюцца. І, канечне, іх варта падтрымаць! Таму збольшага лютаўскія святы — гэта такія провады-сустрэчы: праважаем зіму, сустракаем лета!
Што і як святкавалі (і святкуюць) беларусы ў лютым?
2 (па грыгарыянскім календары) і 15 (па юльянскім) лютага — Стрэчанне (Грамніцы): Зіма сустракаецца з Летам і саступае яму дарогу. Мароз у гэты дзень лічыўся добрай прыкметай, а вось цёплае надвор’е на Стрэчанне прадказвала дрэнны ўраджай.
Грамнічная свяча. Крыніца: pexels.com
Другая назва — Грамніцы — звязана з Перуном (альбо святым Юрыем у хрысціянскай карціне свету). Лічылася, што бог Грымотнік прачынаецца і выпрабоўвае свае стрэлы на нячысціках — ад гэтага дня ўжо можна было пачуць першыя грымоты.
Галоўны атрыбут свята — грамнічная свечка. Яе лічылі цудадзейнай і захоўвалі ўвесь год. Каб маланка не спаліла хату, варта было ў навальніцу запальваць грамнічную свечку. А на Купалле яе прымацоўвалі над варотамі хлявоў, каб нячысцікі не сапсавалі жывёл. Таксама бралі грамнічную свечку і на першае ворыва, выпальвалі ёю абярэжны крыж на бэльцы хаты, выкарыстоўвалі ў пахавальнай абраднасці.
6 лютага — Аксіння-паўхлебніца. Назва пайшла ад падлікаў збажыны. Нашы продкі лічылі, што да новага ўраджаю трэба гэтулькі ж хлеба, колькі ўжо з’едзена.
Крыніца: pexels.com
У гэты дзень прынята было выносіць і развешваць на платах, брамках, галінках дрэў свае самыя прыгожыя льняныя вырабы. Верагодна, усю гэтую прыгажосць мусілі пабачыць багі і даць добры ўраджай ільну ў новым годзе. А, магчыма, так рукадзельніцы паказвалі свае ўменні і вытанчаны мастацкі густ грамадзе.
6 (па грыгарыянскім календары) і 19 (па юльянскім) лютага — Ваўкалакі (Вукола). Дзень ушанавання Вялеса (у хрысціянскай традыцыі — св. Вукола). Ён лічыўся першым абаронцам свойскай жывёлы. Бо гэта самы галодны час для лясных жыхароў.
Крыніца: pexels.com
Таксама Вуколу лічылі абаронцам ад пярэваратняў — ваўкалакаў. Да іх у нашых продкаў не было адназначнага стаўлення. У большасці выпадкаў ім спачувалі. Бо лічылася, што ваўкалакамі людзей робяць чараўнікі альбо ўласнае «галавацяпства». Так, зафіксавана паданне, у якім чалавек, ссекшы сасну для пабудовы хлява, закляў яе такімі словамі: «Няхай той, хто пераступіць праз дрэва, абернецца ваўком». Ён хацеў так абараніць сваю маёмасць ад рабаўнікоў, але, забыўшыся, сам пераступіў праз сасну і ператварыўся ў ваўка.
Адрозніць звычайнага ваўка ад пярэваратня можна па звычках. Ваўкалакі, як лічылі нашы продкі, не ядуць сырое мяса, а намагаюцца падабраць рэшткі з чалавечага стала. Яны ўмываюцца зранку, водзячы пысай па роснай траве. Не баяцца людзей.
Дапамагчы пярэваратню зноў стаць чалавекам можна было рознымі спосабамі: парваць льняную нітку, пад якой толькі што прабег ваўкалак. Накінуць на яго тканы пояс альбо святочны абрус.
13 (па юльянскім календары) лютага — у некаторых рэгіёнах асобна адзначалі Стрэчаньскія Дзяды. Дзень прысвячалі ўшанаванню продкаў. Прыбіраліся ў хаце і на падворку, засцілалі стол чыстым абрусам — чакалі «гасцей». Верылі, што душы памерлых продкаў збяруцца на вячэру, таму посуд са стала не прыбіралі.
17–18 лютага — у пятніцу і суботу перад Масленічным тыднем адзначаюцца Масленічныя Дзяды. Як і ў іншыя памінальныя дні, цэнтральная падзея — сямейная вячэра, на якую запрашаюцца душы памерлых. Дзеля гэтага гаспадыня першую аладку ці блін разрывала на кавалкі і раскладала на падаконні, каб прыляцелі душы продкаў. Таксама на стол ставіцца асобная талерка, куды ўсе прысутныя адкладаюць частку сваёй ежы, каб пачаставаць прыляцелыя душы. Усе размовы ў такі вечар — гэта ўзгадванне продкаў, гісторый з іх жыцця. Гэта быў своеасаблівы (і трэба адзначыць, вельмі эфектыўны) механізм захоўваць памяць пра свой род і перадаваць яе новаму пакаленню.
Крыніца: pexels.com
З 20 па 26 лютага (у праваслаўных) і з 16 па 21 лютага (у каталікоў) – у гэтым годзе Масленічны тыдзень (Запусты). Гэта свята на Беларусі мае шмат лакальных варыянтаў нават у назве: Сырніца, Загавіны, Папелец.
Фота: museum.by
Масленка — старажытнае вялікае свята, прысвечанае абуджэнню прыроды ад зімовага сну і пачатку новага жыццёвага цыклу. Уключала ў сябе шмат разнастайных абрадаў і рытуалаў. Асноўныя з іх: катанне на конях і каруселі-круцёлцы, гасцяванне ў сваякоў. Галоўнымі стравамі на гэтым тыдні з’яўляюцца малочныя прадукты і бліны.
У розных рэгіёнах Беларусі існуюць свае адметныя абрады. Так, на Тураўшчыне ўпрыгожваюць ёлку і ўжо гукаюць вясну, у Гарадоцкім раёне «хаваюць» Дзеда, а на Лёзненшчыне — цягаюць калодку.
23 лютага — асобна выдзяляецца на Масленічным тыдні чацвер. Яго называюць Валоссе (Улассе) альбо Крывы (Тлусты, Шырокі) чацвер.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022)
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна