Мастака затрымалі 30 сакавіка 2021 году, суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі. У канцы 2022 году Пушкіна з калёніі перавялі ў горадзенскую турму.
11 ліпеня праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на жонку палітзьняволенага мастака паведамілі пра яго сьмерць у лякарні Горадні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Алесь Пушкін знаходзіўся ў горадзенскай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі пад аховай міліцэйскага канвою.
Алесь Пушкін пасьля вызваленьня з турмы на вуліцы Акрэстціна ў Менску, 14 жніўня 2020
Свабода пагутарыла са сваячкай палітвязьня, блізкі чалавек якой ведаў Алеся Пушкіна па івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Там мастак адбываў пакараньне да пераводу ў горадзенскую турму. Марына (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала пра стаўленьне да палітвязьня ў калёніі.
«Яго моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову»
«Алеся моцна прэсавалі ў «Воўчых норах» супрацоўнікі калёніі. Таму што ён не ад сьвету гэтага, ён творчы чалавек. Там жа, у калёніі, трэба хадзіць толькі ў суправаджэньні канвою ці строем, выконваць усе патрабаваньні. А ён недзе мог забыцца, недзе пайсьці адзін, без канвою, проста ад такой творчай натуры і разгубленасьці. Алесь мог забыцца, што ў яго алоўкі ці альбом «лішні» ў тумбачцы. А канвойныя і стукачы гэтым карысталіся і вешалі на яго парушэньне за парушэньнем, кідалі то ў ШЫЗА, то затым у ПКТ», — расказала суразмоўца.
Яна дадала, што ціснулі на мастака і за беларускую мову. «Бо канвою беларуская мова не падабалася, а Алесь не хацеў пераходзіць на расейскую зь імі», — зазначыла Марына.
Суразмоўца расказала, што Алесь маляваў для вязьняў партрэты іх матак, жонак, дзяцей, «нікому не адмаўляў».
«Ён стараўся падтрымліваць іншых вязьняў, быў жыцьцярадасны, добра апавядаў, шмат ведаў, асабліва пра гісторыю Беларусі. Алесь быў вельмі добры, безадказны, але і трохі, па-творчы, наіўны. У калёніі выжываюць людзі такія, больш хітрыя. Алесь давяраў людзям, і нядобрыя маглі гэтым скарыстацца. Вязьні былі на баку Алеся, але канвойныя і стукачы шукалі толькі нагоды, каб павесіць чарговае парушэньне», — кажа Марына.
Яна таксама расказвае, што пасьля пераводу ў «крытую турму» ў Горадні Алесь мусіў там прабыць паўтары года, потым вярнуўся б у калёнію.
«Але ён адбыў там толькі шэсьць месяцаў. Я ведаю ад сваіх крыніц, што ён ня скардзіўся там на здароўе. Яму перадавалі прывітаньне ад вязьняў з Івацэвічаў, бо многія яго памяталі, перажывалі за яго. Я ведаю, што ён быў усьцешаны, яму было прыемна, што пра яго памятаюць», — кажа беларуска.
Як стала вядома Свабодзе, Алесь Пушкін трапіў у горадзенскі шпіталь учора, 10 ліпеня. У ноч з 10 на 11 ліпеня ён памёр.
«Вялікіх праблем са здароўем у Пушкіна не было»
У размове са Свабодай сьмерць мастака Алеся Пушкіна пракамэнтаваў старшыня Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, які сачыў за станам палітзьняволенага за кратамі.
«Усё, што можна пакуль казаць, гэта тое, што жонка паведаміла пра сьмерць Алеся, што, імаверна, магло здарыцца сёньня», — сказаў Сяргей Будкін.
Ён дадаў, што вялікіх праблем са здароўем за кратамі ў Алеся Пушкіна не было.
«Прынамсі не было нічога такога, на што б ён скардзіўся і што можна было б трактаваць як штосьці сур’ёзнае. Таму гэта (навіна пра сьмерць у рэанімацыі. — РС) таксама нас вельмі зьдзіўляе. Застаецца невялікая, але імавернасьць, што гэта няпраўда. Ніякіх пацьверджаньняў, акрамя словаў жонкі. Натуральна, што ў турме і ў бальніцы могуць казаць... Але пакуль ня ўбачылі цела, я б не казаў стопрацэнтна», — мяркуе Будкін.
Алесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі ў зьдзеку з дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).
Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да сьмерці.
«Прывезлі ў бальніцу фактычна пры смерці. Практычна не было шанцаў на выратаванне»
Крыніца, знаёмая з сітуацыяй са смерцю Алеся Пушкіна, расказала MOST, што адбылося ў гродзенскім шпіталі, дзе памёр палітвязень.
У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца:
«Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна пры смерці. У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне. Прабадная язва выклікае востры боль. Таму пацыент адразу звяртаецца са скаргамі. У большасці выпадкаў у чалавека ёсць некалькі дзён для таго, каб ліквідаваць праблему аператыўна. Калі чалавеку своечасова дапамагчы, ён будзе далей жыць. Пасля такіх аперацый пацыента, як правіла, ужо праз пару дзён адпускаюць дадому. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то прабадзенне язвы выкліча перытаніт і пасля сэптычны шок».
«Сітуацыя з Пушкіным? Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, бо такая клінічная карціна выклікае востры боль. Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце», — сказаў суразмоўца Most.
На думку крыніцы выдання, язва ў Алеся Пушкіна магла запаліцца праз турэмнае харчаванне, а таксама праз адсутнасць медыцынскай дапамогі: «Кормяць у гродзенскай турме не вельмі, таксама сітуацыя з медыцынскай дапамогай там на нізкім узроўні. У выніку мы атрымліваем чарговую смерць палітвязня. Нельга замоўчваць пра такое бесчалавечнае стаўленне, беларусаў проста знішчаюць у турмах. Начальнік медыцынскай часткі Гродзенскай турмы Віктар Лутцаў адказвае за своечасовую дапамогу зняволеным. У яго абавязкі ўваходзіць рашэнне аб шпіталізацыі, але, як паказвае сітуацыя, Пушкіна шпіталізавалі вельмі позна».