Населеных пунктаў з назвай Трылесіна (Трылесін) у Беларусі дастаткова шмат. Гісторыя, якую мы хочам распавесці, тычыцца таго Трылесіна, што знаходзіцца ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Зараз гэта аграгарадок з насельніцтвам паўтары тысячы чалавек, вадасховішчам, прыродным помнікам «Трылесінскія волаты», сярэдняй школай і домам культуры. Увогуле, усё як у ва ўсіх — не лепш, але і не горш, — піша «Планета Беларусь».
На пачатку ХХ стагоддзя гэтае Трылесіна ўваходзіла ў склад Чавусаўскага павета Магілёўскай губерні. Уладальнікам маёнтка, як паведамляе «Спіс населеных месцаў Магілёўскай губерні», схільны эканоміць прастору для друку, быў «дв. Я. де Лигуори, кат.». З гэтай «шыфроўкі» пэўна можна зразумець толькі тое, што ўладальнік быў каталіком і меў нязвыклае для тутэйшых месцаў італійскае прозвішча. Зрэшты, чаму ж уладальнік? «Дв.» можа азначаць як «дваранін», так і асобу жаночага полу — «дваранка». А якія, уласна, італійскія імёны пачынаюцца на «Я.»? На розум, нажаль, не прыходзіць нічога...
Як апынулася, італійскія меналогіі вывучаць і не трэба. Уладальніцай маёнтка Трылесіна была Ядвіга дэ Лігуоры. Дакладней, Ядвіга Лігуоры дэ Прэзічы. Гучнае італійскае прозвішча яна ўзяла пасля шлюбу, а ад нараджэння была дачкой беларускага шляхціца Алаізія Хлюдзінскага і яго жонкі Марыі з роду Солтанаў. Калі ў 1911 годзе варшаўскі часопіс «Wieś ilustrowana» («Ілюстраваная вёска») змясціў фотаздымак парку ў Трылесіна, яго ўладальніцу так і пазначылі ў подпісы: «Княгіня Ядвіга з Хлюдзінскіх Лігуоры дэ Прэзічы».
Парк у Трылесіна. Фота з часопіса «Wieś ilustrowana». 1911 г.
Трылесіна Ядвіга атрымала ў спадчыну яшчэ ад свайго дзеда Аляксандра Солтана (Перасвет-Солтана), правадыра дваранства Магілёўскай губерні. Дзед быў чалавекам амбіцыйным, і, маючы сродкі жыць з размахам, у 1840-х гадах замовіў архітэктару Адаму Ідзькоўскаму праект на перабудову сваёй сядзібы. Праект захаваўся да нашых дзён.
Праект на перабудову сядзібнага дома Солтанаў у Трылесіна. Архітэктар А. Ідзькоўскі. 1847 г.
Як бачым, задуманы праект быў з размахам. Рэзідэнцыя з вежамі, галерэямі, пераходамі і зімовым садам выглядала, хутчэй, як маёнтак магната ў прадмесці вялікага горада, куды на балі, літаратурныя і музычныя вечары часта збіралася мноства гасцей. Але насамрэч ад Трылесіна да бліжэйшага вялікага горада — губернскага Магілёва — было нават птушыным палётам паўсотні вёрст, а бліжэйшыя суседзі-памешчыкі наўрад ці асабліва цікавіліся навінамі літаратуры і мастацтва. Таму ці то з гэтых, ці то з якіх іншых прычынаў праект застаўся толькі на паперы.
Але і стары трылесінскі дом быў збудаваннем неардынарным. Архітэктар, які складаў новы праект, на плане пазначыў яго контуры больш цёмным колерам, з чаго відаць, што новае аблічча будынка павінна быў толькі дапоўніць існаваўшую старую канструкцыю, пазначаную светлым тонам.
План і адзін з фасадаў дома Солтанаў у Трылесіна. Архітэктар А. Ідзькоўскі. 1847 г.
Ніводнага фота старога дома ў Трылесіна да нас не дайшло. Але захавалася яго апісанне, якое пакінула ўнучка Ядвігі дэ Лігуоры Крысціна Унехоўская-Дэмбінская. Дзяўчынка не раз бачыла яго выявы ў альбоме сваёй бабулі: «Трылесіна. Ужо сама назва гаворыць аб тым, што гэта былі лясныя ўладанні, і нават тройчы лясныя. Вялізныя і заможныя. Жылося там нябедна. Па-панску. Дзякуючы лясам. На фотаздымках трылесінскі дом выглядаў вялікім, амаль квадратным, трохпавярховым, абабітым шырокімі дошкамі, неафарбаванымі і нетынкаванымі, якія былі выкладзены пад рознымі кутамі, што стварала арнамент сценаў. Уздоўж другога паверха вакол дома цягнуліся ў выглядзе галерэі драўляныя гаўбцы, якія паводле моды «рускіх дач» абапіраліся на драўляныя простакутныя слупы, а не на каржакаватыя калоны, як у Польшчы». Што ж, падобна, ідэю з гаўбцамі на драўляных слупах на ўзроўні другога паверха архітэктар сапраўды запазычыў для свайго праекту ўжо ў існуючай канструкцыі.
Гады юнацтва Ядвігі Хлюдзінскай і яе брата Уладзіслава мінулі ў Пецярбургу. Дзяўчына захаплялася архітэктурай горада, сталёвымі водамі Нявы і мроямі белых ночаў. А яшчэ разнастайным музычным жыццём сталіцы імперыі. І нават спрабавала ствараць музыку самастойна. Пазней, калі яна стане ўжо дэ Лігуоры, у зборніку «Z okolic Dźwiny» («З ваколіц Дзвіны») будуць надрукаваныя ноты двух яе музычных твораў — «Valse triste» («Сумны вальс») і «Sérénade slave» («Славянская» серэнада").
Княгіня Ядвіга Лігуоры дэ Прэзічы і ноты яе «Сумнага вальса». Са зборніка «Z okolic Dźwiny». 1912 г.
Калі, паводле звычая маладых людзей таго часу, брат Ядзвігі выправіцца ў замежнае падарожжа ў Італію і дабярэцца да Венецыі, там ён сустрэне свой лёс, дачку мясцовага заможнага роду Эму Паўлучы. І калі Уладзіслаў са сваёй нарачонай ужо будуць рыхтавацца да вяселля, яны запросяць у Венецыю Ядзвігу, абяцаючы ёй незабыўныя ўражанні — набліжаўся час знакамітага венецыянскага карнавалу.
Ядвіга прыехала ў Венецыю. І на карнавале сустрэла князя Фердынанда дэ Лігуоры, у якога незваротна закахалася. Князь адказаў ёй такім жа палкім пачуццём. Пераадолеўшы ўсе цяжкасці (дэ Лігуоры да таго часу ўжо быў заручаны з вельмі заможнай амерыканкай), маладыя пабраліся шлюбам. І пераехалі жыць у родавое гняздо дэ Лігуоры — мястэчка Марыянэлі каля Неапаля.
Вокладка кнігі Крысціны Унехаўскай-Дэмбінскай «Венецыянскі апокрыф» (Варшава, 2004), дзе яна апісвае гісторыю жыцця сваёй бабулі Ядвігі дэ Лігуоры
Марыянэлі — месца нараджэння багаслова і духоўнага пісьменніка XVIII стагоддзя Марыі Альфонса дэ Лігуоры, які ў 1839 годзе быў беатыфікаваны і кананізаваныў 1816 і 1831 гг. адпаведна. З таго часу імя Альфонс стала культывавацца ў сям’і Лігуоры.
Марыя Альфонс дэ Лігуоры (1697–1787)
«Я выхвалялася: «Мой прапрапрадзед — святы», — піша Крысціна Унехоўская. — Праўда, святы Альфонс быў толькі братам па прамой лініі майго прапрапрадзеда Джузэпэ, які вельмі па-снабісцку ажаніўся з Ганнай з дома Сфорца. Каралева Бона напэўна не была прапрабабкай па прамой лініі маёй прапрабабкі Ганны. Хоць, без сумневу, шлюб з паннай Сфорцай быў для Лігуоры прэстыжным».
Князь Фердынанд дэ Лігуоры апынуўся вялікім аматарам падарожжаў. Ён любіў падарожжы настолькі моцна, што, нягледзячы на палкае пачуццё да маладой жонкі, адправіўся ў паездку ўжо на другі дзень пасля вяселля. І — адзін. Ад’езды і потым здараліся даволі часта. А калі маладыя ўжо чакалі прыйсця ў свет свайго першага дзіцяці, Ядвіга ўзбунтавалася. Спачатку яна з’ехала ў Венецыю, дзе нарадзіла дачку Марыю-Асунту, а потым вырашылася на адчайны крок — разам з немаўлём, не маючы на тое згоды мужа, вярнулася ў Трылесіна. Не назаўжды, беражы Божа, а толькі на час, каб выгадаваць дачку. Прынамсі, так яна прасіла перадаць мужу.
Князь Фердынанд, даведаўшыся, што жонка з’ехала кудысьці на задворкі цывілізаванага свету, вырашыў скарыстаць сітуацыю для... свайго чарговага падарожжа. Ён паехаў адкрываць новыя мясціны — белую пляму на мапе, невядомую яму краіну. Дабраўся да Трылесіна і некалькі зімовых месяцаў прабыў у маёнтку. З цікаўнасцю вывучаў наваколле, шмат ездзіў коньмі. Адмыслова дзеля яго Ядвіга ладзіла ў Трылесіна балі і паляванне на ваўкоў. Паразуменне паміж мужам і жонкай быццам бы аднавілася, і абодва разам вярнуліся ў Італію. У наступным 1896 годзе ў Венецыі ў іх нарадзілася другое дзіця — сын, які атрымаў ганаровае родавое імя Альфонс.
Пазней Ядвіга ўсё ж разышлася са сваім мужам. Жыла з дзецьмі ў Венецыі. Рэвалюцыя 1917 года пазбавіла яе маёнтка Трылесіна і ўсіх прыбыткаў. У пачатку 1920-х разам з сям’ёй брата княгіня Ядзвіга дэ Лігуоры вымушана была перабрацца ў Варшаву, дзе яна і памерла ў 1938 годзе. У Варшаве засталіся жыць яе дачка Марыя-Асунта, якая пабралася шлюбам з мастаком Антоніям Уняхоўскім, і ўнучка Хрысціна, якая стала пісьменніцай і пераказала гісторыю мала каму сёння вядомага Трылесіна і жыцця «дв. Я. дэ Лігуоры».
Марыя-Асунта Унехоўская з дачкой Хрысцінай. Варшава, 1935 г.