Красавіцкая “Маладосць” спяшаецца на сустрэчу са сваім чытачом. І гэта сустрэча абяцае быць незвычайнай, бо тэма нумара – фантастыка! А што такое фантастыка, як не мастацтва ўяўлення? Вядома, дзе ўяўленне, там і цуды, і таямніцы, і чараўніцтва. Усё гэта можна адшукаць на старонках часопіса.
“Дзе ты, мая рэальнасць?” – пытаецца Дзмітрый Шулюк. І сапраўды, дзе праходзіць чырвоная лінія, якая аддзяляе рэальнае ад фантастычнага, матэрыяльны свет ад уяўнага і, у рэшце рэшт, чалавека ад тэкста? “У рэальнасці людзі не ператвараюцца ў таўстаскурых сляпых насарогаў і не бегаюць натоўпам па горадзе. У рэальнасці старыя не бавяць час са сваімі ўспамінамі, не прапаноўваюць сваім успамінам зэдлік, гарбату”.
Дарэчы, дзесьці на мяжы рэальнага і ідэальнага жыў і Максім Танк, пра якога ў сваёй калонцы “Крэскі жыцця” піша Канстанцін Касяк: “Гісторыя Танка іншая — гэта гісторыя маладога паэта, што жыве ў дзяржаве, якую не лічыць сваёй. Не лічыць сябе ён і палякам, больш за тое — не хоча мірыцца з тым, што яго родную мову і культуру прыніжаюць. Каб змяніць пануючы стан рэчаў, ён далучаецца да заходнебеларускіх камуністаў, якія вядуць барацьбу за нацыянальную і сацыяльную справядлівасць. Асабіста я не маю сантыментаў да камуністычнай ідэалогіі, але разам з гэтым трэба правільна расстаўляць акцэнты — у Заходняй Беларусі КПЗБ была якраз адной з тых арганізацый, якія змагаліся за правы беларусаў”.
О, гэтыя маладыя паэты! Раней яны прыходзілі ў літаратру з падполля, а зараз у большасці сваёй – з філфакаў. На старонках красавіцкай “Маладосці” ўвазе чытача – творчасць хірурга Зміцера Крэса, які арудуе словам, як скальпелем:
Я загаіў душу маўчаннем.
Я сцішыў гоман мітусні —
І прывід з’едлівай хлусні
Адвагай шчырасці пазбыты,
Як сон, вадою ўранні змыты.
Я загаіў душу маўчаннем —
Так грэх слязой бывае біты
І, калі шлях дабру адкрыты,
З карэннем выдзерты з душы.
Між тым, “Маладосць” не была б “Маладосцю”, калі б на яе старонках не друкаваліся філолагі. Кранальная проза Кацярыны Мядзведзевай сагрэе, як глыток гарбаты з бергамотам, якую так любіць аўтарка. Абавязкова пачытайце яе “Агеньчык”: “Цішш часта думала пра тое, чаго не было ў яе самой. Напрыклад, пра тое, як людзі знаходзяць адзін аднаго, як яны жывуць разам. Адносіны некаторых падобныя на іголку з ніткай. Іголка ўтыкаецца ў тканіну, нітка паслухмяна паўзе следам па пракладзенай дарожцы і замацоўвае пачатае. Іншыя адносіны падобныя на кроплі, якія дзяўбуць камень, — там адзін увесь час спрабуе змяніць другога, і паступова яму гэта ўдаецца. А стасункі Янкі і Ціма падобныя на феерверк: яркі выбліск — а потым цішыня, пакуль нечая нябачная рука не запусціць наступную ракету”.
Але перадусім красавіцкая “Маладосць” фантастычная, а які фантастычны нумар без любімага мільёнамі Толкіна! Святлана Курганава паспрабавала скласці вобраз пісьменніка з урыўкаў яго лістоў і, акрамя таго, паразмаўляла з сапраўднымі талкіеністамі. У сваю чаргу Кацярына Светластражава зрабіла вялікі агляд экранізацый, знятых па творах класіка. Фантастыка!