Тэрмін думскролінг пачаў з’яўляцца ў інфармацыйнай прасторы ў 2017 — 2018 гадах. Паходзіць ад ангельскіх «нядоля, гібель» і «прагортваць кантэнт». Абазначае схільнасць пастаянна чытаць, (глядзець, слухаць) дрэнныя навіны.
Крыніца: vogazeta.ru
Пра тое, у чым прычыны з’яўлення гэтай шкоднай звычкі і як яна ўплывае на мозг, мы распавядалі раней. А сёння раскажам, што рабіць, каб ад яе пазбавіцца. Якія простыя і даступныя кожнаму рэчы і дзеянні, могуць вам дапамагчы перажыць складаныя часы і пераадолець залежнасць ад негатыўных навін, разбіраем на трох узроўнях.
1. Розум
Крыніца: humandesign-ua.blogspot.com
Думскролінг дае адчуванне, што вы ўсё трымаеце пад кантролем. І частае «апраўданне» ночы, праведзенай за гартаннем дрэнных навінаў — «ну я ж мушу быць у курсе спраў!». Насамрэч, ніякага кантролю над сітуацыяй гэта вам не дасць.
Каб сапраўды валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй, трэба праглядзець шмат розных крыніц. Прычым, гэта мусяць быць аўтарытэтныя і рознаскіраваныя крыніцы. А пасля яшчэ і самому трэба будзе добра прааналізаваць атрыманую інфармацыю і прыйсці да пэўнай высновы.
Думскролінг, наадварот, прыносіць хаос і мітусню ў вашыя думкі. А яшчэ — часта адчуванне поўнай безвыходнасці і роспачы, расфарбоўвае свет змрочнымі танамі.
Выйсце — абмяжоўваць час на чытанне/прагляд навінаў і ўсвядомлена ставіцца да падбору крыніц, адкуль вы іх бярэце. 2 гадзіны пасля прабуджэння і за 2 гадзіны да сну не чытайце навінаў увогуле. Свет не перакуліцца за гэты час. А, калі і перакуліцца, вам пра гэта абавязкова паведамяць.
А кантроль над сітуацыяй і сваімі думкамі вам дапамогуць вярнуць наступныя практыкі.
- Планаванне. Зрабіце расклад свайго жыцця на бліжэйшы час. Складзіце спісы неабходных і прыемных дзеянняў. Прапішыце рэжым дня ці тыдня. Такая дзейнасць верне ваш мозг у стан адноснага спакою і працаздольнасці.
- Разбіванне свайго ўсё «дрэнна» на складнікі. Прагаварыце па сферах і пунктах дакладна, што менавіта дрэнна (напрыклад, магу згубіць працу, будзе патрэбна з’ехаць і г.д.). На кожны пункт прыдумайце 2-5 варыянтаў паляпшэння сітуацыі. Гэта таксама супакоіць ваш мозг і прымусіць яго папрацаваць у пазітыўным ключы. Ды й, разбіраючы свой стан па сферах, вы ўпэўніцеся, што не ўсё дрэнна. Абавязкова знойдзецца сфера, дзе хаць штосьці будзе добра. Шукайце такіх зачэпак пабольш.
- Выходзячы ў сацыяльныя сеткі, праглядайце творчыя профілі. Шукайце тое, што вас натхняе, нейкі навучальна-адукацыйны кантэнт. Тады ваш інфармацыйны калідор будзе поўніцца не толькі дрэннымі навінамі. І вы будзеце даваць перапынкі свайму мозгу і адпачынак ад негатыву.
2. Цела
Стрэс, паніка і іншыя непрыемныя рэчы, якія выклікаюцца ў нас дрэннымі навінамі, даюць свае адбіткі і на цела. Выпрацоўваюцца гармоны стрэсу: адрэналін, картызол. З-за пастаянных думак пра жахлівыя падзеі і чаканні, што і ў цябе такое будзе, губляецца апетыт, прыходзіць бессань. Усё гэта вельмі моцна падрывае здароўе.
Таму, падчас моцных пераменаў і хваляванняў у жыцці, вельмі важна клапаціцца пра сваё цела. Дапамажыце яму пазбавіцца ад стрэсавых гармонаў. Яны таксама ў нас «эвалюцыйныя» і прызначаны для цягліц, каб у выпадку небяспекі альбо хутка збегчы, альбо напасці на ворага. Ад навінаў не збяжыш, іх не выклікаць на бойку. Таму — хадзіце, бегайце, плавайце, скачыце... карацей — варушыцеся так актыўна, як дазваляе вам стан здароўя. Фізічныя нагрузкі «спаляць» непатрэбныя гармоны і яны не прынясуць шкоды арганізму.
Абавязкова сачыце за рэжымам харчавання. У складаны перыяд пастарайцеся перайсці на больш здаровую ежу. Выключыце ці зменшыце спажыванне шкодных прадуктаў.
Памятайце пра сон і адпачынак. Калі вас усё ж напаткала бессань, завядзіце сабе кніжкі-засыналкі (напрыклад, 6 тамоў «Гісторыі філасофіі»). Можна таксама выкарыстоўваць водныя працэдуры, супакойваючыя водары, рэлакс-масажы, медытацыі — шукайце тое, што дапаможа менавіта вам.
Сачыце за сваёй позай — выпроствайце спіну, падымайце падбароддзе. Цягам дня адсочвайце сваё дыханне — падыхайце глыбока і спакойна хаця б 3 — 5 хвілін і ваш стан зменіцца да лепшага.
3. Эмацыйная сфера
Крыніца: vip-divan.su
На яе дрэнныя навіны аказваюць проста неверагодны ўплыў, а ад яе стану залежыць увогуле якасць вашага жыцця. Таму вельмі важна ўтрымліваць баланс: калі навіны выклікаюць у вас жах, злосць і д.п., шукайце тое, што падорыць радасць, спакой.
У гэтым вам дапамогуць:
- Пазітыўнае чытво. Выдзеліце час не толькі на навіны і іх аналіз, а і на мастацкую літаратуру, лёгкія ці смешныя гісторыі і інш.
- Медытацыі. Ментальныя падарожжы, напаўненне сябе пазітыўнымі думкамі і верай у лепшую будучыню таксама спрыяе эмацыйнаму балансу.
- Мапа жаданняў. Зрабіце на вялікім аркушы калаж з таго, пра што марыце. Павесьце яго так, каб вы яго бачылі, засынаючы і прачынаючыся. Штодня любуйцеся і ўяўляйце сябе «там» па 5 — 10 хвілін зранку і перад сном.
- Любая творчасць і вашыя захапленні. У складаныя часы мы часта забываемся на тое, што любім, а дарма. Творчасць і любімая справа падтрымаюць вас.
- Абдымкі. З блізкімі людзьмі, з хатнімі гадаванцамі, з дрэвамі ў парку. Тактыльныя адчуванні спрыяюць выпрацоўцы сератаніну — гармону шчасця. Не пазбаўляйце сябе гэтага.
Такія простыя рэчы і дзеянні падтрымаюць вас у складаныя часы.
Вікторыя Лебедзева, budzma.org