Пісьменніца Яна Вольская разважае пра складанае філасофскае пытанне, на якое мусяць адказваць сёння вельмі многія беларусы — з’ехаць альбо застацца. Ці ёсць тут правільны адказ? Якую цану мы плацім за свой выбар?
Некалі ў Беларусі ў старэйшых клясах школы, а пазьней у каледжах і інстытутах перад навучэнцамі ставілі адвечнае філязофскае пытаньне: што першаснае — сьвядомасьць альбо быцьцё? Калі ты выбіраў адказ, што першаснае быцьцё, то залічваўся ў матэрыялісты. Калі ж для цябе першаснай рабілася сьвядомасьць, то ў ідэалісты.
І матэрыялісты, і ідэалісты аргумэнтуюць, спрачаюцца і даказваюць сваю кропку гледжаньня. Спрэчка гэтая цягнецца, далібог, стагодзьдзямі. У найноўшай Беларусі і матэрыялісты, і ідэалісты, і людзі, далёкія ад філязофіі, сутыкнуліся з рэальнасьцю, якая паставіла перад імі іншае пытаньне. Ня менш глыбокае і ня менш амбівалентнае. З’ехаць альбо застацца?
Шмат каму ў Беларусі давялося вырашыць гэтае філязофскае пытаньне не абстрактнымі разважаньнямі, а насьпех сабранай валізкай з самымі неабходнымі рэчамі, а часам і зусім бязь іх — ці то з адным ноўтбукам і тэлефонам у руках, ці то на руках з дзецьмі, ці, наогул кінуўшы ўсё, і вельмі матэрыялістычна адчуць вельмі ідэалістычны пачатак «Боскай камедыі»: «Свой шлях зямны, прайшоўшы напалову, я апынуўся ў змрочным лесе».
Пры гэтым лес мог быць цалкам сапраўдным — з калючым дротам на мяжы і няпэўнасьцю ў кожным кроку.
Некаторым, за выключэньнем пакуль аднаго-адзінага выпадку нечаканага і неверагоднага «грамадзянскага непадпарадкаваньня», дык і магчымасьці зрабіць выбар не пакідалі — а проста везьлі ўсё паўз той жа «змрочны лес» бэз дакумэнтаў і з завязанымі вачыма.

Ёсьць тыя, хто выбраў застацца, але жыве нібы з завязанымі вачыма. І пакуль вочы нібы завязаныя, у вушы шчодра ліюцца і мова, і песьні, і ідэі суседняе краіны, якія вядуць іх за сабою.
І пакрысе і мовы, і песень, і ідэяў гэтае суседняе краіны робіцца ўсё болей і болей. А яны ўсё слухаюць і слухаюць, і ідуць, і ідуць.
Ёсьць і тыя, хто выбраў застацца, і каму ня вочы завязалі, а зьвязалі па руках і нагах. І вочы іхнія толькі павялічваюцца ад таго, што адбываецца навокал. І нагадваюць яны сярэднявечныя ідэалістычныя партрэты зь вялікімі вачыма, якія сымбалізуюць важнасьць духоўнага, а не зямнога жыцьця.
З’ехаць і праходзіць усе колы эмігранцкага пекла жыцьця — легалізацыю, пошукі працы ці асвойваньне новай прафэсіі, тугу і крызы, здым жытла, пераезды, рэдкія сустрэчы зь сябрамі і блізкімі альбо сустрэчы зь сябрамі і блізкімі толькі па відэа, новыя мовы, новыя дакумэнты, новыя падарожжы, новыя звычкі.
Застацца і праходзіць усе колы мяйсцовага пекла жыцьця — цэнзуру і самацэнзуру, падзамочныя допісы, падчышчэньне кантактаў і гісторыі прыглядаў, VPN, рэдкія сустрэчы з сябрамі, рэдкія падарожжы ў іншыя краіны ці іншыя краіны толькі па відэа з сябрамі, якіх усё больш і больш у іншых краінах і ўсё менш і менш у сваёй.
І, магчыма, у адрозьненьне ад школьнага пытаньня пра першаснасьць — быцьця альбо сьвядомасьці, гэтае новае беларускае пытаньне ня мае адназначнага адказу.
Бо кожны адказ на гэтае пытаньне аплачваецца стратай.
І кожны, хто быў вымушаны адказаць — з’ехаўшы ці застаўшыся — ужо заплаціў за гэта сваю цану.
Яна Вольская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org