15 ліпеня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) — вядомай беларускай літаратаркі, аўтаркі вершаў, прозы і публіцыстыцы, пачынальніцы дзіцячай дыдактычнай літаратуры на Беларусі, а таксама грамадскай дзяячкі, якая зрабіла значныя крокі ў развіцці і папулярызацыі беларускай культуры, мовы, асэнсаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, піша «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» Шматлікія з яе слоў да нашага часу застаюцца кранальнымі і актуальнымі, а творы з’яўляюцца бессмяротнай класікай.
Як вядома, жыццё часам падкідвае сюрпрызы нават там, дзе не чакаеш. І ў нечым даўно зразумелым і відавочным знаходзіцца нешта на дзіва новае і зусім нечаканае. Нешта, што, магчыма, і ляжала навідавоку, але не заўважалася. Сёння мы хочам звярнуць увагу паважанага чытача менавіта на такія рэчы, а дакладней, творы. Так, нават не адзін твор, а два, аўтарам якіх, верагодна, магла быць добра знаёмая кожнаму Цётка.
Пачнём з невялічкай гістарычнай даведкі. Вядомы ў гісторыі нашай літаратуры факт, што Алаіза Пашкевіч з’яўлялася рэдактарам першага беларускага часопіса для вясковай моладзі «Лучынка». Хаця давайце называць рэчы сваімі імёнамі: некаторы час яна была так званым «шэрым кардыналам» дадзенага выдання, бо на вокладцы першых нумароў часопіса мы можам пабачыць іншае імя — Аляксандр Уласаў. І толькі пазней, усяго два нумары былі падпісаны «Літаратурны рэдактар А. Крапіўка». Хоць і псеўданім, але прыналежнасць яго відавочная як для тагачаснага чытача, так і для сучасніка.
Да гэтага часу часопіс вывучаўся даследчыкамі з пункту гледжання апублікаванай на яго старонках творчасці пэўнага аўтара, таму большасць псеўданімаў, што сустракаюцца ў часопісе, у наш час маркіраваныя. Вядома, артыкулы і творы ў выданні змяшчала і сама рэдактарка. Цётка пісала на розныя тэмы ‒ навукова-папулярныя артыкулы аб розных з’явах вакольнага свету (як, напрыклад, «Газа»), мастацкія творы, якія таксама насілі адукацыйны («Гутаркі аб птушках») ці маралізатарскі («Міхаська») характар.
На жаль, няма ў нашым літаратуразнаўстве комплекснага даследавання выдання «Лучынка». Некаторыя публікацыі на старонках часопіса надрукаваны ўвогуле без указання аўтара ці падпісаныя загадкавымі крыптанімамі, якія адсутнічаюць у слоўніку псеўданімаў. У большасці з гэтых тэкстаў пазнаюцца вядомыя творы беларускіх аўтараў: Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, самой Алаізы Пашкевіч і інш. Але некаторыя публікацыі сустракаюцца ў беларускім друку ў адзінкавым варыянце — толькі ў «Лучынцы», і аўтарства іх дакладна не вызначана.
Напрыклад, у першым нумары часопіса можна пабачыць артыкул «Тытаніка», які падпісаны неадназначным крыптанімам Б-а. Размяшчаем тэкст публікацыі (глядзіце ніжэй) і асмелімся выказаць тэорыю: аўтар артыкула — Алаіза Пашкевіч.
Калі прытрымлівацца прапанаванага намі меркавання, то зусім не дзіва, што аўтарка абрала менавіта тэму трагедыі карабля «Тытанік». Відавочна, што Цётка мела пэўнае чуццё на тэмы з невычэрпным тэрмінам актуальнасці. Яе мастацкая проза сваёй экзістэнцыяльнасцю не саступае і сусветна вядомым шэдэўрам дадзенага напрамку. І, вядома, падобныя творы доўгі час не губляюць папулярнасці. Яе артыкулы, прысвечаныя стану беларускай мовы і культуры складана чытаць без слёз, бо разумееш, што за стагоддзе амаль нічога не змянілася. Тое ж і з «Тытанікам»: ці магла ведаць Цётка, што гісторыя крушэння лайнера стане для сусветнай культуры класічнай?
Аналізуючы яе вядомыя артыкулы, створаныя для часопіса «Лучынка», адразу заўважаеш шматлікія падабенствы з прапанаваным да ўвагі тэкстам. Уступ класічна Цётчын: асвета, дзеці, народ і добрыя якасці, якія яна патэнцыяльна ў беларускім народзе бачыць. Нават не будзем праводзіць паралелі, але нагадайце фінал «Успамінаў з паездкі ў Фінляндыю», дзе аўтарка расказвае пра гісторыю і якасці фінскага народа, прыводзячы іх не столькі ў прыклад беларускаму, а хутчэй як доказ, што і так магчыма. Якраз тут, напачатку артыкула, тэма чалавечых якасцей скіроўвае думкі чытача да англійскага народа і прыкладаў праявы лепшых чалавечых якасцей пры крушэнні карабля «Тытанік».
У апісанні ўладкавання лайнера — таксама класічная Цётка. Уважлівасць да дэталяў, апісанне дробязных і, магчыма, для кагось не важных падрабязнасцей, якія дапамагаюць у стварэнні найбольш яркага ўяўлення. Прыклад таму — і раней узгаданыя падарожныя нататкі пра Фінляндыю, і такія артыкулы Цёткі, як «Газа», «Папараць-кветка», «Наша народная беларуская песня» і інш.
Зварот да пэўнай асобы, канкрэтнага персанажа быў для аўтаркі вельмі важным момантам. Гэта таксама дадае яркасці і простасці ў разуменне і адчуванне гісторыі (а часопіс, нагадаем, выдаваўся для вясковай моладзі і павінен быў быць зразумелым кожнаму). Да падобнага прыкладу з творчасці Цёткі можна аднесці ўлёткі Беларускай сацыялістычнай грамады, аўтарства якіх таксама спрэчнае, але найбольш частае меркаванне, што пісала іх Алаіза Пашкевіч, чаму на карысць даволі шмат аргументаў.
«Што рабіць?» — бледнымі вуснамі шэпча цар Мікалай. (З улёткі «Чым ратуецца цар»)
...а ў тэлефон спешна паведамляе маладзенькага тэлеграфіста Філіпса: «Высылайце тэлеграмы ўсім караблём, што наш карабель прадзюраўлены <...>». Тэлеграфіст пры апараце збялеў як хустка, але цвёрдай рукой бьець тэлеграмы ва ўсе староны бязмернага акеяна! («Тытаніка»)
Зразумела, што і бледныя вусны цара Мікалая, і рашучасць праз жах маладзенькага Філіпса — мастацкі вымысел (як, вярагодна, і сам маладзенькі тэлеграфіст). Але наколькі ж гэты прыём насычае аповед эмоцыяй.
І тут жа бачым, што напісаны тэкст вельмі проста. Простыя словы, простыя вобразы. Тут нават далёка хадзіць не трэба: для Цёткі, якая імкнулася да асветы народа, зразумеласць яе тэкстаў чытачам любой катэгорыі была галоўным прыярытэтам.
Асабліва чапляе фінал. Чытач бачыць, што трагічная смерць тэлеграфіста, капітана, музыкаў і іншых пасажыраў не будзе марнай: «...будзе яна будзіць у сэрцах новых веліканаў». Нават у самых змрочных сваіх творах са зразумелым фіналам Цётка заўсёды паказвала, што кожны чалавек зрабіў карысць для гэтага свету і нават смерцю сваёй пакінуў след. Герой Міхаська з аднайменнага твора пасля смерці жоўтым лісцем па крынічцы прашалясцеў сваю гісторыю аўтару, які перадаў яе беларусу малому, брату. У памерлых старых Сымона і Міхала з «Асенніх лістоў» «елка або бяроза пусціць карэнне ў збалелыя сэрцы, выцягне з іх усю горыч і вынесе ў вясёлай зелені суроваму свету...».
Калі вам падалося, што артыкул «Тытаніка» трэба было занадта глыбока адкапаць для характарыстыкі «навідавоку», то пачакайце ‒ ёсць яшчэ чым вас здзівіць. Вось тут дакладна тое, што было пад носам у кожнага студэнта філолага-беларусіста, які хоць аднойчы пісаў курсавую/дыпломную работу (канешне, самастойна, а як інакш?).
Звернемся да вядомага бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», дзе можна знайсці асобны артыкул, прысвечаны Цётцы. У ім — кароткая даведка пра жыццё і творчасць аўтаркі і бібліяграфічны спіс публікацый яе і пра яе ‒ і так пра кожнага пісьменніка Беларусі да 1995 года. Пры ўважлівым праглядзе дробненькіх літарак і шчыльных радкоў з пералікам публікацый, можна пабачыць наступную бібліяграфічную спасылку: «1937. Для мамы: [Верш] // Хрысціянская думка, № 4 / Пад псеўд. Крапіўка. Аўт. спрэчнае».
Пры пошуку хоць якога-небудзь даследчага водгуку пра гэты верш і яго аўтарства вас чакае тупік — верш не заўважыў ніхто. Ён, як і артыкул «Тытаніка», сустракаецца ў беларускім друку толькі аднойчы — у вядомым заходнебеларускім часопісе «Хрысціянская думка», рэдактарам якога быў ксёндз Адам Станкевіч. Звярнуўшыся да пэўнага нумару, на жаль, чытач не знойдзе ніякіх артыбуцыйных падказак: верш размешчаны на «дзіцячай» старонцы, да яго няма ніякіх каментарыяў, але факт застаецца фактам: перад намі верш, надрукаваны беларускай лацінкай, падпісаны адным з найбольш вядомых псеўданімаў Цёткі ў год, калі аўтаркі даўно не было ў жывых. Магчыма, упершыню на прасторах сеціва прыводзім яго кірылічны варыянт:
Для мамы
Спатыкаем вясну:
После доўгага сну,
После цяжкай зімы надыходзе:
Бусел вунь клекатун,
Вясны пэўны вястун,
Разам з сонцам з спачынку выходзе.
У сваёй старане,
На сваёй баране,
Ён паправіць гняздо сваё хоча:
Пырай, мох і лямок
Цэлы Божы дзянёк
Без спачынку валоча й валоча.
Ён па лузе ідзе,
Па расе, па вадзе,
След у след з ім цень яго мкнецца.
Над крыніцай ляцяць
Пачала красаваць:
Жоўтым колерам к дзецям смяецца.
Чутна — пчолкі звіняць,
Дзеці ўжо гаманяць,
Бач, па кветку на луг выбягаюць:
І пайшлі грамадой,
Па лузе ўперабой,
Хто куды — рваць латаці спяшаюць.
Як нарвём, дык тады
Падальём ім вады,
І на вокнах расставім вязанкі:
Залатая латаць
Будзе ў вокнах зіяць ‒
Між вязанак твар нашае мамкі.
Паспрабуем узважыць меркаванні «за» і «супраць» прыналежнасці гэтага верша да спадчыны Алаізы Пашкевіч.
На карысць аўтарства пісьменніцы служыць змест твора: бесклапотнае дзяцінства, вясна, прырода, бусел на роднай старане. Апісанне вельмі нагадвае адзін з першых вершаў Цёткі «Лета» і ўвогуле тэматыкай спасылае да шматлікіх прыкладаў яе творчасці.
Характэрная для аўтаркі лёгкая і нават «баечная» лексіка, сярод якой... схаваліся батанічныя назвы раслін? Напрыклад латаць, а дакладней, лотаць балотная, ці курыная слепата — шматгадовая расліна сямейства казяльцовых з характэрнымі жоўтымі кветачкамі. Але ў выпадку Цёткі і гэта не дзіва, бо якраз падчас працы над «Лучынкай» рэдактарка актыўна цікавілася з’явамі вакольнага свету, у тым ліку і батанікай, а са старонак «Лучынкі» нават абяцала падарункі тым, хто ўдала засадзіць свой двор і вёску новымі кветкамі і дрэвамі.
Мог бы збіць з панталыку той факт, што твор апублікаваны больш чым праз 20 гадоў пасля смерці аўтаркі, але і тут можна знайсці аргументы на карысць яе аўтарства. Часопіс «Хрысціянская думка», як было адзначана вышэй, выходзіў пад рэдакцыяй Адама Станкевіча, які ў сваю чаргу меў шчыльныя кантакты з віленскай інтэлігенцыяй, перапісваўся з Вацлавам Іваноўскім — тымі людзьмі, з якімі пры жыцці кантактавала Цётка. Да ўсяго, у Літве доўгі час жыў муж Алаізы Пашкевіч Стэпонас Кайрыс, які клапатліва захоўваў яе архіў ажно да Другой сусветнай вайны, падчас якой, на жаль, ад архіву не засталося нічога. Такім чынам, зусім верагодна, што адзін з сучаснікаў Цёткі падзяліўся вершам з рэдакцыяй. А чаму б і не?
Аргументам супраць, асабліва для тых даследчыкаў, якія сцвярджалі аб паэтычнай неспрактыкаванасці аўтаркі, будзе даволі складаная і нетыповая для яе творчасці рыфмоўка. У цэлым, мы бачым рэгулярную рыфму, але сапраўды, нетыповую для пісьменніцы сумежную альбо перакрыжаваную. Але важна, што мы не ведаем год напісання. Па творчасці Цёткі, асабліва позняй, бачна, што аўтарка была вельмі схільная для эксперыментаў, таму ёй нічога не замінала паспрабаваць сябе ў новай форме.
Пытанні атрыбуцыі заўсёды былі складанымі з пункту гледжання доказу: немагчыма сцвярджаць аб аўтарстве са стоадсоткавай упэўненасцю, калі не маеш рэальнага дакументальнага пацвярджэння. На жаль, са спадчыны Цёткі мы сапраўды атрымалі вельмі мала. І усё ж, як бачна, жыццё здольнае падкідваць нешта нечаканае, таму, магчыма, знойдуцца і доказы — усяму свой час. Галоўнае: ніколі не трэба думаць, што хоць нейкая тэма з’яўляецца закрытай. Заўсёды чакайце нечаканага і верце ў бязмежнасць свету так, як Цётка верыла ў бязмежнасць магчымасцей усіх беларусаў.