Савецкага Саюза ўжо даўно няма, а ў Беларусі і па сённяшні дзень працягваюць адзначаць 23 лютага як Дзень абаронцы Айчыны: прычым як на дзяржаўным узроўні, так і на побытавым. Для большасці людзей у Беларусі гэтая дата асацыюецца проста з мужчынскім днём, калі віншуюць усіх, нягледзячы на прафесію і ўзрост, службу ў войску альбо яе адсутнасць. Распавядаем гісторыю гэтай даты і спрабуем разабрацца, якое дачыненне яна мае да Беларусі і ці варта яе адзначаць.
Дата міфічнага гераізму
Гэтую «гераічную» дату мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. У савецкія часы па ўсёй вялікай краіне 23 лютага адзначаўся як «Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флота» і звязваўся з падзеямі 1918 года. Згодна з савецкай гістарычнай літаратурай, у гэты дзень у 1918 годзе першыя вайсковыя фармаванні бальшавікоў далі рашучы адпор нямецкім салдатам пад Псковам. Дастаткова крыху пакорпацца ў інтэрнэце для таго, каб зразумець, што дата «зацятага змагання» міфічная і ніякім чынам не звязана з беларускай арміяй, ды і рашучага адпору ворагу маладыя вайсковыя фармаванні РСЧА (Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія) не аказалі.
Атрад Пуцілаўскага завода, які прымаў удзел у баях супраць кайзераўскіх войскаў. Крыніца: wikipedia.org
Як вядома, Часовы ўрад быў зрынуты камуністамі падчас узброенага паўстання 25—26 кастрычніка (7—8 лістапада па новым стылі), і адпаведна кіраванне арміяй на франтах Першай сусветнай вайны было ў іх руках. 4 снежня 1917 года ў мястэчку Солы пад Смаргонню немцы і бальшавікі заключылі перамір’е на Усходнім фронце на два месяцы. Пасля заканчэння тэрміну міру 18 лютага распачалося чарговае наступленне нямецкіх жаўнераў на пазіцыі рускіх войскаў. 21 лютага нямецкія палкі ўзялі Рэжыцу і Дзвінск (сённяшнія латышскія гарады Рэзэкнэ і Даўгаўпілс). 23 лютага нямецкія вайсковыя часткі ўвайшлі ў Пскоў і ўжо ўвечары 24 лютага авалодалі горадам цалкам. Такім чынам, практычна ніякага супраціву савецкія фармаванні не змаглі аказаць кайзераўскім салдатам. Захапіўшы Пскоў, Талін і Тарту, немцы 25 лютага спынілі сваё наступленне.
Манумент у гонар першых баёў Чырвонай арміі ў Пскове. Крыніца: wikipedia.org
Дата 23 лютага заўважная і тым, што ў гэты дзень нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў ноч на 24 лютага прынялі на ўмовах праціўніка. Такім чынам, бальшавікі не перамаглі немцаў, а капітулявалі перад імі.
Мінск быў заняты кайзераўскімі войскамі
Што ж адбывалася ў гэты час на беларускіх землях? Як вышэй адзначалася, прыкладна 18 лютага 1918 года пачалося наступленне па ўсёй лініі Усходняга фронту. Мінск немцы занялі без бою 21 лютага, а 25 лютага ўжо занялі Барысаў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з Мясніковым разам з салдатамі ратавалася ўцёкамі ў Смаленск. Цікава, што немцы не мелі вялікай колькасці салдат на Усходнім фронце, бо большая частка палкоў была перакінута на Захад, дзе яны цярпелі паразу за паразай і наступы на гарады былой Расійскай імперыі здзяйснялі невялікімі атрадамі, часта са 100-200 чалавек, якім бальшавікі не маглі супрацьстаяць і сыходзілі з гарадоў.
Генерал фон Эйгарн у акупаваным Мінску. Люты 1918 год. Крыніца: http://afbeeldingen.gahetna.nl
Вядомая многім дата 3 сакавіка 1918 года, калі была падпісана Брэст-Літоўская мірная дамова, згодна з якой беларускія землі па лініі Дзвінск — Ліда — Пружаны — Брэст-Літоўск адыходзілі да Германіі, а частка Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі (большая частка сённяшніх Брэсцкай і Гомельскіх абласцей) перадавалася УНР (Украінскай Народнай Рэспубліцы). Нават пасля падпісання дамовы нямецкія войскі амаль год знаходзіліся ў Мінску і сышлі толькі ў снежні 1918 года пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Нямеччыне і аб’яўленні Веймарскай рэспублікі (9 лістапада), а ў хуткім часе (11 лістапада) і падпісанай капітуляцыі Нямеччыны ў Камп’енскім лесе (Францыя). Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай Камп’енскае перамір’е. Толькі пасля карэнных зменаў у краіне, нямецкія ўлады вывелі свае войскі з беларускай зямлі.
Пасяджэнне дэлегацый у Брэсце. Крыніца: wikipedia.org
Такім чынам, бачна, што дата 23 лютага 1918 года да Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення наогул не мае. Больш за тое, бальшавікі нават не паспрабавалі абараніць беларускія землі, калі адчулі сур’ёзную пагрозу з боку нямецкіх войскаў, якія здолелі прасунуцца ажно на ўсход да Быхава і Магілёва.
Калі беларусам адзначаць Дзень абаронцы Айчыны
Воляй лёсу менавіта на 23 лютага ў гісторыі рэспублікі прыпадае яшчэ адна дата — прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. Паводле загаду генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга ў гэты дзень пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) — вайсковае фарміраванне для барацьбы супраць бальшавізму, якое было створана падчас нямецкай акупацыі. І гэта адбылося акурат 23 лютага 1944 года. Аднак дата атрымліваецца не зусім адназначнай, бо хоць беларускія часткі БКА ваявалі супраць камуністаў, але нацысты таксама нарабілі шмат няшчасцяў і гора беларусам. Карацей, дата спрэчная і наўрад ці зможа быць успрынята значнай часткай людзей у нашай краіне.
Жаўнеры Беларускай краёвай абароны трэніруюцца страляць. Крыніца: wikipedia.org
Многія патрыятычна настроеныя беларусы прапануюць святкаваць Дзень беларускай вайсковай славы, як гэта было зроблена 8 верасня 1992 года, калі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу на плошчы Незалежнасці ў Менску ўрачыста прысягнулі на вернасць роднай краіне і народу. Менавіта 8 верасня 1514 года адбылася вядомая падзея, калі 30-тысячнае войска ВКЛ, пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага, разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска на рацэ Крапіўне каля Оршы.
Бітва пад Оршай, палатно невядомага аўтара. Крыніца: cyfrowe.mnw.art.pl
Некаторыя прапаноўваюць зрабіць 27 лістапада Днём беларускай вайсковай славы, калі ў 1920 годзе ўспыхнула самая масавае на Беларусі антыбальшавіцкае Слуцкае паўстанне.
Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Крыніца: racyja.com
Трэба адзначыць, што нават дата 3 ліпеня, якая з’яўляецца афіцыйным Днём незалежнасці Беларусі, нашмат болей пасуе з пункту гледжання гісторыі і здаровай логікі для святкавання дня беларускіх узброеных сілаў, чымся 23 лютага.
Калі святкуюць «Дзень абаронцы Айчыны» ў некаторых краінах былога СССР:
• У Латвіі святкуецца свой дзень абаронцы Айчыны. Ён называецца Дзень Лачплесіса (Lāčplēša diena) альбо Дзень памяці загінулых герояў. Гэты дзень звязаны з наступленнем германа-рускіх войскаў Бярмонта-Авалава (Заходняя добраахвотніцкая армія) на Рыгу ў 1919-м, што было адбіта нацыянальнымі ўзброенымі фармаваннямі маладой латышскай дзяржавы.
• У Літве Дзень Узброеных сіл святкуюць 23 лістапада, бо менавіта ў гэтую дату ў 1918 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Літвы Аўгусцінас Вальдэмарас падпісаў загад, які паклаў пачатак фармаванню літоўскага войска.
• Ва Украіне пасля распаду Савецкага Саюза з 1993 г. днём Узброеных сіл Украіны стаў дзень 6 снежня, калі ў 1991 г. Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон «Аб Узброеных сілах Украіны». Разам з тым у 1999 г. «Днём захисника Вітчизни» ўказам Кучмы стаўся дзень 23 лютага. Рэзкія змены палітычнай абстаноўкі ў краіне запусцілі імклівыя працэсы дэсаветызацыі і ўкраінізацыі. На хвалі гэтых працэсаў былы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў 2014 г. прымае рашэнне адмяніць дату 23 лютага як Дзень абаронцы Айчыны і прызначыць яго на 14 кастрычніка. Гэтая дата лічыцца пачаткам заснавання УПА (Украінскай паўстанцкай арміі) і днём украінскага казацтва.
• У Малдове Дзень нацыянальнай арміі Малдовы адзначаецца 3 верасня. Гэтая дата звязана з падпісаннем першым прэзідэнтам Малдовы Мірчам Снегурам у 1991 г. указа «Аб утварэнні ўзброеных сіл».
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org